Па гэтай зямлі прайсці Берагіняй…

- 12:28Культура

20—24 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці пад патранатам Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА прайшоў юбілейны Х Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

Юбілейныя радасці і неюбілейныя трывогі

Гэта, сапраўды, была радасць і нават неяк не верылася, што “Берагіня” сёлета пройдзе ўжо 10-ы раз. І 10-ы раз над Цэнтральнай плошчай Акцябрскага, гэтага маланаселенага нават па мерках раённых цэнтраў пасёлка (каля 6 тысяч чалавек), разгорнецца вялікая расцяжка з надпісам “Берагіня”, што на друкаванай “берагінскай” прадукцыі (зборніках навукова-метадычных матэрыялаў, праграмках, нататніках і г.д.) нязменна будзе прысутнічаць лагатып UNESCO, што свае прывітанні фестывалю дашлюць многія афіцыйныя асобы, што на фальклорным фэсце ў Акцябрскім збярэцца пад 1000 яго ўдзельнікаў і наведвальнікаў — дзяцей з дзіцячых фальклорных гурткоў, дарослых з беларускіх аўтэнтычных калектываў і замежных калектываў-гасцей, народных майстроў з усёй краіны, шаноўных экспертаў з ліку вядучых прафесіяналаў у галіне музычнага і танцавальнага фальклору, журналістаў, звычайных рудабельцаў, як называюць жыхароў Акцябрскага паводле старадаўняй назвы гэтага пасёлка — Рудабелка…

Хаця, канечне ж, пра ўсё вышэйпералічанае на досвітку фестывалю “Берагіня”, які пачаў весці свой адлік у 1999 годзе, можна было толькі марыць. Як можна было толькі марыць і пра тую шыкоўную праграму, якой сёлета парадаваў форум, а гэта каля трох дзясяткаў розных адметных мерапрыемстваў: ХIV Рэспубліканскі конкурс пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых танцаў “Лявоніха”, ІІ Рэспубліканскі конкурс харэаграфічнай імправізацыі “Барыня”, V Рэспубліканскі турнір дзіцяча-маладзёжных фальклорных калектываў, свята народнай харэаграфіі, музыкі і песні “Рудабельскі баль”, ІІ Рэспубліканскі конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы “Несцерка”, Х Рэспубліканскае народнае свята “Рудабельскае купалле”, Х Рэспубліканскае свята народнай творчасці “Рудабельскі кірмаш”, відовішча-шэсце ўдзельнікаў фестывалю, міні-канцэрты асобных калектываў, кніжныя і мастацкія выставы… Але за гады правядзення “Берагіні” ўсё гэта насамрэч зрабілася рэальным і чаканым. Магчыма, нехта з відавочцаў фестывальных падзей не паспеў нават азірнуцца на мінулыя 20 гадоў, а “Берагіня” ўжо стала прызнаным культурным брэндам, як быццам само сабой зразумелай радасцю, якая абавязкова — а як жа інакш? — разліецца ў сэрцах улюбёных у самабытную нацыянальную культуру беларусаў раз у 2 гады, летам, бліжэй да свята Купалля… А тым больш у Год малой радзімы, Х, юбілейны раз.

І вось яны, словы радасці і гонару за фэст ад некаторых афіцыйных асоб у пацвярджэнне яго знакавага статусу.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юры Бондар: “Самабытныя песні і танцы, музычныя найгрышы, касцюмы, створаныя ў мясцовых традыцыях, мастацкія рамесніцкія вырабы, зробленыя па старадаўніх тэхналогіях, надаюць гэтаму культурнаму мерапрыемству асаблівы нацыянальны каларыт, ствараюць атмасферу шчырасці і добразычлівасці сапраўднага народнага свята”.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік: “Праз традыцыі, праз усё лепшае, што назапашана ў народнай творчасці, перадаецца моладзі павага і любоў да Радзімы. Невыпадкова ў фестывалі ўдзельнічаюць дзіцячыя і маладзёжныя калектывы, а побач з імі і аўтэнтычная творчасць, на якой трымаецца сучасны фальклор, базіруецца нацыянальная культура. Гэты творчы форум — выдатная форма патрыятычнага выхавання асобы”.


Старшыня Акцябрскага раённага выканаўчага камітэта Віктар Палуянаў: “Гэты маштабны і аўтарытэтны фестываль займае асаблівае месца ў сучасным культурным жыцці не толькі раёна, але і рэспублікі. Ён выконвае важную і высакародную задачу захавання і развіцця традыцыйнай народнай творчасці, далучэння дзяцей, падлеткаў, моладзі да гісторыка-культурнай спадчыны сваёй краіны”.

А трывогі, неюбілейныя трывогі? Яны, на жаль, таксама суправаджаюць Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” ці не з моманту яго нараджэння. І іх у арганізатараў і куратараў форуму, на жаль, таксама шмат, як і радасцей. І яны, як і радасці, таксама бяруцца не з ніадкуль, а з цалкам рэальных фактаў — такіх, як неналежнае фінансаванне, няўзгодненасць у дзеяннях адказных структур сістэм культуры і адукацыі, пэўная стагнацыя ў развіцці этнакірунку ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, мізэрны набор студэнтаў на спецыяльнасці “Этнафоназнаўства” і “Духавыя інструменты (народныя)” у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, фактычна поўнае ігнараванне фестывалю “Берагіня” з боку дзяржаўных тэлеканалаў, спыненне членства Беларусі ў CIOFF (Міжнародным савеце арганізацый фальклорных фестываляў і народнага мастацтва) і многія іншыя. Пра ўсё гэта гаварылася і на прэс-канферэнцыі ў другі фестывальны дзень 21 чэрвеня, і на круглым стале “Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”: погляд у заўтрашні дзень” 24 чэрвеня ў апошні дзень форуму. Гаварылася, натуральна, і з трывогай, і з болем, і з таемнай надзеяй на зрух сітуацыі ў лепшы бок. І праз усе трывогі-болі-надзеі неяк асабліва ўразілі словы аднаго з сяброў рады экспертаў фестывалю, грамадзяніна суседняй дзяржавы, прафесара, выдатніка асветы, кандыдата педагагічных навук, заслужанага дзеяча мастацтваў Украіны Уладзіміра Гадоўскага: “Я ўжо даўно і пастаянна прыязджаю ў Беларусь на фестываль “Берагіня”, і як, мабыць, самы незалежны эксперт у радзе экспертаў, прадстаўнік іншай краіны, я выразна бачу, што пры ўсёй сваёй унікальнасці “Берагіня” ўсё яшчэ трымаецца выключна на мясцовым энтузіязме такіх рупліўцаў з Акцябрскага раёна, як, напрыклад, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская, і на энтузіязме такіх апантаных у маштабе ўсёй краіны, як нязменны мастацкі кіраўнік фестывалю Мікола Козенка. І нават страшна падумаць, што здарылася б з фестывалем, калі б такія людзі нейкім чынам адышлі ад справы. Безумоўна, “Берагіня” ў такім разе вельмі хутка згасла б… Але як надоўга, наколькі яшчэ хопіць гэтых людзей і іх аднадумцаў? Я задаю гэтае рытарычнае пытанне не для таго, каб пасеяць тут нейкі песімізм, а, наадварот, з аптымізмам, з верай у тое, што ў Беларусі зразумеюць: пра “Берагіню” павінны клапаціцца на высокім дзяржаўным узроўні. І справа тут нават не ў фінансах, а ў адносінах. У належных адносінах дзяржавы да такой выбітнай з’явы, якой з’яўляецца “Берагіня”. Паверце, такога маштабнага і такога канцэптуальнага, строга выбудаванага ў навукова-метадычным сэнсе фестывалю, дзе ўсё было б сарыентавана на аўтэнтычную нацыянальную культуру, сёння няма ні ва Украіне, ні ў Расіі, ні больш нідзе ў свеце. Беларусы, беражыце сваю “Берагіню”. І яна будзе берагчы вас”.

Рудабельская Фальклорная Рэспубліка

І яшчэ раз: чым адметны Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, што новага ён уносіць у культурную палітру нашай краіны, што нечаканага падрыхтавалі арганізатары Х юбілейнага фестывалю, наколькі сёння пазнавальны, папулярызаваны сам гэты брэнд — “Берагіня”? Ці можна красамоўна адказаць на гэтыя і падобныя пытанні? Адказаць менавіта красамоўна і ярка, без ужывання хай справядлівых, але ўсё ж заштампаваных выразаў кшталту “далучэнне моладзі да самабытнай каранёвай культуры нацыі”, “адраджэнне і папулярызацыя аўтэнтычнага фальклору” і г.д.

На самай справе, можна.

Некаторыя з далучаных да фестывалю творчых людзей спрабуюць адказаць на пытанні аб прызванні “Берагіні” вершамі, як, напрыклад, Галіна Анісковіч з гарадскога пасёлка Акцябрскі: “Вось такія яны, мае мары, задачы — // Для роднага краю жыць толькі з аддачай, // Сцвярджаць сваю годнасць, быць гаспадыняй, // Па гэтай зямлі прайсці Берагіняй!”

Некаторыя ўсур’ёз думаюць пра тое, як “забрэндзіць” назву “Берагіня” ў харчовай, тэкстыльнай, сувенірнай прадукцыі. І, трэба сказаць, якія-ніякія прэцэдэнты ўжо маюцца. Напрыклад, на латках з сувенірамі ў Акцябрскім падчас фестывальных дзён можна было ўбачыць магніцікі з назвай “Берагіня”, для сяброў экспертнага савета былі спецыяльна выраблены стыльныя льняныя сумкі з фестывальным лагатыпамм. А хай бы яшчэ з’явіліся, напрыклад, шакаладныя сыркі “Берагіня”. Ці марожанае, ці сорт хлеба, ці безалкагольны напой з гэтай прыгожай назвай… Нешта новае і арыгінальнае заўсёды можна прыдумаць, былі б толькі жаданне і рэсурсы.

Зрэшты, на прэс-канферэнцыі перад адкрыццём фестывалю яго мастацкі і навуковы кіраўнік, выкладчык кафедры беларускай народна-песеннай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Мікола Козенка на традыцыйнае пытанне журналістаў пра новае ў фестывальным руху адказаў вельмі нават арыгінальна: “Мабыць, новым было і застаецца тое, што ўдзельнікі нашага фестывалю ногі высока не падкідваюць і пупы не агаляюць… Вось гэта — заўсёды новае ў нашым сённяшнім жыцці, у наш век прымітыўнай масавай культуры”.

Калі ж зусім сур’ёзна, і Мікола Козенка пра гэта таксама сказаў, сёлетняя “Берагіня”, як ніколі дагэтуль, надзвычай шырока паказала сваю сутнасць у выглядзе канцэптуальных мастацкіх і гістарычных выстаў. І тут на самай справе выразна адчувалася ўнікальная паяднанасць месца і моманту. У сталіцы такія выставы, магчыма, проста згубіліся б, а ў Акцябрскім па-новаму і зусім нечакана “падсвяцілі” фестываль. Пройдземся ж некаторымі выставачнымі фестывальнымі маршрутамі.

У Акцябрскім цэнтры вольнага часу разгарнулася выстава “Асоба ў народнай культуры беларусаў (носьбіты беларускай аўтэнтыкі ў выяўленчым мастацтве)” — серыя партрэтаў рупліўцаў на ніве захавання аўтэнтычнага фальклору, створаных спецыяльна да 20-годдзя “Берагіні” педагогамі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Надзеяй Рубчэняй, Ліліяй Курак, Маргарытай Лапуцькай, Таццянай Красільнікавай, а таксама юнымі ўдзельніцамі народнага клуба юных мастакоў, які працуе ў гэтым цэнтры пад кіраўніцтвам Н.Рубчэні, 16-гадовай Лізаветай Рэбеш і 14-гадовай Лізаветай Бакун.

Педагогі і навучэнцы сталічнага ЦДАДіМ “Ветразь” яшчэ раз ярка нагадалі пра сябе і ў Акцябрскай карціннай галерэі (загадчык Надзея Запруцкая) — без перабольшання ўнікальнай выставай “Выцінанка: беларускі народны танец”. Мы, запрошаныя на фестываль журналісты, нават гадалі перад тым, як патрапіць на гэтую выставу: што ж усё-такі гэта будзе — слова “выцінанка” тут ужываецца ў прамым ці ў пераносным сэнсе? Маўляў, танец у нейкай ступені можна параўнаць з працэсам вырабу выцінанкі, з гэтакім выразаннем у паветры рухаў і скокаў… Аказалася, у прамым, але тым больш уражвальны эфект мела экспазіцыя, у якой майстры з “Ветразя” сродкамі выцінанкі ўвасобілі яркія беларускія народныя танцы — “Каханачка”, “Матлёт”, “Кракавяк”, “Лявоніха”, “Ночка”, “Чобаты”, “Мікіта”, “Падушачка”, “Кола”, “Вяночак”, “Картуз”, “Крыжачок”, “Дзева ў сенях стаяла”, “Пцічкі”… Гэта — проста цуд, гэта — проста прыгожа і вельмі-вельмі арыгінальна.

І тут жа ў карціннай галерэі, на другім паверсе, размясцілася цудоўная фотавыстава “Берагіневы раскрэсы” фотамайстра супрацоўніка газеты “Звязда” Яўгена Пясецкага, уласнага карэспандэнта Беларускага тэлеграфнага агенцтва па Гомельскай вобласці Сяргея Халадзіліна, фотакарэспандэнта газеты “Гомельская праўда” Алега Белавусава, карэспандэнтаў мясцовай раёнкі “Чырвоны Кастрычнік”. На фотаздымках — рэдкія, спрытна падлоўленыя моманты стракатага жыцця “Берагіні” за 20 гадоў, якія больш ніколі не паўторацца наяве і маглі б так і сысці ў вечнасць, калі б пра іх захаванне не падбалі майстры фотасправы.

І, нарэшце, у Акцябрскім цэнтры гісторыі і культуры падчас фестывальных дзён пачала працаваць маштабная мастацка-гістарычная выстава “Рудабельская “Берагіня” ў 20-гадовай прасторы”. Дырэктар цэнтра Карына Курсевіч прызналася, што спачатку вядомы культурны і грамадскі дзеяч пісьменнік Анатоль Бутэвіч прапаноўваў назваць гэтую экспазіцыю “Рудабельская Фальклорная Рэспубліка” па аналогіі з легендарнай Рудабельскай “Рэспублікай” — квазідзяржаўным утварэннем на тэрыторыі Рудабельскага і суседніх валасцей Бабруйскага павета, дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1918) і Польшчы (1919—1920) захоўвалася савецкая ўлада (дарэчы, у цэнтры маецца асобны вялікі раздзел, прысвечаны тагачасным падзеям на Рудабельшчыне). Аднак Мікола Козенка настояў на больш нейтральнай назве, якую чытач прачытаў вышэй і якая сапраўды яскрава адлюстроўвае ўсю 20-гадовую гісторыю фестывалю “Берагіня” ў характарных фотаздымках і друкаваных “берагінскіх” матэрыялах розных гадоў, дыпломах калектываў і асобных удзельнікаў фестывалю, аўтэнтычных мастацкіх творах майстроў з Рудабельшчыны і ўжо сучасных рэчах, створаных пераможцамі конкурсаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў рамках “Берагіні”, сувенірнай прадукцыі і каштоўных падарунках дырэкцыі фестывалю ад шматлікіх замежных гасцей… Павольна абышоўшы ўсю экспазіцыю, я зноў вярнуўся да яе пачатковага раздзела з чорна-белымі фотаздымкамі 1999 года, калі “Берагіня” толькі-толькі рабіла свае першыя крокі па Рудабельшчыне: святкаванне Купалля ў вёсцы Ражаноў, інсцэніроўка каляднай гульні “Кабыла” ў вёсцы Забалацце, танец “Лявоніха” ў выкананні ўдзельнікаў дзіцячага фальклорнага калектыву Ляскавіцкага сельскага дома народнай творчасці, калектыўнае фота на памяць узорнага фальклорнага калектыву “Рудабельскія зорачкі”… Дзе-нідзе на гэтых фотаздымках нават няма належнай рэзкасці, але ўжо выразна бачны прыўзняты рамантычны настрой і адраджэнскія мары тых першых апантаных, якія стаялі ля вытокаў “Берагіні”, а многія крочаць разам з фестывалем у будучыню і па сённяшні дзень. Дарэчы, цікава, што дырэктар Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага Карына Курсевіч сама прымала ўдзел у першых трох “Берагінях” у складзе дзіцячага фальклорнага калектыву “Парэчанька”, калі вучылася ў Парэцкай сярэдняй школе Акцябрскага раёна. “Гэта быў цудоўны час, цёплыя ўспаміны пра які захаваліся для мяне на ўсё жыццё, — гаворыць дырэктар установы. — Тое дзіцячае шчасце пад знакам “Берагіні” доўжылася нядоўга. Калі вучылася ўжо ў старшых класах, трэба было рашуча рыхтавацца да тэсціравання, у якім на той час мала што разумелі не толькі мы, школьнікі, але нават і самі настаўнікі. І “Берагіня” тады неяк знікла з майго жыцця, але, як бачна, не назаўсёды…”

А тое, што сучасная Акцябршчына, сапраўды, з’яўляецца Рудабельскай Фальклорнай Рэспублікай, даказвае хоць той факт, што з усіх дзіцяча-маладзёжных калектываў, прадстаўленых на сёлетняй “Берагіні”, трэць мае прапіску менавіта ў Акцябрскім раёне. І будзе вельмі крыўдна, калі яго, згодна з сённяшнім трэндам аптымізацыі, далучаць да якога-небудзь з суседніх раёнаў. А такія чуткі вельмі непакояць саміх рудабельцаў.

“Дзіўныя” людзі

Гэта, магчыма, для такіх, як я, дзяцей асфальту, карэнных жыхароў вялікіх гарадоў, надзейна адрэзаных ад традыцыйнай народнай культуры яшчэ з самага дзяцінства ў 70-х — 80х гадах, гэтыя людзі могуць падацца дзіўнымі. Але самі яны так не лічаць, жывуць гэтай культурай як дыхаюць і не ўяўляюць па-за ёй свайго жыцця. На самай справе дзіўным, нават не дзіўным, а дзівосным з’яўляецца той факт, што такіх “дзівакоў” у гарадскім пасёлку Акцябрскі падчас фестывалю “Берагіня” не трэба нават шукаць. Яны тут паўсюль — і гэта сапраўдны рай для гарадскога журналіста, якому раптам захацелася дыхнуць свежым водарам духоўнага і культурнага жыцця людзей, натуральна паяднаных са сваёй малой радзімай і традыцыямі продкаў. Аўтар гэтых радкоў у Акцябрскім меў шмат сустрэч з такімі вось людзьмі. Ніжэй — пра некаторых з іх.

Сустрэча першая. На галоўнай фестывальнай сцэне ў гарадскім скверы яшчэ “кружыць святочны карагод” (так называўся канцэрт адкрыцця фестывалю), а побач з ёй у цені рудабельскіх дрэў трэніруюцца танцаваць па парах нейкія людзі. Мяне збянтэжыла, што яны вельмі рознага ўзросту. Я не адразу зразумеў, што гэта адна сям’я ці, прынамсі, адна радзіна. Як высветлілася, яно і сапраўды так, усе прыехалі з Асіповіччыны, каб прыняць удзел у “берагінскім” конкурсе пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых танцаў “Лявоніха” ў розных узроставых катэгорыях. Старэйшая жанчына, Софія Віктараўна Мароз, навучылася народным танцам ад сваіх бацькоў. 25 гадоў яна працавала дырэктарам Пратасевіцкага сельскага дома культуры і кіравала там фальклорным калектывам “Сузор’е”. Сышоўшы на заслужаны адпачынак, лейцы кіравання перадала сваёй дачцэ Наталлі, якую з дзяцінства зацікавіла фальклорным мастацтвам. Тая далучыла да гэтай культуры свайго мужа, а ўжо яны ўсе разам захапілі народнымі танцамі адпаведна сваіх дзяцей і ўнукаў ды іншых дзяцей з аграгарадка Забалацце, вёскі Пратасевічы, суседніх населеных пунктаў Асіповіччыны… Ну, хіба не цуд, калі вось так проста і натуральна, пакаленне за пакаленнем, перадаецца жывая традыцыя, прадзецца нітка сапраўднага насычанага жыцця! А яно ў Софіі Віктараўны, Наталлі ды ўсіх іх родных, сапраўды, насычанае. Наталля са сваім калектывам “Сузор’е” часта гастраліруе, у тым ліку і па замежжы, іх дружная радзіна прымала ўдзел у тэлевізійным фальклорным шоу “Хата на хату”, Софія Віктараўна піша вершы, выдала ўжо шэсць паэтычных зборнікаў, а спецыяльна да юбілею “Берагіні” напісала верш, у якім ёсць такія шчырыя словы: “Наш фестываль завецца “Берагіня”. // Ён беражэ традыцыі дзядоў. // І нездарма ён носіць гэта імя. // Няхай жыве, квітнее шмат гадоў!”

Сустрэча другая. На прыступках Акцябрскага цэнтра вольнага часу бачу немаладога мужчыну, абкладзенага з усіх бакоў саламянымі брылямі. Гэта Уладзімір Аляксандравіч Ціханоўскі з вёскі Рачэнь Любанскага раёна. Ён уласнаручна робіць свае брылі. Здаўна. Навучыўся гэтаму мастацтву яшчэ ў дзяцінстве. 47 гадоў узначальваў Дом культуры ў вёсцы Рачэнь, а цяпер, на пенсіі, аддае “брылёвай” справе ўвесь вольны час. Пытаюся яго, колькі часу трэба, каб сплесці адзін брыль. Кажа, што недзе 3 дні, праўда, з істотным удакладненнем: “Калі жонка не чапае ні з якой іншай працай…”. Забываюся пра сціпласць: “А па колькі прадаяце?” — “25”. (Падумаў пра сябе: “А гэта ж насамрэч мала. У Мінску за такія брылі, якія, як кажа Уладзімір Аляксандравіч, праслужаць дзесяць гадоў і болей, маглі б прасіць і ўсе 100”.) “А колькі ўжо прадалі?” — “Адзін”. На наступны дзень зноў бачу Уладзіміра Аляксандравіча на тым жа месцы, але брыль ля яго толькі адзін. “Няўжо прадалі ўсе?” — пытаюся. “Ага!” — задаволена адказвае дзед. — “Восем штук!”

Сустрэча трэцяя. Знаёмлюся з кіраўніком дзіцячага танцавальнага калектыву “Мотолянэ” з аграгарадка Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці Эльмірай Каткавец. Даведваюся, што калектыў працуе па спецыяльна распрацаванай праграме, у аснову якой пакладзены даследаванне, вывучэнне і захаванне мясцовага фальклору, дзеля чаго абавязкова праводзяцца этнаграфічныя экспедыцыі да носьбітаў фальклору. “А што вылучае ваш мотальскі народны танец?” — “Ён дастаткова кансерватыўны, гэтакі паважны, нават крыху манерны, — адказвае Эльміра Юнураўна. — І я стараюся, каб у маіх дзяцей спаднічкі не калыхаліся, каб ручкі былі на месцы. Сціпла, але з годнасцю. У Моталі ніколі не было прыгонніцкага права, маталяне заўсёды вылучаліся сваёй высакароднасцю”. Слухаю сваю суразмоўніцу, гляджу на яе і… зноў забываюся на сціпласць: “Эльміра Юнураўна, даруйце, але не магу не заўважыць па рысах вашага твару, што самі вы маеце не зусім беларускія карані, здаецца, хутчэй, казахскія…”. І адказ: “Ну, так… Але якая розніца? Нарадзілася я ў вёсцы Моталь і ўсё жыццё тут”.

Сустрэча чацвёртая. Яшчэ перад камандзіроўкай у Акцябрскі ў адным з анонсаў сёлетняй “Берагіні” напаткаў інфармацыю, што сярод замежных гасцей (двух калектываў з Расіі і аднаго гурта з Латвіі) на фестываль завітае і народны майстар з Даніі. Але ж дужа “падазроным” мне падалося ўжо тады імя Таццяна гэтага народнага майстра з Даніі з прозвішчам Расмусен. “Падазрэнні” на нядацкае паходжанне яшчэ больш узмацніліся, калі ўжо ў Акцябрскай карціннай галерэі я ўбачыў калекцыю аўтэнтычных беларускіх народных касцюмаў і створаных сёння на ўзор аўтэнтыкі аўтарства Таццяны Расмусен. А потым мы пазнаёміліся. Як высветлілася, Таццяна, у дзявоцтве Івашына, родам з Мінска, народным строем захапілася, калі працавала ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Сама асвоіла мастацтва стварэння народнага касцюма, пачала апранаць вядомыя фальклорныя гурты, у прыватнасці, “Ліцвіны” і “Церніца”. А калі 11 гадоў назад пабралася шлюбам з датчанінам ды з’ехала на ПМЖ у невялікі гарадок Грэве недалёка ад Капенгагена, не забылася і там пра сваю любімую справу. Працуе бібліятэкарам, а ў вольны час увіхаецца над строямі, шыючы іх пераважна для прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы і, канечне ж, для сябе самой, бо сёння для яе гэта і адхланне, і спатоля настальгіі па Радзіме. “Нават і не ведаю, што б я там рабіла, як бы жыла наогул, калі б не народны строй, — гаворыць Таццяна Расмусен. — Толькі ён і ратуе. Ды яшчэ вось такія паездкі на Радзіму раз у год… Як часам я жартую са сваімі сяброўкамі, кожны з маіх асабістых народных касцюмаў, а іх у мяне чатыры, пішчыць, што яго трэба выгуляць. Таму я так і люблю “Берагіню”. У Даніі такога няма. У іх ёсць толькі святы піва. Толькі аднойчы ў адной дацкай вёсцы я ўбачыла некалькі бабуль у іх народных строях, але гэта былі, мабыць, строі іх прабабуль…” 

Сустрэча пятая. З адным са старажылаў “Берагіні”, вядомым апантаным адраджэння аўтэнтычнай народнай культуры, кіраўніком славутых калектываў “Верабейкі” і “Напарачка” з Любані Сяргеем Выскваркам. З Сяргеем Георгіевічам я меў досыць падрабязную размову 6 гадоў назад на адной з папярэдніх “Берагінь”, а таму сёлета проста запытаў яго, ці задаволены ён тым, як ідуць справы ў яго калектывах сёння, ці радуюць яго сённяшнія выхаванцы, ці не засмучае “Берагіня-2018”. “Я сваімі выхаванцамі задаволены. Задаволены незалежна ад вынікаў нейкіх конкурсаў ці фестываляў. Галоўнае, што ёсць стыль, манера, стрыжань мясцовай традыцыі… А што тычыцца самога фестывалю “Берагіня”, то ён і сёння, і 4, і 8 гадоў назад прыблізна аднолькавы. Здаецца, як ціхая вада, хоць кожны год прыязджаюць новыя людзі, з абноўленымі праграмамі. Але ж самі калектывы застаюцца на ўсё тым жа сваім высокім, прафесійным і прыгожым узроўні. Нават і не ведаю, ці трэба ім далейшы рост. І куды? Аўтэнтыка ж, да якой мы імкнёмся, нікуды не расце — ні ўверх, ні ўніз. Яна застаецца аўтэнтыкай, традыцыяй як ёсць — у сваім натуральным харастве”.

У кітайскай мове няма слова “фальклор”, а ў беларускай ёсць слова “берагіня”

Загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дацэнт, кандыдат культуралогіі, сябра Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня рады экспертаў Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” Вячаслаў Калацэй адзначае: “Берагіня” дае свой багаты плён. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што за 20 гадоў існавання фестывалю ўжо сфарміраваліся рэгіянальныя школы традыцыйнага мастацтва — у самім Акцябрску і Акцябрскім раёне (“Рудабельскія зорачкі”, “Некрашынка”, “Цярэшкавы шчодрыкі”), на Барысаўшчыне (“Берагіня”), у Расонах (“Нежачкі”), у Мінску (“Мілавіца” пры ЦДАДіМ “Ветразь”) і іншых населеных пунктах. З адносных навічкоў сёлета вельмі парадаваў гурт “Мотолянэ” з Моталя. У гэтых нефармальных школах працуюць людзі, якія маюць свой стыль выкладання, свае перакананні. За гэты час праз іх рукі і сэрцы прайшлі ўжо цэлыя пакаленні дзяцей і моладзі — дзясяткі і нават сотні тысяч чалавек. І сёння мы можам ужо гаварыць пра пэўную адметную субкультуру, пра пэўную супольнасць, для ўдзельнікаў якой аўтэнтычная культура не з’яўляецца іншай планетай. Яны ў гэтым мастацтве, у гэтай культуры. І з цягам часу яны змогуць і ўдасканаліцца як выканаўцы, і разам з тым перадаваць усё гэта наступным пакаленням беларусаў… Трэба разумець, што пры ўсіх магчымых сцэнарыях эканамічнага і палітычнага развіцця нашага свету толькі аўтэнтычная каранёвая культура дазволіць той ці іншай нацыі захаваць сваю ідэнтычнасць. І ў многіх развітых еўрапейскіх краінах гэта зразумелі. Усходнім краінам у гэтым сэнсе лягчэй. Напрыклад, у кітайскай мове няма нават такога слова, як “фальклор”, таму што фальклор для іх — не нейкая дыстанцыяваная культура, а тое, у чым яны жывуць. Яны даўно, пасля ўсіх шматлікіх спроб іх каланізаваць і захапіць зразумелі, што этнічная культура — гэта тое, што трэба захоўваць, што калі яе не будзе, не будзе і іх як народа. Разам з тым сёння Кітай з’яўляецца рэальным канкурэнтам ЗША па розных эканамічных паказчыках, а дзе-нідзе і абганяе Амерыку. Такім чынам, адно другому, я маю на ўвазе развіццё этнічнай культуры і эканамічнае развіццё, не перашкаджае, а, наадварот, яны ўзаемадапаўняльныя. А нашым кіраўнікам фальклорных калектываў іншы раз, на жаль, даводзіцца яшчэ даказваць, што гэта важна не толькі для іх саміх, але і для ўсіх, што яны працуюць на ўвесь народ, усю краіну. Але, дзякуй богу, сітуацыя ў гэтым сэнсе паціху ўсё-такі зрушваецца ў лепшы бок. Тыя ж банеры з веткаўскімі карагодамі на мінскіх вуліцах яшчэ немагчыма было б уявіць якіх 20 гадоў назад… Людзі пачынаюць звяртацца да сваёй спадчыны і разумець, што гэта не проста атавізм, а частка ўсёй сучаснай культуры”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.