Open-air-даведнік па гісторыі

Манеты, зброя, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і многія іншыя артэфакты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь можна пабачыць на свежым паветры пад адкрытым небам. Пры гэтым ні сонца, ні дождж і ніякія іншыя прыродныя катаклізмы не змогуць пашкодзіць ні адзін рарытэт. А ўсё таму, што яны прадстаўлены ў выглядзе фотаздымкаў на 70 банерах, размешчаных на агароджы Парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў па праспекце Незалежнасці ў Мінску.

На ўрачыстым адкрыцці выставачнага праекта “Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея” дырэктар установы Павел Сапоцька нагадаў, што ў фондах музея знаходзіцца амаль паўмільёна артэфактаў — 58 калекцый. З кожнай адабралі найбольш каштоўныя экспанаты, якія дэманструюць велічнасць і самабытнасць беларускай культуры і фарміруюць маштабнае ўяўленне аб спадчыне і гісторыі нашай краіны. “Місія гістарычнага музея — гэта адраджэнне гістарычнай памяці беларускага народа, тым больш у нашых фондах знаходзіцца практычна ўсё, што звязана з гісторыяй краіны. Наша выстава, работа над якой вялася паўгода, дазваляе жыхарам краіны і замежным гасцям адчуць дух беларускай нацыі і нашу багатую спадчыну, — адзначыў П.Сапоцька. — На кожным банеры, памерам 3 на 2 метры, прадстаўлена ў сярэднім па пяць прадметаў. Такім чынам, больш за 300 музейных артэфактаў зараз дэманструецца на агароджы парку Чалюскінцаў. Мы паказалі асобна і нашы філіялы: Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей I з’езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі, каб у людзей было суцэльнае ўражанне аб нашай установе. Дарэчы, пра кожны экспанат можна прачытаць на беларускай, рускай i англiйскай мовах”.

Над стварэннем экспазіцыі рарытэтаў працавалі як супрацоўнікі музея, так і аўтары праекта “Спадчына Беларусі” Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў, якія паспелі заявіць пра сябе не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі. “Калі мы разам з гістарычным музеем распрацоўвалі канцэпцыю гэтага праекта, то галоўным для нас стала пака­заць прадметы, якія былі створаны на беларускіх землях і менавіта беларускімі майстрамі. Таму шырока прадстаўлены і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і народныя строі, і кераміка, вырабы майстроў залатых спраў, партрэты, нацыянальная ікона, якія разам дазваляюць дакрануцца да нашай гісторыі і культуры”, — патлумачыў Алег Лукашэвіч.

“Фонды гістарычнага музея велізарныя, таму мы правялі грунтоўную работу па выбары экспанатаў. Фотаграфіі атрымаліся ўнікальнымі дзякуючы сучасным падыходам да фотаздымкі. Калі працуеш з рарытэтамі, якія маюць вялікую мастацкую каштоў­насць, то разумееш, што ты за іх нясеш адказ­насць. Напрыклад, манеты трэба было раскласці вельмі акуратна і асцярожна. Бо калі для гледача гэта проста россып залатых манет, то для музейнага супра­цоўніка — сапраўдны скарб, кожная манета якога мае інвентарны нумар і захоўваецца ў асобным пакуначку, — расказаў Аляксандр Аляк­сееў. — Праз гэты праект зараз, у час пандэміі, культурнае жыццё само прыходзіць да людзей, якія, вы­трымліваючы сацыяльную дыстанцыю, мо­гуць атрымаць асалоду ад музейных скарбаў на свежым паветры. Праект мае і сацыяльнае значэнне, і ідэалагічнае, і адукацыйнае, бо нашы людзі могуць пабачыць і вытокі беларускай нацыі, і як адбываўся яе росквіт, і ўзаемаўзбагачэнне паміж іншымі нацыямі — карацей, наколькі цікавая і самабытная наша гісторыя”.

Вулічная выстава рарытэтаў, што паказвае Беларусь сучаснай развітой еўрапей­скай дзяржавай, якая годна займае сваё месца ў міжнароднай супольнасці, з’яўляецца са­праўдным даведнікам па айчыннай гісторыі скрозь стагоддзі. Прычым і месца яе размяшчэння невыпадковае, бо Парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў даўно стаў арт-прасторай сталіцы і пунктам прыцягнення як мінчан, так і турыстаў. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта: “Мы дзявяты раз адкрываем выставачны праект на агароджы парку Чалюскінцаў. Падобныя выставы робяць мастацтва даступным, адукоўваюць, выхоўваюць, духоўна падсілкоўваюць. Беларусь мае багатую культурную спадчыну, і такія праекты паказваюць, якое багацце знаходзіцца ў нашых скарбніцах”, — падкрэсліла галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінгарвыканкама Марына Ясюк.

Рарытэты гістарычнага музея бу­дуць упры­гожваць неакласічную агароджу на пр. Незалежнасці як мінімум цэлы год. Арганізатары спадзяюцца, што выставачны праект прыцягне мінчан і гасцей сталіцы ў сам музей і яго філіялы, каб ужывую паба­чыць знакамітыя артэфакты. “Калі са 100 чалавек, якія праходзяць міма,10 звернуць увагу, спыняцца, прачытаюць інфармацыю і захочуць наведаць наш музей, каб памно­жыць і паглыбіць свае веды пра гiсторыка-культурную спадчыну, якая ў нас неверагодна багатая, — бу­дзе вельмі здорава”, — сказаў П.Сапоцька.

Як усім вядома, у прыроды няма дрэннага надвор’я, тым больш летам. А таму, на мой погляд, варта ўсім нам скарыстаць такую цудоўную магчымасць зазір­нуць за зачыненыя дзверы музейных запаснікаў, а заадно адпачыць ад працоўных будняў і паглыбіць свае веды па гісторыі роднага краю.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.