Па чароўных астравах

Для згуртавання, выхавання дружбы, умення прыходзіць на дапамогу ў cярэдняй школе № 8 Слоніма ў рамках шостага школьнага дня для навучэнцаў 5—6 класаў зладзілі квэст-гульню “Востраў дружбы”.

Фота да матэрыяла: Па чароўных астравах.Сцэнарый распрацавала педагог-арганізатар І.В.Здановіч. Арганізавана квэст-гульня была пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара В.У.Куліны з удзелам актывістаў ГА “БРСМ”, сяброў клуба “Юныя пожарныя-ратавальнікі” і членаў піянерскай дружыны імя В.Крайняга.

Дзве каманды “Разбойнікі” і “Паляўнічыя на поспех” атрымалі маршрутныя лісты і адправіліся на астравы, дзе іх чакалі піраты. Для таго каб атрымаць частку карты з адзначаным месцам, дзе схаваныя скарбы, трэба было выканаць займальныя заданні. Першы востраў, куды трапілі каманды, — “Востраў усмешкі”. Юных скарбашукальнікаў з усмешкай сустрэлі піраты. Пасля знаёмства і першага выкананага задання абедзве каманды атрымалі першую частку карты. Затым кожная каманда адправілася па сваім маршрутным лісце ў пошуках патрэбнага вострава.

На востраве “Надзвычайных сітуацый” піраты — члены атрада “Юных пажарнікаў-ратавальнікаў” сустракалі з пытаннямі па правілах бяспечных паводзін. Абедзве каманды справіліся на “выдатна”. На музычным востраве “Домісолька” скарбашукальнікаў пільнавала група падтрымкі з ліку навучэнцаў 5 “Б” класа з флэшмобам і дзяўчынкі-піраткі — з музычнымі заданнямі. Дзеці прадэманстравалі добрыя веды ў музыцы, адгадалі беларускіх выканаўцаў.

На востраве “Казачны” — казачныя заданні пра дабро, міласэрнасць, дружбу. Абедзве каманды добра справіліся з заданнямі: яны ведаюць казачных герояў, якія змагаюцца са злом, дапамагаюць слабым і пакрыўджаным.

На востраве “Знайка” ўдзельнікаў квэсту чакаў пірат. Ды яго нялёгкія заданні не спалохалі адважных скарбашукальнікаў. Яны хутка і ўмела складалі прыказкі аб дружбе.

Адным з самых запамінальных і незвычайных быў востраў “ІТ-тэхналогій”. Каманды атрымлівалі заданні праз сацыяльную сетку, выкарыстоўваючы інтэрнэт.

І вось дзве каманды сустрэліся на востраве “Дружбы”. Жыхары гэтага вострава — добрыя піраты, з якімі скарбашукальнікі станцавалі запальны пірацкі танец. А калі кожная каманда на востраве “Дружбы” стала складаць сваю карту, стала ясна, што толькі дружнай камандай можна злучыць яе часткі, каб атрымаць адну вялікую карту з месцам, дзе схаваны скарбы.

Разам юным скарбашукальнікам не было цяжка адшукаць схаваны куфэрак, у якім знаходзіліся залатыя медалі для кожнага ўдзельніка квэсту.

Ірына СІНЯК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Слоніма.