Па ініцыятыве моладзі

- 10:28Суразмоўца, Суразмоўца

Пра напрамкі маладзёжнай палітыкі, на якія накіравана работа Міністэрства адукацыі, а таксама пра развіццё маладзёжнага руху расказвае Таццяна Анатольеўна СІМАНОЎСКАЯ, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі.

Крытэрыі эфектыўнасці         

— Апошнім часам часта гавораць пра эфектыўнасць работы з моладдзю. Якімі могуць быць крытэрыі ацэнкі такой работы?

— Сёлета актыўна вядзецца работа па распрацоўцы пераліку паказчыкаў эфектыўнасці дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў краіне з улікам аб’ектыўных рэалій развіцця маладзёжнага сектара. У найбліжэйшы час праект будзе накіраваны ў рэгіёны для абмеркавання на дыялогавых пляцоўках з удзелам аўтарытэтных экспертаў, прадстаўнікоў розных маладзёжных аб’яднанняў. Але на гэтым не спыняемся. Прыярытэтным для нас з’яўляецца пытанне патрыятычнага выхавання моладзі, для вырашэння якога ў мінулым годзе была распрацавана адпаведная мадэль, падрыхтаваны і выда­дзены дапаможнік. Право­дзіцца вялікая колькасць разнапланавых мерапрыемстваў, акцый і праектаў. Але сёння мы не маем адказу на пытанні: наколькі гэтага хапае для выхавання нашай моладзі? Ці эфектыўныя метады і формы мы выкарыстоўваем? Менавіта таму мы распрацоўваем крытэрыі эфектыўнасці рэалізацыі праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва, у тым ліку моладзі. На чарговым пасяджэнні міжведамаснай групы яны бу­дуць дакладна абмеркаваны.

— Асноўны прыярытэт — фарміраванне ў моладзі патрыятызму і грамадзянскасці. Свое­асаблівай пляцоўкай у развіцці гэтых якасцей у юных грамадзян нашай краіны з’яўляецца сёлетні Год гістарычнай памяці. 

— Мы выкарыстоўваем традыцыйныя напрамкі і шукаем новыя формы грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, якія былі б асобасна значнымі для яе, сугучнымі з асабістай гісторыяй, гісторыяй сваёй сям’і, роду, малой радзімы. Такі падыход дазваляе маладым людзям больш пранікнёна ўспрымаць гістарыю сваёй краіны, выклікае моцны эмацыянальны водгук. Важна тое, што ўсе формы і метады выхаваўчай работы павінны быць у значнай меры ініцыірававаны, вызначаны і падтрыманы самой моладдзю. Толькі пры такім падыходзе нам удасца забяспечыць усебаковае прыцягненне маладых грамадзян да захавання гістарычнай спадчыны з улікам акцэнтаў Года гістарычнай памяці. Гэта магчыма, калі наладжана зваротная сувязь з моладдзю праз адкрыты дыялог, дыялогавыя пляцоўкі. Умовы для гэтага ёсць. Інтэрактыўная платформа “Патрыёт.by” дазваляе праводзіць дастатковую колькасць мерапрыемстваў з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў.

Без фармалізму 

— Таццяна Анатоль­еўна, на ваш погляд, ці існуе сёння неабходнасць узняцця ­прэстыжу грамадскіх мала­дзёжных арганізацый?

У Год гістарычнай памяці знакавы праект — Усебеларуская маладзёжная будоўля на тэрыторыі дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Яна стала сімвалам аб’яднання моладзі грамадзянска-патрыятычнай ідэяй, сацыяльнай актыўнасці маладых грамадзян, папулярызацыі і развіцця студатрадаўскага руху.

— Безумоўна, нам трэба ўдасканальваць формы і метады гэтай работы такім чынам, каб кожны малады чалавек мог праявіць сваю актыўнасць, адчуць сваю значнасць і самарэалізавацца згодна са сваімі інтарэсамі і магчымасцямі. У краіне ажыццяўляюць дзейнасць каля 184 маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Пагаджуся, што сёння ў дзейнасці некаторых арганізацый існуе фармалізм. Мы імкнёмся яго выкараніць, у тым ліку праз дакладнае падзяленне сфер дзейнасці і зон адказнасці. Так, у прыватнасці, ва ўстановах адукацыі актыўна працу­юць студэнцкія саветы і грамадскія аб’яднанні. Але ў кожнага ёсць свае прыярытэтныя напрамкі дзейнасці. Напрыклад, БРСМ курыруе другасную занятасць і МААП. Прафкам студэнтаў займаецца сацыяльнай падтрымкай студэнтаў і вырашэннем жыллёва-бытавых пытанняў. Студэнцкі савет дапамагае навучэнцам самарэалізоўвацца ў рамках адукацыйнага працэсу. Савет маладых навукоўцаў забяспечвае развіццё навуковай дзейнасці студэнцкай моладзі. Пры тым што дзейнасць БРСМ і прафкама студэнтаў дакладна вызначана нормамі іх статута і палажэнняў, студэнцкае самакіраванне да нядаўняга часу не мела нарматыўнага замацавання. З увядзеннем новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі наша міністэрства зацвер­дзіла і накіравала ва ўстановы вышэйшай адукацыі Палажэнне аб студэнцкіх саветах. Гэта дапаможа больш выразна акрэсліць кола адказнасці за праве­дзеную работу і дакладна вызначыць напрамкі дзейнасці гэтых саветаў. Для таго каб усе мала­дзёжныя аб’яднанні не мелі фармальнага падыходу і займаліся рэальнай справай, трэба да іх дзейнасці далучаць лідараў, якія карыстаюцца аўтарытэтам і павагай сярод моладзі.

Задзейнічаць па максімуме

— У рэалізацыі маладзёжнай палітыкі на парадку дня ­стаіць кадравае пытанне, і перш-наперш гэта тычыцца пашырэння кола ўдзельнікаў выхаваўчага працэсу. Вы згодны з гэтым?

— Так, асабліва гэта тычыцца ўстаноў вышэйшай адукацыі. Не толькі рэктар, прарэктар па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце і падпарадкаваныя яму ўпраўленні і куратары павінны быць заклапочаны выхаваннем будучага спецыяліста. Мэтазгодна да гэтага працэсу прыцягваць дэканаў, намеснікаў дэканаў факультэтаў, прафесарска-выкладчыцкі склад, маладых вучоных. Выкладчыкаў трэба ву­чыць уменню мець зносіны з людзьмі іншага пакалення, з іншымі ўяўленнямі і іншай шкалой каштоўнасцей, разумець і ўлічваць пазіцыі, інтарэсы, густы і погляды студэнцтва. Таксама трэба шырэй уцягваць выкладчыкаў у выхаваўчы працэс праз развіццё інстытута куратарства. Элементарная ўвага да студэнтаў, улік іх разумных просьбаў, прэтэнзій, падтрымка ініцыятыў са­дзейнічаюць падтрыманню спакойнай працоўнай атмасферы. Міністэрства адукацыі ў сваю чаргу вя­дзе работу над абнаўленнем інструкцыі аб дзейнасці куратара вучэбнай групы ва УВА.

Для таго каб усе маладзёжныя аб’яднанні не мелі фармальнага падыходу і займаліся рэальнай справай, трэба да іх дзейнасці далучаць лідараў, якія карыстаюцца аўтарытэтам і павагай сярод моладзі.

Акрамя таго, неабходна больш адказна падыходзіць да кадравага пытання тым работнікам, якія працу­юць з моладдзю на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Кваліфікаваны спецыяліст па рабоце з моладдзю пры цесным узаемадзеянні з сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ, прафкамам, пры падтрымцы намесніка кіраўніка па ідэалагічнай рабоце можа забяспе­чыць неабходныя ўмовы для працуючай моладзі ў розных сферах яе інтарэсаў. Таму неабходна працягнуць работу па ўвя­дзенні асобнай пасады “спецыя­ліст па рабоце з моладдзю” ў прамысловым сектары. Падрыхтоўка такіх спецыя­лістаў вядзецца ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы з выдачай дыплома пасля двухгадовага навучання, кваліфікацыя прысвоена больш як 180 спецыялістам. 

Студатрад — школа жыцця 

— Чым занята наша моладзь гэтым летам?

— Каб пазбегнуць негатыўных праяўленняў у жыцці моладзі, трэба прыцягваць яе да працоўнай дзейнасці. Па-ранейшаму папулярнымі сярод моладзі застаюцца студэнцкія атрады. І на гэта ёсць некалькі прычын. Па-першае, студатрад — гэта школа жыцця, дзе можна атры­маць не толькі практычныя асновы той ці іншай спецыяльнасці, але і навучыцца працаваць у камандзе. Па-другое, гэта магчы­масць прая­віць сябе, раз­віць лідарскія якасці. Па-трэцяе, зара­біць грошы ўласнай працай. Каардынуе студатрадаўскі рух Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ, які штогод працаўладкоўвае тысячы хлопцаў і дзяўчат. Сёлета студэнцкія атрады масава пачалі работу з ліпеня, заяўкі на работу ў студэнцкіх атрадах падалі 32 794 чалавекі. У Год гістарычнай памяці знакавы праект — Усебеларуская маладзёжная будоўля на тэрыторыі дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Яна стала сімвалам аб’яднання моладзі грамадзянска-патрыятычнай ідэяй, сацыяльнай актыўнасці маладых грамадзян, папулярызацыі і развіцця студатрадаўскага руху. Таксама ў працоўным семестры гэтага года рэалізуюцца такія працоўныя праекты, як “Горад маладосці” (Астравец), мала­дзёжны вытворчы праект “Атлант-2022”, працоўныя праекты “Трактарабудаўнік-2022” на ААТ “МТЗ” і “Аўтазаво­дзец-2022” на ААТ “МАЗ”, педагагічны праект “Важаты” на базе Нацыянальнага дзіцячага цэнтра “Зубраня” і інш. Дарэчы, прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі для студэнтаў кароткатэрміновага практыка-арыентаванага сертыфікаванага навучання па асноўных праграмах прафесійнага навучання ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў па прафесіях рабочых і пасадах служачых.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.