Па-французску пад небам Віцебска

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канес уручыў знак Міністэрства адукацыі Францыі Label France Education гімназіі № 9 Віцебска і прыняў удзел у адкрыцці кабінета французскай мовы і культуры ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.

Гімназію № 9 Дзідзье Канес наведаў другі раз. Для калектыву атрыманне знака Label France Education (пра тое, што на Віцебшчыне яго ўладальнікамі сталі дзве ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, “Настаўніцкая газета” расказвала раней), безумоўна, вялікая падзея, якая адкрывае новыя магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва і значна пашырае доступ да паслуг, што спрыяюць павышэнню якасці навучання. У тым ліку гаворка ідзе пра павышэнне кваліфікацыі педагогаў на стажыроўках у Францыі, пра фінансавую падтрымку інавацыйнай педагагічнай дзейнасці, удзел у семінарах па ўсім свеце, абмен вопытам і інфармацыяй з іншымі ўстановамі адукацыі, інтэрактыўныя прапановы ў галіне культуры.

У ВДУ новы кабінет французскай мовы і культуры з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву ўніверсітэта — у першую чаргу яго філалагічнага, мастацка-графічнага і педагагічнага факультэтаў — з дыпламатычнай місіяй Францыі. Дзідзье Канес наведаў прымеркаваную да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь выставу дасягненняў студэнтаў і выкладчыкаў, разам з кіраўніцтвам універсітэта і прадстаўнікамі абласной выканаўчай улады падчас круглага стала абмеркаваў са студэнцкай моладдзю і віцебскімі педагогамі актуальныя пытанні выкладання французскай мовы ў школе і перспектывы беларуска-французскага супрацоўніцтва, а таксама разам з рэктарам ВДУ ўручыў узнагароды пераможцам конкурсу відэаролікаў і конкурсу перакладчыкаў, якія праводзіліся пры падтрымцы Пасольства Францыі. У якасці падарунка гасцям студэнты філалагічнага факультэта падрыхтавалі цудоўны інтэрактыўны форум-спектакль “Пад небам Віцебска”.

Рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксей Ягораў шчыра падзякаваў французскім сябрам за дапамогу ў аснашчэнні кабінета і выказаў упэўненасць, што ўніверсітэт і надалей будзе супрацоўнічаць з французскім бокам у напрамку рэалізацыі сумесных праектаў.

— Дзякуючы студэнтам-філолагам, усе прысутныя змаглі ненадоўга апынуцца ў Францыі: нашы госці — на сваёй ра­дзіме, мы — у цікавай замежнай краіне. І тое, што мы разам убачылі і адчулі, зрабіла залішнім афіцыёз, — адзначыў Аляксей Уладзіміравіч. — Думаю, гэтае адчуванне блізкасці, яднанне культур, мала­дзёжны крэатыў — вельмі важны аспект не толькі адукацыі, але і выхавання цяперашніх і будучых пакаленняў. Такія па­дзеі — падмурак доўгага сяброўства паміж беларусамі і французамі, гарант паспяховага міжнароднага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах.

Звяртаючыся да прысутных на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця кабінета, Дзідзье Канес выказаў спадзяванне, што гэтая падзея паспрыяе далейшым поспехам у вывучэнні французскай мовы і культуры краіны, дасць магчымасць ажыццяўляць разнастайныя праекты. Высокі госць запэўніў, што французскі бок бу­дзе і надалей аказваць падтрымку ВДУ ў рэалізацыі сумесных ініцыятыў.

— Для мяне вялікі гонар быць запрошаным і прысутнічаць тут, — падкрэсліў дыпламат. — Адкрыццё кабінета ў ВДУ — стратэгічнае рашэнне. Сёння франкафонія пашыраецца, наша вялікая сям’я пастаянна расце: у свеце налічваецца каля 300 мільёнаў чалавек, якія размаўляюць на французскай мове. Яе веданне з’яўляецца козырам, адчыняе многія дзверы, асабліва для тых, хто марыць пра міжнародную кар’еру. У гэтым кантэксце прыемна ўсведамляць, што Віцебск — апора для вывучэння французскай мовы, яшчэ адным сведчаннем чаго стала ўручэнне гімназіі № 9 знака Label France Education.

Як паведаміў дэкан філалагічнага факультэта ВДУ Сяргей Нікалаенка, у дадзены момант ва ўніверсітэце вучыцца амаль паўтары тысячы замежных студэнтаў. Многія з іх ахвотна выбіраюць французскую ў якасці другой замежнай мовы. Цяпер магчымасці кантактаваць з носьбітамі мовы, чытаць аўтэнтычную якасную літаратуру, удзельнічаць у праграмах акадэмічнай мабільнасці значна пашырацца. Плануецца, што ў перспектыве кабінет французскай мовы і культуры стане асновай для адкрыцця цэнтра імя Рэнэ Дэкарта.

НА ЗДЫМКАХ: “Пад небам Віцебска”: крэатыўна і на французскай мове; пераможцы рэспубліканскага конкурсу відэаролікаў “Чаму я люблю французскую мову?” з гімназіі № 9 Віцебска.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.