Ордэнам Маці ўзнагароджаны больш за 8,6 тысячы жанчын

У Беларусі ордэнам Маці ўзнагароджаны 8619 жанчын, якія нарадзілі і дастойна выхавалі пяць і больш дзяцей, паведамілі ў аддзеле дзяржаўных узнагарод галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта.

У бягучым годзе гэтай узнагароды ўдастоены 93 жанчыны з розных рэгіёнаў Беларусі.

Гэты высокі знак мацярынскай доблесці быў заснаваны ўказам Прэзідэнта Беларусі ў 1995 годзе. З 2006 года мнагадзетным маці, якія ўзнагароджваюцца ордэнам Маці, ажыццяўляецца аднаразовая грашовая выплата ў памеры пяціразовага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (з лютага бягучага года БПМ складае Br180,10). Выплаты ажыццяўляюцца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Акрамя таго, у рэгіёнах Беларусі рашэннем мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў устаноўлены розныя дадатковыя формы заахвочвання для ўзнагароджаных гэтым ордэнам.

Так, у 2016 годзе ордэнам Маці ўзнагароджана 413 жанчын, агульная сума выплат дасягнула амаль Br354,8 тысячы.

З верасня 2012 года жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і ўзнагароджаны адной з такіх дзяржаўных узнагарод СССР або Рэспублікі Беларусь, як ордэн Маці, медаль “Медаль Мацярынства”, ордэн “Мацярынская Слава”, ордэн “Маці-гераіня”, устанаўліваецца пенсія за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь.

Як праінфармавалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі расце колькасць мнагадзетных сем’яў. На ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва знаходзіцца ўжо 88,5 тысячы сем’яў з трыма і больш дзецьмі, 57,2 працэнта нованароджаных з’яўляюцца другімі і наступнымі ў сваіх сем’ях. Агульны каэфіцыент нараджальнасці ў 2016 годзе склаў 12,4 на 1000 жыхароў (у 2015 годзе гэты паказчык складаў 12,5 праміле).