Нязменны фатограф БДУ

Сваім абліччам Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт абавязаны аднаму чалавеку — фатографу Генадзю Краскоўскаму. Паўстагоддзя Генадзь Аляксандравіч здымае на фотакамеру выкладчыкаў, студэнтаў, навукоўцаў БДУ, ствараючы добрую памяць пра іх. А сам заўсёды застаецца ў цені. На ўніверсітэцкіх фотаздымках можна адшукаць усіх, але толькі не яго. Таму мы вырашылі выправіць гэтую несправядлівасць і зняць на фотакамеру таго, хто здымае іншых.

У кабінеце Генадзь Аляксандравіч сядзіць вельмі рэдка. Часцей ён бярэ свайго вернага сябра — фотаапарат і адпраўляецца на фотаздымкі. А работы для фатографа ва ўніверсітэце многа: камусьці трэба стварыць дыдактычны матэрыял, хтосьці ладзіць дзень нараджэння кафедры, нехта праводзіць канферэнцыю. Генадзь Аляксандравіч нікому не адмаўляе і стараецца трапіць на ўсе мерапрыемствы. Бываюць дні, калі ў Генадзя Аляксандравіча няма часу нават на абед. Затое ніхто лепш за яго не ведае, наколькі багатае на падзеі ўніверсітэцкае жыццё.
Першы раз Генадзь Краскоўскі трапіў у БДУ, калі ў далёкія 60-я гады паступіў на вячэрняе аддзяленне радыёфізічнага факультэта і стаў лабарантам праблемнай лабараторыі паўправаднікоў фізічнага факультэта. У 1967 годзе, калі на фізічным факультэце з’явілася кафедра паўправаднікоў, Генадзь Аляксандравіч уладкаваўся туды тэхнікам.
Скончыць радыёфізічны факультэт па нейкіх прычынах яму не ўдалося. У 1975 годзе пасля службы ў арміі ён прыйшоў на работу ў агульнаўніверсітэцкую фоталабараторыю, якую на той час узначальваў Давід Прэс. Гэтая структура была створана замест 26 маленькіх фоталабараторый. З гэтага часу Генадзь Краскоўскі пачаў займацца любімай справай — фатаграфаваннем. Як вынік — у 1978 годзе стаў другім пасля Давіда Прэса загадчыкам агульнаўніверсітэцкай фоталабараторыі і з’яўляўся ім да нядаўняга часу.
“На той час фоталабараторыя была даволі вялікай, — расказвае Генадзь Краскоўскі. — Пад маім кіраўніцтвам працавала 12 фоталабарантаў і кінамеханікаў, якія абслугоўвалі ўсе падраздзяленні ўніверсітэта. Фоталабараторыя была створана не зусім з творчай мэтай. У нашу задачу ўваходзіла забеспячэнне вучэбнага працэсу. Фотаздымкі і слайды часта служылі наглядным дапаможнікам да практычных і лабараторных заняткаў студэнтаў”.
Генадзь Краскоўскі паказвае фотаздымкі ўсемагчымых рыбак, матылькоў, жукоў, ракавінак, каралаў, манет, птушак, жывёл, гістарычных знаходак, карысных выкапняў, якія ён працяглы час здымаў у дапамогу выкладчыкам розных факультэтаў. Некаторыя з іх знайшлі і іншае прымяненне. Генадзь Аляксандравіч з гонарам дэманструе нататнікі пад назвай “Свет дойлідства”, “Свет птушак”, “Свет манет”, выпушчаныя да 80-годдзя БДУ. Наогул, фатаграфіі Генадзя Аляксандравіча часта выкарыстоўваюцца ў буклетах, насценных календарах і плакатах. Генадзь Краскоўскі часта, асабліва ў маладосці, пасылаў свае фотаработы на рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы, якія выйграваў.
Генадзь Аляксандравіч памятае, як у 7 гадоў самастойна змайстраваў камеру Абскура. Гэтай кардоннай прыладай ён фатаграфаваў на працягу двух гадоў. І самае цікавае, што атрымлівалася! У школе заўважылі яго новае захапленне. Да Генадзя Краскоўскага звярталіся самі настаўнікі, каб ён зрабіў фотаздымкі для школьных насценгазет і стэндаў. Фотасправа спадарожнічала яму і падчас вучобы ў гарадскім прафтэхвучылішчы, дзе ён атрымаў спецыяльнасць наладчыка аўтаматаў і паўаўтаматаў, і падчас службы ў арміі. Фатаграфаванне стала яго жыццём. І ўжо не мае сэнсу разважаць, наколькі выпадковым гэта было. Галоўнае, што яго жаданне здымаць людзей і з’явы прынесла вялікі плён.

Ганна ЛАГУН.
Фота аўтара.