Па добрай традыцыі

Па добрай традыцыі ў гэтыя майскія дні мы віншуем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жадаем ім моцнага здароўя, аптымізму, доўгіх гадоў жыцця. Учора ў госці да былога байца 5-й гвардзейскай танкавай арміі Івана Аляксандравіча Дзьячэнкі, які пражывае ў гарадскім пасёлку Мачулішчы Мінскага раёна, завітала кіраўніцтва Міністэрства адукацыі.

Дзень Перамогі — свята ўсенароднае, але ў першую чаргу гэта свята былых франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу — усіх тых, хто, пераадольваючы цяжкасці ваеннага часу, набліжаў пераможны май 45-га. “Вы для нас, нашчадкаў перамогі, цудоўны прыклад патрыятызму, шчырай любові да сваёй Радзімы. Няхай свята Вялікай Перамогі нагадвае ўсім нам, што наш народ заплаціў вялікую цану за перамогу. Гэтая перамога — тая важна ідэалагічная аснова, на якой будуецца сёння наша суверэнная беларуская дзяржава”, — звярнуўся да ветэрана Ігар Васільевіч Карпенка.

Па словах міністра адукацыі, не толькі ў гэтыя дні, калі па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, але і на працягу ўсяго года настаўнікі і вучні, у першую чаргу ўдзельнікі пошукавых атрадаў, члены саветаў школьных музеяў баявой славы, актыўна ўдзельнічаюць у захаванні памяці пра подзвіг народа. Ігар Васільевіч расказаў і сваю сямейную гісторыю: “Мой дзед Мікалай Сяргеевіч Волкаў удзельнічаў у абароне Ленінграда, быў цяжка паранены. Яго ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны, медаль “За адвагу” беражліва захоўваюцца ў нашай сям’і. Ужо праўнук Мікалая Сяргеевіча будзе спадчыннікам гэтых рэліквій. У нашай сям’і цудоўна разумеюць, наколькі важна, каб наступныя пакаленні памяталі пра подзвіг народа дзеля міру, дзеля жыцця, дзеля спакою. Дзякуй, што вы з намі. Звон вашых узнагарод напярэдадні 9 Мая кранае да глыбіні душы!” — падзяліўся Ігар Васільевіч.

У гэтыя дні ў госці да Івана Аляксандравіча Дзьячэнкі прыходзяць шматлікія госці, каб павіншаваць ветэрана са святам Вялікай Перамогі, шчыра падзякаваць за мірнае неба. І па добрай традыцыі заўтра, 9 мая, вялікая сям’я збярэцца ў яго доме. Сваім дочкам, унукам, праўнукам ён будзе расказваць пра ваенную маладосць, пра тое, як важна паважліва ставіцца да старэйшага пакалення, пра важнасць патрыятызму. Яго жыццё, як і жыццё тысяч ветэранаў, з якімі нам пашчасціла жыць побач, і ёсць цудоўны прыклад патрыятызму.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.