Па ініцыятыве моладзі

У Нацыянальным дзіцяча-маладзёжным форуме “Скарынаўскія дні ў Полацку” прынялі ўдзел прадстаўнікі больш чым дваццаці гарадоў Беларусі, Азербайджана і Латвіі.

Яркі пазітыўны пачатак новага навучальнага года, дзіцяча-маладзёжная праекцыя Дня беларускага пісьменства, прэзентацыя новых маладзёжных і адукацыйных ініцыятыў і праектаў, форум гарадоў, дружалюбных да дзяцей, ператвораныя ў інтэрактыўную адукацыйную пляцоўку полацкія вуліцы і плошчы, сустрэча маладзёжных лідараў з розных куткоў Беларусі і замежжа, Скарынаўская алімпіяда, інтэлектуальны турнір і творчыя конкурсы, нарэшце, старт урачыстасцям з нагоды Дня горада — усё гэта пра “Скарынаўскія дні”.

Незвычайнае свята на пачатку верасня стала яшчэ адной цудоўнай традыцыяй старажытнага Полацка. Цікава і характэрна, што яго ідэя належыць маладым нашчадкам Скарыны: нацыянальны дзіцяча-маладзёжны форум з’яўляецца рэалізацыяй ініцыятывы маладзёжнага парламента пры Полацкім раённым Савеце дэпутатаў, прымеркаванай да Дня беларускага пісьменства. Першы форум у 2014 годзе праходзіў у фармаце адкрытага раённага мерапрыемства, але літаральна праз год набыў рэспубліканскі статус. Больш за тое, з кожным разам яго маштаб, вядомасць і геаграфія ўдзельнікаў пашыраюцца, напрыклад, сёлета свае конкурсныя творчыя работы завочна даслалі навучэнцы з Расіі, Швейцарыі і Мальты. Арганізатарамі “Скарынаўскіх дзён” выступаюць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Полацкі раённы выканаўчы камітэт і асветніцкая ўстанова “Офіс прасоўвання ініцыятыў” (Мінск); каардынуе арганізацыю і правядзенне ўпраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама.

— Вы сабраліся на зямлі беларускіх асветнікаў — прападобнай Ефрасінні Полацкай, першадрукара Францыска Скарыны, паэта Сімяона Полацкага. Невыпадкова гэтае штогадовае маштабнае мерапрыемства праходзіць падчас святкавання Дня горада, — адзначыў у звароце да ўдзельнікаў і арганізатараў “Скарынаўскіх дзён” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук. — У Полацка асаблівы статус. Наш горад — духоўна-асветніцкі і культурны цэнтр Беларусі, геаграфічны цэнтр Еўропы, у яго непаўторная чароўная аўра. Тут, на высокім беразе Дзвіны, нараджалася беларуская дзяржаўнасць. Сотні гадоў яна кавалася ў горне гісторыі, гартавалася і ўмацоўвалася шматлікімі выпрабаваннямі і бліскучымі перамогамі. Вас аб’ядноўвае малады запал і сур’ёзнае жаданне стаць лепшымі ў выбранай справе. Менавіта такія, як вы, здольны пакарыць вяршыні ў палітыцы, культуры, бізнесе, зрабіць адкрыцці ў навуцы. Няхай кожнаму з вас спадарожнічае ўдача!

Форум стартаваў у полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны з трэнінгу “Маніторынг і ацэнка эфектыўнасці маладзёжных ініцыятыў” для прадстаўнікоў дзіцячых і маладзёжных парламентаў гарадоў, дружалюбных да дзяцей, лідараў маладзёжных саветаў, а таксама педагогаў і спецыялістаў, якія курыруюць гэты напрамак. На трэнінгу ўдзельнікі вучыліся праводзіць маніторынг праблем падлеткаў у рэгіёне, працаваць са статыстыкай і адкрытымі данымі, а потым на аснове атрыманых ведаў распрацоўвалі канцэпцыі ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне жыцця ў сваіх населеных пунктах.

Мора незабыўных уражанняў падарыў гаспадарам і гасцям свята вечар сустрэчы сяброў “Маладосць! Эрудыцыя! Дружба!” на базе аддзела турызму і актыўнага адпачынку Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі з конкурсамі, каманднымі гульнямі ў вяровачным гарадку, дыскатэкай і караоке на свежым паветры, дэнс-батлам і фаер-сэлфі. На наступны дзень у зялёнай зоне ля бюста Р.І.Кандраценкі і на плошчы Францыска Скарыны разгарнулася інтэрактыўная пляцоўка “Крыжаванка дзяцінства”, дзе кожны меў магчымасць пазнаёміцца з арт-аб’ектамі прысвечанага Году малой радзімы творчага праекта “Краіна майго дзяцінства”.

Іскрынка “Скарынаўскіх дзён” — нестандартныя адкрытыя ўрокі, якія для жыхароў і гасцей горада праводзяць разам з педагогамі юныя палачане. Фактычна на некаторы час цэнтр Полацка ператвараецца ў велізарную школу пад адкрытым небам, дзе замест прывычных класаў — плошчы, скверы і пляцоўкі ля памятных мясцін, а замест школьных калідораў — гарадскія вуліцы. Сёлета ўрокі прайшлі пад дэвізам “Цябе люблю! Табой ганаруся! Мой Полацк, наша Беларусь!”.

Перспектывы развіцця маладзёжнай палітыкі, цікавы вопыт і дзейнасць маладзёжных парламентаў у рэгіёнах маладыя лідары, педагогі і прадстаўнікі органаў улады абмеркавалі за круглым сталом “Падтрымка маладзёжных ініцыятыў на мясцовым узроўні” у малой зале Полацкага райвыканкама. Там жа былі арганізаваны дыскусійны пул “Падтрымка маладзёжных ініцыятыў”, грамадская кансультацыя “Хто і як падтрымлівае падлеткавыя (маладзёжныя) ініцыятывы”. Маладых журналістаў запрасілі на трэнінг “Медыйная падтрымка маладзёжных парламентаў і іх ініцыятыў”.

Асобнай старонкай у гісторыю форуму ўпісана традыцыйная Скарынаўская алімпіяда, на адкрыцці якой у ліку ганаровых гасцей прысутнічала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава. Вынікі алімпіяды ацэньвалі вопытныя педагогі, палітыкі, грамадскія дзеячы. Так, журы конкурсу прамоўцаў узначальваў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Дзевятоўскі.

Урачыстыя фінальныя акорды “Скарынаўскіх дзён” прагучалі ў Цэнтры культуры “Полацк”. Падчас святочнай праграмы “Спадчына Скарыны” юныя артысты падарылі ўсім прысутным свае творчыя выступленні, а пераможцы алімпіяды і конкурсаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У конкурсе сацыяльных ролікаў “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца” 1-е месца і прыз глядацкіх сімпатый заваяваў “Сэлфі-тур па горадзе Горкі” (Яна Шарстнёва і Іван Самусеў, гімназія № 1 Горак), 2-е месца — у роліка “Краіна майго дзяцінства” (Кірыл Васіленка, Марыя Станкевіч, Паліна Сляпцова і Лідзія Кажамячонак, Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі), 3-е — у роліка “Фарынава: мая Радзіма, мой гонар, мая любоў” (Глеб Мялешка, Фарынаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Полацкага раёна). Наймацнейшымі ў інтэлектуальных гульнях “Скарынаўскі скрутак” і “Што? Дзе? Калі?” паказалі сябе каманды з Гарадка “Серые ВКЛеточку”, Горак “Компас” і Полацка Pringles (1-е, 2-е, 3-е месцы адпаведна). Тройка лідараў творчага конкурсу “Спяваем разам” размеркавалася наступным чынам: 1-е месца — “Асалода” (гімназія № 1 Горак), 2-е — “Вясёлыя ноткі” (Палац дзяцей і моладзі Наваполацка), 3-е — “Капрыз” (Ушацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі). Пераможцамі Скарынаўскай алімпіяды сталі: па выніках выканання комплекснай работы па гісторыі Беларусі і Полацка, біяграфіі Францыска Скарыны Ульяна Бабко (Полацкая дзяржаўная гімназія № 2) — 1-е месца; Уладзіслаў Кебец (сярэдняя школа № 45 Віцебска) і Таццяна Антаненка (гімназія № 1 Горак) — 2-е месца; Настасся Лабусава (сярэдняя школа № 16 Оршы), Надзея Арцюх (Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа) — 3-е месца; у конкурсе мастацкага чытання: Дар’я Сурнова (гімназія № 2 Салігорска) — 1-е месца; Уладзімір Малышкін (полацкая дзяржаўная гімназія № 2) і Ксенія Плоткіна (гімназія № 1 Горак) — 2-е месца; Андрэй Баханькоў (сярэдняя школа № 16 Полацка), Дзінара Гарбукова (сярэдняя школа № 14 Віцебска) і Паліна Кушнер (сярэдняя школа № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка) — 3-е месца; Карына Ісаенкава (сярэдняя школа № 16 Оршы) — пахвальны водгук; у конкурсе прамоўцаў: Паліна Чарлёнак (полацкая дзяржаўная гімназія № 2) і Валянціна Саўко (сярэдняя школа № 16 Полацка) — 1-е месца; Настасся Машэра (гімназія № 8 Віцебска) — 2-е месца; Кірыл Гуркоў (гімназія № 1 Горак) — 3-е месца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены ўпраўленнем па адукацыі Полацкага райвыканкама.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *