Па кім звоніць звон

- 12:29Год гістарычнай памяці

Крыніца ў гонар свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага знаходзіцца на ўскраіне в.Выдранкі Краснапольскага раёна. 

Вада з гэтай ушанаванай людзьмі крыніцы лічыцца святой і гаючай.

Гэтае ўнікальнае месца знаходзіцца ў распараджэнні праваслаўнага храма, які размешчаны непадалёку. Прыхаджанамі на чале з яго настаяцелем іерэем Віктарам Давыдзенкам была добраўпарадкавана крынічная тэрыторыя: вымашчана тратуарнай пліткай дарожка, што вядзе да крынічнага калодзежа, над крыніцай узведзена капліца, побач пабудавана купель, устаноўлены праваслаўны крыж.

Храм свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага (1905 г.) — унікальны помнік драўлянага дойлідства, пабудаваны без ніводнага цвіка, што вялікая рэдкасць. Па некаторых звестках, узве­дзены ён быў па плане знакамітага архітэктара Б.Растрэлі (1700—1771), які праектаваў Зімні палац у Пецярбургу.

Са з’яўленнем храма звязва­юць такую легенду. Жыла ў гэтых мясцінах памешчыца Бараноўская, і былі ў яе хворыя ногі. Што ні рабіла, нічога не дапамагала. Але аднойчы ў сне пані атрымала знак: вылечышся, калі паставіш на гэтым месцы храм. Што яна і зрабіла. Пра далейшы лёс памешчыцы дакладна нічога не вядома, а вось пра цуды мясцовыя жыхары пагаворваюць. У намоленых сценах храма захоўваецца некалькі цудадзейных абразоў, у тым ліку і той, што папярэдзіў аб чарнобыльскай катастрофе. Незадоўга да аварыі былы настаяцель храма заўважыў у правым вугле абраза Серафіма Сароўскага воблака, якое невядома адкуль узнікла. З яго выступала вільгаць, якая затым выпарылася, а воблака… так і засталося. Хаця старыя і казалі, што не да дабра гэта, але ніхто тады так і не зразумеў, што гэта быў знак напярэдадні аварыі…

Нягледзячы на тое, што гэтыя мясціны пацярпелі ад чарнобыльскай бяды, сюды едуць турысты і паломнікі з далёкага замежжа. Адны — на экскурсію, іншыя — за духоўным і цялесным вылячэннем. ­Едуць да абраза Мар’інагорскай Божай Маці, які міраточыць пяць гадоў, да абраза Мікалая Цудатворца, ад якога ідзе асаблівая Боская ласка, да святой крыніцы. У кнізе водзываў храма запісаны сведчанні аб цудадзейных вылячэннях. Людзі вераць, і Бог ім дапамагае. 

На тэрыторыі храма ёсць і брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У час вайны нямецкі снайпер забраўся на званіцу храма і вёў адтуль агонь па нашых салдатах. Камандзір забараніў страляць па царкве з гарматы, снайпера ўдалося ліквіда­ваць і без таго… У брацкай магіле пахаваны 72 байцы. Айцец Віктар з прыхаджанамі апякуюцца над магілай і над пахаваннем партызан і мясцовых жыхароў, расстраляных немцамі ў
в.Выдранцы падчас акупацыі. Аб той вайне тут нагадвае і звон царкоўнага звана, зробленага з корпуса авіябомбы.

Надалёка ад Выдранкі знаходзіцца яшчэ адна жыватворная крыніца — у гонар святога прарока Іаана Хрысціцеля. Размешчана яна на тэрыторыі в.Мхінічы, адчужанай пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У гэтым месцы асаб­лівая атмасфера — спустоша­насць і нябачная прысутнасць чалавека. Тут як нідзе прасякаешся трагедыяй лю­дзей, якія вымушаны былі пакі­нуць свае родныя мясціны. Вёска цалкам знікла з зямлі, а крыніца захавалася. Дзякуючы старанню настаяцеля храма ў в.Выдранцы айца Віктара і прыхаджан, Прадцечанская крыніца была адроджана. Побач з ёй пабудавана капліца, узведзена добраўпарадкаваная купель.

Да святой крыніцы прыязджаюць сем’ямі з усёй акругі. Даследаванні вады паказваюць, што яна адрозніваецца ад звычайнай не толькі смакавымі якасцямі, але і па хімічным складзе — колькасцю карысных элементаў: фтору, магнію, серабра.

Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што з часам вёска Мхінічы адродзіцца, што тут пачнуць будаваць дамы. Зараз тут вядзецца будаўніцтва драўлянага храма. Бо адраджэнне заўсёды пачынаецца з веры.

Алена ХАРАШЭВІЧ. 
Фота аўтара.