Нязгасны творчы запал

У гэтыя дні ў сістэме адукацыі нашай краіны адзначаецца 85 гадоў арганізаванай дзіцячай тэхнічнай творчасці. У праграму святкавання ўключаны рэспубліканскі тыдзень пад назвай “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня”, у які ўвайшлі разнастайныя святочныя мерапрыемствы. Завяршаючым акордам святкавання стала правядзенне ўрачыстага пасяджэння ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. На свята былі запрошаны ветэраны тэхнічнай творчасці, кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, педагогі, метадысты, навучэнцы. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык.

85 гадоў! А хто дасць такі сталы ўзрост гэтаму руху?! Ён маладзее з кожным годам, набывае ўсё новыя рысы, новыя плыні, мабільна і аператыўна рэагуе на запыты нашага грамадства, да яго прымыкае ўсё больш і больш таленавітых, творчых дзяцей.
Першая старонка гісторыі тэхнічнай творчасці напісана яшчэ ў далёкім 1929 годзе, калі была створана новая ўстанова пазашкольнага навучання і выхавання — Цэнтральная дзіцячая тэхнічная станцыя. З кожным годам пашыраўся змест тэхнічнай творчасці, расла колькасць яе прыхільнікаў, да яе далучаліся новыя і новыя юныя таленты. Сённяшні дзень тэхнічнай творчасці — гэта фарміраванне і выкарыстанне творчага і прадпрымальніцкага патэнцыялу моладзі, пошук і падтрымка маладзёжных даследчых і інавацыйных ідэй і ініцыятыў. Гэта і з’яўляецца асновай дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
Скіраванасць дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на інавацыйны шлях развіцця выклікана патрэбамі ў гэтым нашай дзяржавы, грамадства і маладога пакалення, адзначае Віктар Віктаравіч Якжык, намеснік міністра адукацыі. Сёння мы назіраем вялікі попыт у дзяцей і моладзі на паслугі дадатковай адукацыі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, радыёэлектронікі, робататэхнікі, штучнага інтэлекту і іншых тэхналогій. У сваю чаргу мы павінны зрабіць упор на развіццё інавацыйнага мыслення ў навучэнцаў, прадаставіць ім магчымасць прайсці свой творчы шлях ад зараджэння інавацыйнай ідэі да стварэння самога вырабу.
— Інавацыйная творчасць — гэта дзейнасць, заснаваная на інавацыйным стылі мыслення, якая прадугледжвае актыўнае выкарыстанне сучаснай тэхнікі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, — расказвае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко. — Таму стратэгічнымі мэтамі дзейнасці цэнтра мы выбралі прыцягненне ўвагі таленавітай моладзі да сферы высокіх тэхналогій, выяўленне і падтрымку творчых навучэнцаў, фарміраванне ранняга прафесійнага самавызначэння і свядомага прафесійнага выбару.
Дырэктар адзначае, што прыцягненне навучэнскай моладзі да тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарства з’яўляецца эфектыўным сродкам у фарміраванні творчай асобы, спрыяе павышэнню ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі маладых рабочых кадраў і спецыялістаў, павышэнню паспяховасці працоўнай кар’еры кожнага з іх. У творчай дзейнасці навучэнцам прывіваецца працавітасць, выхоўваецца сіла волі, настойлівасць, што ўрэшце прыводзіць да большай адаптаванасці ў грамадстве. Ва ўмовах сучаснай вытворчасці маладыя рабочыя і спецыялісты павінны валодаць тымі прафесійнымі якасцямі, якія вызначаюць эфектыўнасць іх дзейнасці, а гэта значыць, творча мысліць, быць схільнымі да рацыяналізатарства і вынаходніцтва, засвойваць сучасныя метады навукова-тэхнічнай творчасці.
А.Г.Серада, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, расказвае, што сёння цэнтр рэалізоўвае адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па тэхнічных, спартыўна-тэхнічных, прыродазнаўча-матэматычных і іншых профілях. У больш чым 200 аб’яднаннях па інтарэсах займаецца каля 3500 выхаванцаў ва ўзросце ад 3 да 20 гадоў. У цэнтры створаны і развіваюцца творчыя, праектна-эксперыментальныя лабараторыі, заснаваныя на інавацыйнай дзейнасці. Пачата работа па ўкараненні праектна-арыентаванага навучання ў аб’яднаннях па інтарэсах, развіццё інжынернага і прадпрымальніцкага мыслення ў дзяцей старэйшага школьнага ўзросту і моладзі. Адкрыты Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі для павышэння якасці навуковай, тэхнічнай, інавацыйнай і адукацыйнай дзейнасці. У інфармацыйным цэнтры будуць рэалізоўвацца асветніцкія праграмы, праводзіцца адукацыйныя, навукова-тэхнічныя мерапрыемствы з удзелам студэнтаў і навучэнцаў, вучоных і практыкаў.
Шэраг мерапрыемстваў праводзіцца цэнтрам ва ўзаемадзеянні з установамі вышэйшай адукацыі, тэхнапаркамі, рознымі грамадскімі і прафесійнымі аб’яднаннямі і арганізацыямі, у тым ліку міжнароднымі адукацыйнымі ўстановамі і арганізацыямі. Гэта кантактна-кааперацыйныя біржы, конкурсы даследчых работ навучэнцаў, рэспубліканскія і міжнародныя выставы, фестывалі, алімпіяды.
А.С.Герасімук, намеснік дырэктара цэнтра, адзначае, што з гэтага навучальнага года цэнтр стаў эксперыментальнай пляцоўкай для рэалізацыі праекта ў галіне робататэхнікі па ўкараненні ў адукацыйны працэс дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі інфармацыйных, камп’ютарных, электронных тэхналогій. Сетка аб’яднанняў у галіне робататэхнікі будзе створана па ўсёй краіне. Ужо вызначаны 40 апорных устаноў адукацыі ў розных рэгіёнах краіны, і такія ж аб’яднанні створаны ў Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай абласцях, у Мінску, Оршы і Наваполацку. Хутка адкрыюцца пляцоўкі па робататэхніцы ў Гродне і Гомелі. Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці стаў пэўным рэсурсным цэнтрам, апорнай пляцоўкай для ўкаранення найноўшых тэхналогій, куды маглі б з’язджацца і вучыцца педагогі дадатковай адукацыі, метадысты.
Сёння ў нашай краіне працуе 23 цэнтры тэхнічнай творчасці, дзейнічаюць падраздзяленні тэхнічнага кірунку ў шматпрофільных установах дадатковай адукацыі. Усе яны эфектыўна развіваюць тэхнічную творчасць сярод дзяцей і моладзі і робяць істотны ўклад у фарміраванне працоўных і творчых навыкаў навучэнцаў.
За 85-гадовую гісторыю тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі для мноства навучэнцаў у гуртках былі закладзены асновы іх творчага патэнцыялу, які яны развівалі ў далейшым сваім жыцці. Многія з выхаванцаў выраслі ў вучоных, кіраўнікоў, сталі інжынерамі, канструктарамі, вынаходнікамі, прадпрымальнікамі, бізнесменамі. Былых гурткоўцаў сёння сустрэнеш на міжнародных бізнес-форумах, на сусветных інавацыйных сімпозіумах, конкурсах і канферэнцыях, дзе яны дастойна прадстаўляюць нашу краіну.
А колькі талентаў было выгадавана ў сферы тэхнічнай творчасці толькі за апошні час! Не пералічыць. Канстанцін Раманчук, навучэнец Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, займаецца ў гуртку астраноміі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці не першы год. За гэты час ён дасягнуў выдатных вынікаў і ўжо не ўяўляе свайго жыцця без заняткаў астраноміяй. Хлопец стаў пераможцам шматлікіх спаборніцтваў, адным з якіх з’яўляецца конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”. Канстанцін — уладальнік некалькіх прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Елізар Кандрашоў, студэнт 1 курса БДУ, займаецца ў астранамічным гуртку, дыпламант шматлікіх конкурсаў, пераможца навуковай канферэнцыі-конкурсу “Адысей. Мы і космас-2013” Еўрапейскага адукацыйнага конкурсу “ODYSSEUS”, арганізаванага Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Ён аўтар артыкула па тэме “Гіпотэзы будавання каметных ядраў”, які ўвайшоў у зборнік даследчых работ удзельнікаў Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага.
Вячаслаў Цайко і Аляксандр Мосін займаюцца ў гуртку “Аўтамадэляванне” і з’яўляюцца прызёрамі многіх рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, майстры спорту. Дзмітрый Якаўлеў і Аляксандр Боб сталі знакамітымі ў нашай краіне і за яе межамі ў авіямадэляванні, а Павел Пігуль, Сяргей Карпік, Яўген Каляда — у суднамадэляванні.
На свята прыехалі ветэраны тэхнічнай творчасці з усіх куткоў Беларусі. Яны стаялі ля вытокаў развіцця і станаўлення тэхнічнай творчасці, некаторыя пачыналі яшчэ ў пасляваенны час, але праз усё жыццё пранеслі свой творчы, наватарскі дух, якім шчодра дзяліліся са сваімі выхаванцамі.
Сярод шаноўных гасцей свята і Ігар Рыгоравіч Шуганаў. Нягледзячы на паважны ўзрост і далёкую дарогу з Брэста, Ігар Рыгоравіч не змог прамінуць нагоду ўшанавання справы ўсяго яго жыцця — тэхнічнай творчасці. Яшчэ ў далёкім 1948 годзе, будучы школьнікам, Ігар Рыгоравіч прыахвоціўся да мадэлявання і стаў паступова развіваць свае здольнасці ў гуртку авіямадэлізму. Потым яго інтарэсы з кожным годам пашыраліся, майстэрства расло — і многія яго мадэлі сталі прызёрамі на спаборніцтвах. Свой вопыт, творчы запал Ігар Рыгоравіч перадаваў выхаванцам, колькасць якіх — тысячы. Многія з іх сталі перадавікамі вытворчасці, кіраўнікамі прадпрыемстваў, навукоўцамі. Ніхто з іх не забудзе, што першую іскрынку творчасці ў іх лёсе запаліў іх настаўнік І.Р.Шуганаў.
— Я ўспамінаю сваё жыццё са шчымлівасцю ў сэрцы, бо справа, якой я займаўся амаль 50 гадоў, прыносіла мне вялікае задавальненне. Я ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары, — пранікнёна дзеліцца сваімі думкамі В.А.Ізюраў, ветэран тэхнічнай творчасці. — Я прыйшоў у гурток мадэлявання яшчэ школьнікам і нават не думаў, што настолькі захаплюся творчымі распрацоўкамі ў мадэляванні.
В.А.Ізюраў у юнацтве лічыўся адным з лепшых мадэлістаў, удзельнічаў у мностве спаборніцтваў самага высокага ўзроўню, атрымаў шэраг узнагарод, якія сёння беражліва захоўвае. Больш за 30 гадоў Валерый Афанасьевіч працаваў дырэктарам Магілёўскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, а цяпер як педагог дадатковай адукацыі з задавальненнем перадае свае ўменні і свой нязгасны душэўны запал юным вынаходнікам. Не забываюць свайго настаўніка і былыя яго выхаванцы, многія з якіх працуюць на прадпрыемствах Магілёва, займаюць высокія пасады, але не цураюцца прыйсці да свайго педагога за парадай альбо з новай творчай ідэяй.
Н.А.Алейнік узначальвае Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі пакуль толькі два гады, але лічыць, што застала самы цікавы перыяд развіцця тэхнічнай творчасці.
— Сёння гэты кірунак набывае зусім новую, сучасную плынь, звязаную з больш цесным перапляценнем творчасці з далейшай працоўнай дзейнасцю нашых маладых людзей, — адзначае Наталля Анатольеўна. — Важна, каб кожны з нашых выхаванцаў зразумеў, што тэхнічная творчасць, вынаходніцтва, наватарства з’яўляецца першым крокам у іх будучую прафесію, дае штуршок да працоўнай дзейнасці, фарміруе актыўную жыццёвую пазіцыю, дазваляе стаць прафесіяналамі сваёй справы і сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.