Па адзіным маршруце крочаць па жыцці Аляксандр Іванавіч і Юлія Уладзіміраўна Вяціорац

- 15:19Учительский дуэт

У Мінскім дзяржаўным каледжы чыгуначнага транспарту працуе сям’я педагогаў — Аляксандр Іванавіч і Юлія Уладзіміраўна Вяціорац, якія ўжо больш за 20 гадоў з’яўляюцца майстрамі вытворчага навучання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Аляксандр Іванавіч рыхтуе памочнікаў машыністаў, а Юлія Уладзіміраўна — праваднікоў.

Няпроста, але рамантычна

У гутарцы яны на адной хвалі — любоў да прафесіі відавочная. Нездарма столькі гадоў жыцця прысвяцілі каледжу, дзе самі вучыліся і пазнаёміліся.   

— Быць чыгуначнікам — гэта цяжкая, напружаная і вельмі адказная справа, — расказвае Аляксандр Іванавіч. — Каб паступіць ва ўстанову, недастаткова атэстата з добрымі адзнакамі, тут вядзецца адбор па цвёрдых крытэрыях. Праца чыгуначніка супрацьпаказана людзям з захворваннямі сэрца, дрэнным зрокам ці слыхам, яна патрабуе дакладнай канцэнтрацыі ўвагі.

Аляксандр Іванавіч, як на ўроку, дакладна расказвае, што памочнік машыніста павінен ведаць правілы тэхнічнай эксплуатацыі чыгункі, інструкцыі па сігналізацыі, руху і манеўранасці цягнікоў, а таксама ажыццяўляць дэмантаж асобных прыбораў пнеўматычнай сістэмы, злучэнне вузлоў, рэгуліроўку і выпрабаванне асобных механізмаў. У праграме навучання шмат прадметаў. Напрыклад, на першым курсе навучэнцы асвойваюць слясарную справу. Здавалася б, яе наяўнасць не вельмі ўпісваецца ў падрыхтоўку спецыялістаў для чыгункі, там усё аўтаматызавана, якая ж яшчэ праца рукамі.

— Мы праз гэтую дысцыпліну імкнёмся далучыць навучэнцаў і да фізічнай працы, — разважае Аляксандр Іванавіч. — Для мужчыны важна ўмець працаваць малатком, напільнікам, нажоўкай, каб выкарыс­тоўваць гэтыя навыкі ў жыцці. Фізічная праца выхоўвае ў чалавеку сілу, цвёр­дасць характару, уменне пераадольваць выпрабаванні. Працаваць рукамі — зна­чыць мець моцны падмурак у жыцці. Гэтаму вучылі мяне мае педагогі падчас вучобы. І ўсё тое, што я сам ведаю і ўмею, імкнуся перадаць навучэнцам.

Аляксандр Іванавіч і Юлія Уладзіміраўна бачаць у прафесіі чыгуначніка і рамантыку. Для іх гэтая работа — цікавае падарожжа, калі можна праехацца і паглядзець сваю краіну, назіраць з утульнай кабіны лакаматыва, як за акном мільга­юць гарады і вёскі, лясы і палі, свеціць сонца альбо ідзе дождж. Усё гэта ўпрыгожвае прафесію яркімі фарбамі.

У суладдзі

Суладдзе і гармонія пануюць у сямейным жыцці Аляксандра Іванавіча і Юліі Уладзіміраўны. Яны разам вучыліся ў каледжы, потым разам паступілі ў БНТУ на інжынерна-педагагічны факультэт і разам вярнуліся ў каледж майстрамі вытворчага навучання.

— Калі мы сталі працаваць у каледжы, то да ўласных дзяцей дабавіліся яшчэ і нашы навучэнцы. Вось такая атрымалася мнагадзетная сям’я, — усміхаецца Юлія Ула­дзіміраўна. — Прыйшлося трэніравацца, каб ажыццявіць нашы выхаваўчыя падыходы. Але галоўным было і застаецца выхаваць іх сапраўднымі людзьмі. На працоўным месцы мы строгія, імкнёмся па максімуме перадаць свае навыкі, трымаем дысцыпліну. За межамі класа ставімся да выхаванцаў як да родных, чулліва, сардэчна, добразычліва, мы гатовы выслу­хаць, параіць, падаць руку.

— Я адразу адчуваю, калі ў навучэнца нешта здарылася. Дастаткова зірнуць яму ў вочы,— дзеліцца Аляксандр Іванавіч. — І я не магу прайсці міма, адразу хачу распытаць, падтрымаць, падняць настрой, даць параду. Каб склаліся даверлівыя адносіны, імкнуся заваяваць гэты давер. Чалавечыя зносіны — гэта, бадай, самае галоўнае. Калі ставішся да падлетка з павагай, як да роўнага, бачыш у ім асобу, то і ён раскрываецца, выпроствае спіну, адчувае ў сабе стрыжань і гатовы выканаць тое, што на яго ўскладаецца. Не абысціся ў выхаванні навучэнцаў і без падтрымкі іх сем’яў. Трэба з двух бакоў настройваць падлеткаў на працоўны лад, на імкненне ставіць мэту і дасягаць яе. Дысцыплінуе і фарміруе годнасць у асобе, гордасць за прафесію і форма чыгуначніка, якую апранаюць нашы выхаванцы на заняткі, мерапрыемствы і сустрэчы.

Каб зацікавіць прафесіяй, педагогі імкнуцца пераносіць інтэрнэт-рэсурсы ў вучэбны працэс.

Час звычайнай указкі і безаблічнай схемы адышоў у нябыт. Сёння інфармацыйныя тэхналогіі кіруюць вучобай і робяць заняткі больш цікавымі і захапляльнымі. Каледж мае сучаснае комплексна-метадычнае забеспячэнне ў форме прэзентацый, майстэрні абсталяваны сучаснай тэхнікай, ёсць імітацыя чыгуначных пуцей, кабіны лакаматыва і вагона, шмат іншых трэнажораў, мультыбордаў і наглядных дапаможнікаў.

— Для замацавання ведаў па прафесіі правадніка мы выкарыстоўваем імправізаваны вагон, — расказвае Юлія Ула­дзіміраўна. — Там любое дзеянне можна адпрацаваць да ідэала. Кожны чалавек не адзін раз быў пасажырам цягніка, ехаў у звычайным альбо фірменным вагоне. І заўсёды быў побач з ім праваднік, памочнік, дарадчык, стваральнік камфортнага падарожжа.

Абодва майстры лічаць важным практычнае навучанне на базе асноўнага заказчыка кадраў — Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі, дзе навучэнцы адшліфоўваюць свае прафесійныя навыкі. Там ім нават давяраюць быць дублёрамі памочніка машыніста і правадніка.

Гасцінны дом

Пра тое, што Аляксандр Іванавіч — майстар на ўсе рукі, сведчыць пабудаваны ім прыгожы дом.

— Ён для нас сапраўднае сямейнае гняздо, — расказвае Юлія Уладзіміраўна. — Дом пабудаваны ў цудоўным месцы на Дзяржыншчыне, побач лес, рака. Можна не толькі любавацца прыгожай прыродай, але і хадзіць у грыбы, ягады, на рыбалку. Я люблю працаваць у агародзе, вырошч­ваць кветкі, гатаваць свае фірменныя стравы. А непаўторнай гаспадыняй з’яўляецца наш любімы ёркшырскі тэр’ер па мянушцы Тася. Яна заўсёды вельмі рада гасцям, якія нас наведваюць у выхадныя альбо ў святочныя дні.

А свят у сям’і хапае. Тут адзначаліся юбілей — 25 гадоў сумеснага жыцця, вяселле старэйшай дачкі Ірыны, нараджэнне ўнучкі Маі, перамогі ў спорце малодшай дачкі Ксеніі і шмат іншых шчаслівых падзей.

— Па сутнасці, ініцыятарам будаўніцтва такога дома стаў мой бацька Іван Браніслававіч. Нашы жаданні і памкненні заўсёды супадалі, — далучаецца Аляксандр Іванавіч. — Я стаў прадаўжальнікам педагагічнай дынастыі, мая мама Ала Аляксееўна і тата доўгі час працавалі педагогамі. Але шчыра скажу, яны не настойвалі на сваім варыянце ў маім прафесійным выбары. Мне самому хацелася навучыцца педагогіцы, каб перадаваць іншым усё тое, што ўмею сам. Нашы дочкі таксама выбралі гэты шлях. Старэйшая ўжо скончыла БДПУ — яна цяпер філолаг, а малодшая яшчэ вучыцца там жа на выкладчыка фізкультуры.

Мінскі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту не толькі адзіная па гэтым профілі навучальная ўстанова ў Мінску, але і вядучая ў падрыхтоўцы кадраў, прэстыжная сярод абітурыентаў, заслужаная ў галіне чыгуначнага транспарту.

Юлія Уладзіміраўна таксама мае глыбокія сямейныя традыцыі і ганарыцца імі. Яе тата Уладзімір Мікалаевіч Лісок 40 гадоў быў машыністам цеплавоза на Мінскім трактарным заводзе, мама Ганна Васільеўна доўгі час працавала ў гандлёвай сферы.

— У тыя гады захоўваліся сямейныя традыцыі, дзеці хацелі быць падобнымі на баць­коў і выбіралі іх працоўны шлях, — разважае Юлія Уладзіміраўна. — Я ганарылася сваімі бацькамі, хацела паўтарыць іх лёс, быць такой жа адданай сваёй справе. Таму над выбарам прафесіі не задумвалася і пайшла вучыцца ў каледж чыгуначнікаў. Цяпер дзеці менш самастойныя ў сваім прафесійным выбары, хаця прафарыентацыйная работа сёння больш эфектыўная і мэтанакіраваная, чым раней, бо мае сучасныя, наглядныя формы. Але прафесійны выбар падлетак усё ж такі робіць не самастойна, не па асабістым жаданні, а больш за кампанію. Ад таго, наколькі мы зацікавім першакурсніка прафесіяй, дастукаемся да яго свядомасці, зможам натхніць на вучобу, і будзе залежаць, ці палюбіць ён прафесію і якім стане спецыялістам. Вядома, калі ты любіш сваю справу, то і вынік яе будзе больш эфектыўным. Мы з любоўю ставімся да работы, калектыву, сваёй установы, нездарма верныя каледжу столькі гадоў і ні разу не пашкадавалі аб гэтым выбары.

Ала КЛЮЙКО
Фота з сямейнага архіва герояў