Апошнія гады ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўзрасла цікавасць да вывучэння роднага краю. Гэта абумоўлена шэрагам прычын: жаданнем пазнаць свет, у якім жывеш, новымі падыходамі да працэсу навучання, гуманізацыяй адукацыі, арыентацыяй на развіццё асобы, усведамленнем эфектыўнасці краязнаўчага прынцыпу навучання.
Бярозаўская базавая школа Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці другі год рэалізоўвае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў на этнакультурнай аснове ў кантэксце рэгіянальнага кампанента”. Мэта праекта — фарміраванне інтэлектуальна і духоўна развітой асобы з гуманістычнай сістэмай каштоўнасцей і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй праз далучэнне навучэнцаў да традыцый і каштоўнасцей беларускага народа рэгіянальнага кампанента.
Выхаваўчы патэнцыял праекта заложаны ў самім матэрыяле — фактах мясцовай гісторыі. Яны дапамагаюць данесці да свядомасці школьнікаў карціны мінулага, захаваць памяць народа, ажыццявіць пераемнасць пакаленняў. Пры гэтым галоўнай крыніцай і механізмам выхаваўчага ўздзеяння выступаюць традыцыі.
Абрады і звычаі беларускага каляндарнага года — гэта шмат у чым яшчэ жывая і каштоўная спадчына, якая сёння з’яўляецца арганічнай часткай сучаснай нацыянальнай культуры, якую мы павінны захаваць у нашых дзецях. У рамках праекта настаўнікамі школы Ж.Я.Ляўковай, С.Я.Афанасьевай і І.А.Афанасьевай праведзены мерапрыемствы “Масленіца”, “Ад Каляд да Вадохрышча”. Школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй свят, правялі абрады.
Выхаваць у дзяцей любоў да Радзімы, згуртаваць іх на аснове высокіх ідэалаў, сфарміраваць такія маральныя якасці, як сумленнасць і дабрыня, павага і клопат у адносінах да людзей старэйшага пакалення, гатоўнасць абараніць слабага, уменне пераадольваць цяжкасці — вось галоўныя задачы, якія вырашаюцца ў працэсе выхаваўчай работы школы.
Традыцыйна ў нашай установе праходзяць паходы па месцах баявой славы. Дзеці аказваюць цімураўскую дапамогу ветэранам, добраўпарадкоўваюць тэрыторыі брацкіх магіл. Мы не забываем, што асаблівую ролю ў высакароднай справе выхавання ў моладзі грамадзянскасці і патрыятызму адыгрываюць нашы ветэраны, удзельнікі вайны і проста людзі, якія ў час вайны былі дзецьмі і перажылі ўвесь жах тых гадоў. Яны — носьбіты памяці, традыцый, вопыту.
Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі прайшло мерапрыемства “Вайна ў гісторыі маёй вёскі. Лёс. Лёсам. Пра лёс…”, на якім было цёпла ад сяброўскай атмасферы і цесна ад блізкасці эпох і пакаленняў. Гасцямі мерапрыемства сталі нашы землякі — дзеці вайны. Дзеці, чые бацькі не вярнуліся з вайны, тыя, чыё дзяцінства “забівалі” голадам, страхам, безбацькоўствам. Яны на сваіх плячах вынеслі ўвесь цяжар страшнай вайны, прайшлі велізарны жыццёвы шлях са стратамі і нягодамі, радасцямі і ўдачамі.
Краналі за душу, дазвалялі ўбачыць гісторыю ваеннага часу выступленні ўдзельнікаў сустрэчы, якія не хавалі сваіх слёз. Дзеці пачулі выступленні ветэрана педагагічнай працы сведкі вайны М.В.Кавалёва, братоў Івана Іванавіча і Мікалая Іванавіча Афанасьевых, У.М.Анішчанка, Н.А.Прохаравай, Е.Е.Карнеевай, Е.І.Калеснік, бацькі якіх не вярнуліся з вайны. Вайна не прымусіла гэтых людзей апусціць рукі, страціць сэнс жыцця або бясконца скардзіцца на лёс. Наадварот, яны змагаліся, знемагаючы целам, але заўсёды заставаліся бадзёрыя духам.
Калектыў настаўнікаў і навучэнцаў школы пад кіраўніцтвам А.Ф.Карнеевай і Т.Д.Сазонавай падрыхтаваў тэматычную канцэртную праграму. Выконваліся не толькі ваенна-патрыятычныя, але і фальклорныя песні. Мерапрыемства праходзіла на фоне прэзентацыі, на слайдах былі адлюстраваны моманты вайны, гісторыі вёскі і мясцовых жыхароў.
Завяршылася мерапрыемства чаяпіццем, на якім госці мелі магчымасць паразмаўляць і выканаць пад баян свае любімыя песні. З хваляваннем і цікавасцю наведалі музей баявой славы.
Школьны музей працоўнай і баявой славы з’яўляецца цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага і ідэйна-маральнага выхавання, важным фактарам ідэалагічнай работы з навучэнцамі. Наш школьны музей — сапраўдная гордасць установы. Ён быў адкрыты 8 кастрычніка 1977 года настаўнікам пачатковых класаў П.Е.Кавальковым. У музеі 142 экспанаты, з іх 99 складаюць асноўны фонд. Сярод экспанатаў — гістарычныя матэрыялы, фатаграфіі нашых землякоў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Баявы шлях 324-й стралковай дывізіі, воіны якой вызвалялі Слаўгарадчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама схема рэйду партызанскага палка “13” аформлены ў выглядзе альбома. Ёсць шмат экспанатаў, звязаных з баявымі дзеяннямі ў раёне вёскі Бярозаўкі. Дзякуючы карпатлівай рабоце следапытаў, адноўлены імёны невядомых салдат, спіс якіх знаходзіцца на стэндзе “Іх імёны сталі вядомы”.
На прыметным месцы, пад шклом, — надмагільная дошчачка радавога Дадаша Шалімава, азербайджанская зямля, прывезеная роднымі Дадаша. Побач надмагільная дошчачка лейтэнанта Петрашэнкі, яго прастрэлены камсамольскі білет.
У нашым музеі ёсць стэнды “Бітва за Маскву”, “Вызваленне Мінска”, “У блакадным Ленінградзе” — гэтыя матэрыялы пастаянна выкарыстоўваюцца на ўроках. Ёсць тут і ўспаміны ўдзельнікаў лютых баёў на рацэ Проні ўвосень 1943 года.
У музеі асаблівае месца адведзена паведамленням пра капітана А.І.Скосырава, які загінуў, вызваляючы вёску Узгорск. Пахаваны ён у вёсцы Закрупец Гіжэнскага сельскага савета. Доўгі час лічылася, што ён знік без вестак. Але дзякуючы следапытам, жыхарам Закрупца, аднапалчанам, стала вядома месца яго пахавання.
На асобным месцы — узнагароды нашага земляка, гвардыі сяржанта Адама Міхайлавіча Нікіціна, які жыў у вёсцы Загліннае і перадаў свае ўзнагароды музею.
На стэндзе “Следапыты вядуць пошук” размешчаны матэрыял пра работу, якая вядзецца зараз. Тут увекавечаны імёны нашых аднавяскоўцаў, якія не вярнуліся з вайны.
Усяго ў музеі 9 экспазіцый: “Радзіма-маці кліча”, “Брэсцкая крэпасць”, “Пано”, “Партызанскі рэйд палка “13”, “Баявы шлях 324-й стралковай дывізіі”, “Спіс аднавяскоўцаў, якія загінулі падчас вайны”, “Следапыты вядуць пошук”, “Памятныя адрасы”, “На вахце Айчыны”.
У цяперашні час музеем кіруе выпускніца Бярозаўскай базавай школы, а цяпер настаўніца Т.Д.Сазонава.
Любы музей, а школьны асабліва, — адзін з самых значных фактараў, які ўплывае на фарміраванне асобы дзіцяці. Тут выхаваўчае ўздзеянне пачынаецца з першых крокаў. Менавіта ў музеі дзеці даведваюцца пра невядомыя старонкі гісторыі роднага краю, пра людзей, якіх добра ведаюць, але не сэнсоўвалі іх значнасць і ролю ў жыцці вёскі. Музей — гэта магутная рака жыцця, якая абуджае лепшыя думкі і пачуцці сваіх наведвальнікаў праз урокі, экскурсіі, сустрэчы і святы.
Любоў да Радзімы выхоўваецца не толькі словамі, але і ўдзелам у справах. Шырокае поле дзейнасці адкрывае работа ў школьным музеі. Удзельнічаючы ў пошукавай рабоце, у конкурсах, мерапрыемствах, дзеці даведваюцца аб гісторыі краіны, аб працоўнай і баявой славе роднай вёскі, жыцці вядомых людзей, удумваюцца ў назвы. Пашыраецца кругагляд дзяцей, фарміруюцца іх пазнавальныя патрэбы. Правядзенне штогадовых традыцыйных спраў і акцый развівае ўменне працаваць, супрацоўнічаць, калектыўна вырашаць творчыя задачы, жаданне здзяйсняць грамадзянскія ўчынкі, бо справы, у якіх яны ўдзельнічаюць, нясуць у сабе патрыятычны сэнс, а значыць, усё гэта — грамадзянскія ўчынкі.
Наш школьны музей з яго рознабаковай краязнаўчай і ідэйна-маральнай работай — добры памочнік у справе выхавання падрастаючага пакалення, гэта майстэрня для фарміравання дзіцячай душы, добрая, разумная і змястоўная. Без музея ў школе сёння не абысціся. Па-першае, сваім афармленнем і зместам ён выклікае цікавасць наведвальнікаў. Тут ёсць рэчы, кнігі, дакументы, рэліквіі, якія для дзяцей з-за іх дапытлівасці заўсёды цікавыя. Па-другое, матэрыял для музея збіраюць усе: дзеці цяперашняга пакалення і тыя, хто быў да іх, і настаўнікі, і бацькі, і жыхары вёскі. Па-трэцяе, тут, у музеі, як нідзе, вельмі добра пераплятаюцца інтарэсы розных узростаў. Тут усім цікава. Адным — фотаздымкі на стэндзе дарагіх і блізкіх людзей, другім — гісторыя ВАВ, трэцім — куток этнаграфіі. Менавіта тут абуджаецца грамадская актыўнасць і грамадзянскасць. Па-чацвёртае, музей — гэта школа пошуку, школа творчасці і чалавечага пераўтварэння.
Тут кожная рэч нагадвае пра мінулае, мае сваю гісторыю. Маляўнічыя стэнды, буклеты, альбомы расказваюць пра тую ці іншую старонку гісторыі нашай Радзімы, вёскі, школы. Праз музей вядзецца даследчая работа з навучэнцамі, распрацоўваюцца новыя тэмы, а таксама ён з’яўляецца неад’емнай часткай інавацыйнай дзейнасці па праекце.
Без памяці пра гераічнае мінулае ў нас няма права на дастойную будучыню. Напярэдадні памятнай даты — Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў — з мэтай патрыятычнага выхавання і грамадзянскага станаўлення ў школе прайшла агульнашкольная інфармацыйная гадзіна “Афганістан баліць у маёй душы” з удзелам нашага земляка воіна-афганца Мікалая Мікалаевіча Афанасьева.
Калі слухалі аповед ветэрана-інтэрнацыяналіста, уяўленне малявала жудасныя карціны з жыцця маладых не абстраляных тады яшчэ хлопцаў. Мікалай Мікалаевіч расказаў дзецям пра мужнасць і трываласць нашых салдат, якія, нягледзячы на раненні, не дапускалі нават думкі пра тое, каб адседзецца, а ваявалі нароўні са сваімі аднапалчанамі. Узнагароджаны Мікалай Мікалаевіч медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту — ад удзячнага афганскага народа”, медалём “Воін-інтэрнацыяналіст”.
Навучэнцы з цікавасцю прымаюць удзел ва ўсіх прапанаваных імі і для іх мерапрыемствах. Дзякуючы гэтаму, да лепшага мяняюцца паводзіны дзяцей у адносінах да старэйшага пакалення, да сваёй спадчыны, а таксама назіраецца рост іх нацыянальнай актыўнасці. Узмацняюцца партнёрскія адносіны з бацькамі, педагогамі, соцыумам.
Такім чынам, мэтанакіраваная сістэмная работа па інавацыйным праекце як на ўроках, так і ў пазаўрочны час па фарміраванні патрыятычных, маральных якасцей навучэнцаў як складніка асновы грамадзянскасці і патрыятызму дазваляе дзецям развіваць у сабе самастойнасць, упэўненасць, лідарскія навыкі, здольнасць кантраляваць многія аспекты свайго жыцця, фарміраваць асобасныя якасці, якія неабходны як для ўласнага жыццёвага поспеху, так і для росквіту нашай Беларусі. Самы галоўны вынік нашай дзейнасці — гэта тое, што на працягу шэрага гадоў наша школа працуе без правапарушэнняў, нашы выхаванцы растуць патрыётамі свайго краю, паважлівымі, ветлівымі і добразычлівымі людзьмі.
Сяргей СЦЯПАНАЎ,
дырэктар Бярозаўскай базавай школы Слаўгарадскага раёна.