Орбан зноў перамог

- 13:10Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Венгрыі і старшыня партыі “ФІДЕС — Венгерскі грамадзянскі саюз” Віктар Орбан аб’явіў аб перамозе цяперашняй кіруючай кааліцыі на праведзеных 8 красавіка парламенцкіх выбарах.

Адзначаецца, што палітычны блок партыі Віктара Орбана і Хрысціянска-дэмакратычная народная партыя атрымалі канстытуцыйную большасць. У блока будзе дзве трэція дэпутацкіх мандатаў (133).

Другое месца атрымаў рух “За лепшую Венгрыю” з лідарам Габарам Вонам. Трэцяе месца займае блок Венгерскай сацыялістычнай партыі і “Дыялогу ў імя Венгрыі”, на чале якога стаіць Гергей Карачонь.

Парламент Венгрыі складаецца са 199 дэпутатаў, якія выбіраюцца на чатыры гады. Дзяржаўны сход валодае правам прымаць Канстытуцыю, законы, выбіраць прэзідэнта, зацвярджае прэм’ер-міністра і прымае бюджэт.

Віктар Орбан упершыню ўзначаліў кабінет міністраў Венгрыі ў 1998 годзе і працаваў на гэтай пасадзе адзін тэрмін. У 2010 годзе ён зноў стаў прэм’ер-міністрам краіны. Перамога на цяперашніх выбарах дасць магчымасць яму ўзначаліць урад чацвёрты раз. Віктар Орбан адмовіўся весці публічныя дэбаты са сваімі сапернікамі ў ходзе перадвыбарнай кампаніі. Пераважна ён выступаў на мітынгах сваіх прыхільнікаў. У выступленнях асноўны акцэнт быў зроблены на спыненні іміграцыі. Віктар Орбан раней адмовіўся прыняць удзел у праграме перасялення бежанцаў у Еўрасаюз.