Па кожным спартыўным аб’екце рэалізоўваюцца дэталёвыя планы падрыхтоўкі

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Усе аб’екты для правядзення II Еўрапейскіх гульняў будуць поўнасцю падрыхтаваны да 15 мая бягучага года. Пра гэта заявіў на пасяджэнні Выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта прэм’ер-міністр Сяргей Румас, які ўзначальвае аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што да пачатку Еўрапейскіх гульняў у Мінску застаецца крыху больш за два месяцы і да гэтага часу аб’екты, якія бу­дуць задзейнічаны для іх арганізацыі і правядзення, знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці. “Да 15 мая неабходна забяспечыць поўную гатоўнасць усіх аб’ектаў”, — падкрэсліў Сяргей Румас.

Па кожным спартыўным аб’екце гульняў рэалізоўваюцца дэталёвыя планы падрыхтоўкі. Цяпер заканчваецца ўзвядзенне часовай інфраструктуры, завяршаецца закупка неабходнага абсталявання.

“На спартыўных аб’ектах праведзены ўжо тэставыя спаборніцтвы па 14 спартыўных дысцыплінах, у ходзе якіх дэталёва адпрацаваны дзеянні ўсіх зацікаўленых службаў. З красавіка да пачатку чэрвеня бу­дуць праведзены тэставыя спаборніцтвы яшчэ ў 7 відах спорту”, — праінфармаваў прэм’ер-міністр, дадаўшы, што спаборніцтвы не выявілі сур’ёзных праблем і ­атрымалі станоўчую ацэнку міжнародных экспертаў.

Прадаўжаецца таксама падрыхтоўка інфармацыйна-тэхналагічнай платформы, якая ўключае акрэ­дытацыю, кіраванне персаналам, транспартны, лагістычны, медыцынскі і іншыя сэрвісы. “Яе распрацоўка практычна завершана. Асобныя модулі гэтай сістэмы прайшлі ўжо тэставую апрабацыю. Тэсціраванне ўсіх сэрвісаў будзе выканана ў маі бягучага года ў час тэставых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы”, — сказаў Сяргей Румас.

Ён звярнуў увагу, што пытанні размяшчэння ­ўдзельнікаў і гасцей гульняў ужо вырашаны: “Для пражывання спартсменаў і трэнераў — каля 6 тысяч чалавек — будзе задзейнічаны комплекс “Студэнцкая вёска”. Праведзена работа па рассяленні студэнтаў. Усім прадастаўлены месцы пражывання ў іншых інтэрнатах. Вызначаны гасцініцы і забраніраваны нумары, неабходныя для размяшчэння прадстаўнікоў спартыўных дэлегацый, афіцыйных асоб замежных дзяржаў і іншых гасцей”.

Акрамя таго, для гасцей і турыстаў у сталіцы будзе даступна каля 7 тысяч месцаў без уліку кватэр, што здаюцца, вызначаны месцы для магчымага размяшчэння ў Мінскай вобласці — гэта каля 18 тысяч месцаў.

Нагадаем, II Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску. Больш за 4 тысячы атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. Спаборніцтвы па бадмінтоне, боксе і дзюдо пройдуць у рангу чэмпіянатаў Еўропы.