НЮАНСы закулісся

У сярэдняй школе № 7 Барысава ўжо 25 гадоў дзейнічае ўзорны тэатр-студыя “Нюанс” пад кіраўніцтвам таленавітага рэжысёра Зоі Міхалькевіч. Больш за 160 дыпломаў розных ступеней міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестываляў і конкурсаў сведчаць пра майстэрства юных акцёраў. Часта журы адзначае, што яны сапраўдныя і шчырыя ў выкананні сваіх роляў, а таму нікога не пакідаюць абыякавымі. Як жа навучыць сучасных дзяцей шчырасці на сцэне, што галоўнае ў спасціжэнні акцёрскіх азоў, якія спектаклі больш падабаюцца тэатралам-пачаткоўцам і многае іншае абмяркуем з Зояй Міхайлаўнай.

Усе дарогі вядуць у тэатр

Звычайна ў школу прыхо­дзяць працаваць пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта або каледжа. Хтосьці марыць пра педагогіку з маленства і не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі, а таму мэтанакіравана ідзе ўяе. І, стаўшы настаўнікам, застаецца ім назаўсёды. Але бывае і так, што ў школу прыходзяць у даволі сур’ёзным узросце, як наша сённяшняя гераіня, якая ўпершыню пачала працаваць з дзіцячым калектывам у 38 гадоў. І ўжо чвэрц­ь стагоддзя застаецца нязменным кіраўніком і ідэй­ным натхняльнікам школьнага тэатра-студыі “Нюанс”. Дарэчы, назва вельмі сімвалічная, бо ў перакла­дзе з французскай мовы азначае “адценне”. “Дзе, як ні ў тэатры, можна адразу пабачыць усе адценні чалавечых пачуццяў і перажыванняў”, — патлумачыла кіраўнік тэатра.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 7 Барысава Алена Анатольеўна Пракапенка адзначыла, што Зоя Міхайлаўна Міхалькевіч — вельмі адказны, інтэлігентны і творчы чалавек, які моцна любіць дзяцей: “Калі трэба нешта тэрмінова зрабіць за дзень, то яна зробіць, прычым на выдатна. Яна ўся ў творчасці і стварэнні новых пастановак. Працуючы з вучнямі, пастаянна шукае новыя формы работы. Прызнаюся, калі мы праводзім набор у школу, то многія бацькі просяць, каб іх дзіця трапіла менавіта да Зоі Міхайлаўны. Яна вельмі выхаваная, начытаная, разумная — сапраўдны тэатрал, якога ўсе паважаюць і любяць”.

Аднак да “Нюанса”, як і да акцёрскай адукацыі, у Зоі Міхайлаўны быў доўгі і няпросты шлях. Да паступлення ў Ленінград­скі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі (сёння гэта Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў) яна некалькі разоў спрабавала паступіць у іншыя ўстановы. “Калі я вучылася ў школе, то часта была вядучай школьных мерапрыемстваў. І неяк настаўнікі, запытаўшыся, куды я думаю паступаць, параілі ісці ў тэатральны інстытут. Праўда, пасля 8 класа я спрабавала паступіць у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча (зараз — Ваўкавыскі каледж), а пасля 10-га — у Гродзенскі педагагічны інстытут (цяпер гэта Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы), але не паступіла. Пасля заканчэння школы год працавала на Лідскай абутковай фабрыцы і зразумела, што такое займацца нелюбімай справай, — узгадала З.Міхалькевіч. — А потым мая с­трыечная сястра расказала, што збіраецца паступац­ь у Ленінградскі інстытут культуры, і я паехала з ёй. Аднак зноў не паступіла, але пачула, што на другім патоку Ленінградскага дзяржаўнага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі будзе эксперыментальны набор да Зіновія Якаўлевіча Карагодскага — галоўнага рэжысёра Тэатра юных гледачоў Ленінграда. Уявіце сабе, конкурс быў 100 чалавек на месца, але я вырашыла, што нічога не губляю, калі паспрабую. І ў мяне ўсё атрымалася. Відаць, лёсам было наканавана трапіць менавіта ў гэтую навучальную ўстанову”.

Адукацыю Зоя Міхайлаўна атрымлівала ў часы Савецкага Саюза, таму па размеркаванні магла вярнуцца ў родную Беларусь. Але выйшла замуж за ваеннага і паехала з ім на Далёкі Усход, дзе пэўны час працавала дыктарам на тэлебачанні, пасля загадчыцай гарадскога аддзела культуры, паралельна скончыла Хабараўскі дзяржаўны інстытут культуры, атрымаўшы рэжысёрскую спецыяльнасць. І толькі ў 1995 годзе вярнулася на радзіму. “Мы прыехалі ў ваенны гарадок Печы, што ў Барысаве. На жаль, там няма прафесійнага тэатра, затое ёсць тэатр “Відарыс”. Але калі мы глядзім пастаноўкі прафесійных тэатраў, то разумеем, што і мы выступае­м не горш за іх, — падкрэсліла мастацкі кіраўнік “Нюанса”. — Прызнаюся, я ніколі не працавала з дзецьмі. І калі дырэктар сярэдняй школы № 7 з эстэтычным ухілам запрасіла мяне ў якасці педагога па сцэнічнай мове і руху ды акцёрскім майстэрстве, я доўга думала, а пасля згадзілася і ні разу не пашкадавала пра гэта. І з 1996 года не пакідала свой любімы “Нюанс”. Я не хадзіла, а лятала, і за паўтара года наш тэатр стаў вядомым. А ўжо праз 6 гадоў атрымаў ганаровае званне “ўзорны”, што для дзіцячага калектыву вельмі важнае і значнае дасягненне”.

На пачатку сваёй дзейнасці Зоя Міхалькевіч праводзіла спецыяльны экзамен і адбірала дзяцей для свайго тэатра. Зараз сітуацыя змянілася, бо ў школе існуюць тэатральныя і харэаграфічныя класы, таму да яе трапляюць навучэнцы з розных класаў. “Не заўсёды да мяне прыходзяц­ь вучні з адпаведнымі данымі. Гэта нібы выклік, але мне так нават больш падабаецца, калі бачыш, што дзіця нічога не ўмее і паступова ператвараецца ў сапраўднага артыста, — дадала педагог. — 90% дзяцей улюбляюцца ў тое, што робяць на сцэне. Бо тэатр — гэта вірус, не заразіцца якім проста немагчыма! Я заўсёды тлумачу сваім выхаванцам перавагу тэатра перад іншымі відамі мастацтва. Напрыклад, мастак напісаў карціну, і яна застаецца ў плоскасці на стагоддзі, а тэатр кожны раз па-новаму нараджаецца на вачах у гледача. Або ў кіно акцёра знялі і ўсё, на яго аднаго і таго ж будуць глядзець на працягу многіх дзесяцігоддзяў. А ў тэатры ты кожны раз іншы, і гэта выдатна”.

Музычна-тэатральныя гульні

Зоя Міхалькевіч сама з’яў­ляецца актрысай драматычнага тэатра “Відарыс” барысаўскага Палаца культуры імя М.Горкага, бо пераканана, што тэатральнаму мастацтву нельга навучыць, калі бу­дзеш выключна тэарэтыкам: “Іграю, каб не забыць прафесію, бо як можна вучыць дзяцей без пастаяннай практыкі? Да таго ж часам атрымліваецца выдатнае супрацоўніцтва юных і сталых акцёраў у спектаклях для дарослых на вялікай сцэне”.

Вучэбны працэс у тэатры-студыі праходзіць у гульнявой форме. “Мая праграма навучання называецца “Музычна-тэатральныя гульні”. Я ўсяму вучу праз гульнявыя практыкаванні, якія развіваюць памяць, увагу, уяўленне, фантазію, пластыку, рытміку. У тэатры ёсць выраз — глядзець і бачыць, слухаць і чуць. І мае “Музычна-тэатральныя гульні” — гэта сімбіёз акцёрскага майстэрства, сцэнічнай пластыкі і тэхнікі мовы”, — паведаміла педагог.

Нязменны памочнік Зоі Міхайлаўны ў навучанні юных тэатралаў — канцэртмайстар і музычны кіраўнік калектыву Таццяна Уладзіміраўна Парахневіч: “Я заўсёды прыслухоўваюся да яе і вельмі давяраю”. Раней быў і мастак па касцюмах, грымёр і дэкаратар Л.Л.Гудзіліна, але пайшла на пенсію. “У нас выдатная касцюмерная, і пакуль была Людміла Леанідаўна, я вельмі любіла рабіць дэфіле тэатральнага касцюма — гэта даволі складаная справа, бо нашым выхаванцам трэба паказац­ь не сябе, а касцюм, які да таго ж не кожнаму падыходзіць. У нас атрымліваліся цэлыя спектаклі, у час якіх мы паказвалі эпоху, менталітэт, этыкет. Бо тэатр — гэта яшчэ і гісторыя”.

Разам яны за амаль чвэрц­ь стагоддзя паставілі некалькі дзясяткаў спектакляў. А таму сёння рэпертуар “Нюанса” вельмі разнастайны і штогод абнаўляецца. Самым “жыватворным матэрыялам”, на думку Зоі Міхайлаўны, з’яўляецца казка, а таксама класічныя творы. Зразумела, дзеці сталеюц­ь і жанры становяцца больш сур’ёзныя, з’яўляюцца драмы, трагікамедыі, фарсы, фее­рыі, монаспектаклі. “Мы іграем усё! Але мой любімы жанр — казкі, таму што ў іх ёсць усё, у іх узнімаюцца ўсе праблемы чалавецтва. Тут галоўнае — правільна раскрыц­ь казку, — акцэнтавала ўвагу рэжысёр. — Увогуле, мне вельмі блізкі рамантызм, дзеці іграюц­ь добра тое, што разумеюц­ь. Я люблю, калі чалавек любіць, даруе, захапляецца, з­дзіўляецца, таму ў нашых пастаноўках няма ні злосці, ні агрэсіі. А мой любімы тэатральны від — гэта мона­спектакль, калі чалавек на сцэне адзін і мінут 30 трымае залу, што вельмі складана. Монаспектакль — гэта нібыта лакмусавая паперка, якая паказвае, што ты можаш як акцёр. З сотні дзяцей толькі пару чалавек могуць сы­граць яго, звычайна яны пасля і паступаюць у тэатральныя навучальныя ўстановы”.

На думку кіраўніка “Нюанса”, сярод найбольш удалых пастановак — “Сіняя птушка” паводле п’есы М.Метэрлінка. “За якую, між іншым, мы і атрымалі званне ўзорнага на Мінскім абласным фестывалі дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, што ладзіцца ў Любані. “Васіліса Прыгожая”, “Золушка” на польскай мове, “Паненка-сялянка” па А.Пушкіну, “Муха-Цакатуха” паводле К.Чукоўскага, “Альпійская балада” па В.Быкаву — шмат было добрых спектакляў. Увогуле, я заўсёды баюся ставіць пастаноўкі пра вайну, але што тычыцца “Альпійскай балады”, то ў цэнтры твора — каханне беларускага Івана і італьянкі Джуліі, гэтае пачуццё мы і ўзялі за аснову спектакля, — пракаменціравала З.Міхалькевіч. — А яшчэ я вельмі люблю паэзію, і мы часта робім вершаваныя кампазіцыі, шмат увагі ўдзяляем пластычнаму тэатру”.

Пастаянны склад трупы тэатра-студыі “Нюанс” — каля 50 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ў­зросце ад 6 да 17 гадоў. Прычым хлопчыкаў больш, чым дзяўчынак, і, па словах Зоі Міхайлаўны, працаваць з імі прасцей. “Усе мае выхаванцы — саўдзельнікі і стваральнікі спектакляў. Я імкнуся да таго, каб яны самі думалі і фантазіравалі, а прадумваючы ролю, адштурхоўваліся ад сваёй індывідуальнасці, каб быць арганічнымі на сцэне”, — сказала педагог.

За 25 гадоў працы шмат выхаванцаў З.Міхалькевіч сталі сапраўднымі прафесіяналамі ў рэжысёрскай і акцёрскай прафесіі, прычым не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Сярод іх — вядомая актрыса беларускага і расійскага тэатра і кіно Марына Дзянісава: “Гэта мая першая вучаніца, якой я вельмі ганаруся. Спачатку яна была звычайнай дзяўчынкай, але затым нечакана ярка раскрылася ў “Паненцы-сялянцы”, сы­граўшы галоўную гераіню. Затым паступіла ў Акадэмію мастацтваў да Уладзіміра Мішчанчука, выдатна яе скончыла, іграла ў сталічных тэатрах і здымалася ў кіно, выйшла замуж і пераехала ў Маскву, — паведаміла рэжысёр “Нюанса”. — У нашай школе ўжо 10 гадоў прахо­дзіць конкурс чытальнікаў “Слова трепетный порыв”, і апошнія гады Марына — старшыня журы. Я заўсёды падтрымліваю сувязь з выпускнікамі. Многія вучацца ў БДУКМ і БДАМ. Кожны год мае выхаванцы паступаюць на акцёрскія спецыяльнасці, і ў гэтым годзе таксама. Прыемна, калі бачыш плён сваёй дзейнасці. Калі ж выхаванцы не становяцца прафесійнымі акцёрамі, заняткі тэатральным майстэрствам не праходзяць для іх бясследна. Бо тэатр разнявольвае, вучыць быць упэўненым у сабе і адкрытым для зносін з іншымі людзьмі”.

А яшчэ тэатр-студыя спрыя­е ўзаемаадносінам паміж юнымі акцёрамі і іх бацькамі, якія дапамагаюць у падрыхтоўцы касцюмаў і дэкарацый, а часам нават выконваюць асобныя ролі ў пастаноўках: “Бо я не разумею, як школьнік можа сыграць 70-гадовага старога, і тады бацькі далучаюцца да спектакля”, — дадала рэжысёр.

Быў час, калі Зоя Міхайлаўна спрабавала зрабіць тэатр для настаўнікаў: “Тры сезоны запар мы рабілі дарослыя спектаклі з нашымі педагогамі, але, на жаль, больш не атрымалася з-за іх загрузкі. Не ўдалося мне так заразіць настаўнікаў тэатральным вірусам, як дзяцей”, — прызналася яна.

На маё пытанне пра планы Зоя Міхалькевіч адказала так: “Тэатралы — людзі, якія верац­ь у прыкметы, таму пакуль не бу­дзем гаварыць пра планы, але, канечне, пастараемся ярка а­дзначыць наша 25-годдзе”. І пажадала калегам, якія займаюцца дзіцячай творчасцю, цярпення і шчырасці: “Ёсць такі выраз — здавацца і быць. Многія дзяўчынкі хочуць здавацца, і тады яны пазбаўлены арганікі. Вось і акцёру трэба быць арганічным — а значыць, шчырым з гледачом і не ламаць сябе на сцэне. Я перакана, што з дзецьмі трэба заўсёды весці шчыры дыялог, і тады ўсё атрымаецца!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА .