Па мастацкіх законах

- 9:53На парадку дня

Міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас наведвання Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава быў уражаны глыбінёй работ навучэнцаў.

Падчас экскурсіі па каледжы міністр зазірнуў у галерэю “Акно”, часова пераабсталяваную пад экзаменацыйную майстэрню. Там праходзіў творчы экзамен па дысцыпліне “Малюнак”.

“На працягу двух дзён па 6 га­дзін нашы абітурыенты алоўкам пішуць нацюрморт з 3—4 прадметаў побыту. “Малюнак” — дысцыпліна, у час здачы якой не схаваешся за валоданнем колерам і пэндзлем, бо абітурыенты працуюць толькі алоўкам. А ён патрабуе яснасці і дакладнасці розуму, адчування прапорцый і прасторы. Увогуле, законы, якім падпарадкоўваецца малюнак, падобны на законы фізікі і матэматыкі, — адзначыў дырэктар каледжа А.В.Шантаровіч.

Потым паступаючыя зда­дуць “Жывапіс” — таксама нацюрморт, толькі ў колеры, а затым — “Кампазіцыю”. “Хлопцы і дзяўчаты павінны стварыць работу на тэму, якую ім паведамяць на пачатку іспыту. За 5 гадзін ім неабходна паказаць сваё ўменне мысліць, складаць і кампазіраваць. Бо кожны з нашых навучэнцаў — кампазітар, які складае свой твор, і гэта вельмі складана”, — дадаў Аляксандр Валер’евіч.

Ён таксама азнаёміў міністра з ходам уступнай кампаніі, нагадаўшы, што ў “Глебаўцы” рыхтуюць па 4 спецыяльнасцях: “Жывапіс”, “Скульптура”, “Дызайн” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. На 58 як бюджэтных, так і платных месцаў прэтэндуе 230 абітурыентаў, сярэдні конкурс складае 5,5 чалавека на месца.

“Конкурс высокі. “Дызайн” лі­дзіруе апошнія гады. Сёлета на гэтую спецыяльнасць конкурс крыху знізіўся і складае каля 12,5 чалавека на месца, у мінулым годзе на адно месца прэтэндавалі 17 чалавек. Стабільна высокі конкурс і на класічную спецыяльнасць “Жывапіс” — сёння гэта прыблізна 5 чалавек на месца. У гэтым годзе парадавала і “Скульптура”, якая не так пашырана на ўзроўні мастацкіх школ, таму на яе набор звычайна праблематычны, але сёлета конкурс складае 3 чалавекі на месца”, — падкрэсліў дырэктар кале­джа.

На спецыяльнасць “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ў гэтым годзе набіраюць на мастацкую апрацоўку дрэва, летась набор быў на мастацкую кераміку. “Цудоўныя матэрыялы, але яны патрабуюць у тым ліку пэўных фізічных намаганняў, што, магчыма, крыху адпужвае нашых абітурыентаў. І там конкурс каля 1,5 чалавека на месца”, — патлумачыў А.В.Шантаровіч.

Андрэй Іванец таксама азнаёміўся з работамі навучэнцаў каледжа, размешчанымі ў фае ўстановы. “Мне асабліва падабаюцца акварэльныя работы і работы, выкананыя алоўкам. І хоць у тэхніцы я не разбіраюся, але ўсе малюнкі ўражваюць сваёй глыбінёй”, — сказаў А.І.Іванец.

Даведаўшыся, што карціны юных мастакоў не прадаюцца, міністр звярнуў увагу, што многія з іх маглі б упрыгожваць сцены розных устаноў і нават дамоў, кватэр: “Зараз у міністэрстве вя­дзецца работа па падрыхтоўцы прававой базы, якая дасць магчымасць нашай моладзі займацца матэрыяльнай рэалізацыяй сваіх ідэй. Бо ў кожнай другой школе створаны бізнес-кампаніі, і дзеці рэалізуюцца ў іх з вялікай цікавасцю. І калі мы ўдасканалім прававую базу, то і такі механізм запрацуе”.

У сваю чаргу дырэктар кале­джа прэзентаваў міністру карціну адной з выпускніц — лаўрэата спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Ліі Ганчарук, якая папоўніць калекцыю музея Міністэрства адукацыі.

У час знаёмства з абітурыентамі міністр пацікавіўся, хто з іх займаўся ў мастацкай школе, а хто ў студыі выяўленчага мастацтва, і ці ёсць тыя, хто рыхтаваўся да паступлення, займаючыся ў цэнтры дадатковай адукацыі або палацы дзяцей і моладзі. “Сёння ў нас існуюць дзве праблемы: дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі і працоўная занятасць. Пакуль часта атрымліваецца так, што адно дзіця наведвае тры гурткі, а іншае — ні аднаго. Аднак мы імкнёмся да таго, каб розныя дзеці наведвалі розныя гурткі. Бо ацэньваць трэба не па колькасці гурткоў, а па колькасці дзяцей, якія іх наведваюць. І другое — нам неабходна кожнага жадаючага забяспечыць работай, фарміруючы тым самым працоўны рэсурс”, — падзяліўся думкамі міністр.

На развітанне А.В.Шантаровіч акцэнтаваў увагу, што каледж невялікі, таму ў ім вядзецца літаральна індывідуальная работа: “Кожны наш навучэнец — вельмі важная для нас асоба, якую мы гадуем, назіраем за яе шляхам і пасля адпускаем у жыццё. Кожнага выпускніка размяркоўваем, прычым апошнім часам нават не можам задаволіць усе запыты. Нашы навучэнцы па ўсіх 4 спецыяльнасцях атрымліваюць дадатковую кваліфікацыю настаўніка. А пасля многія ідуць працаваць у дзіцячыя мастацкія школы, студыі выяўленчага мастацтва і цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дызайнераў забіраюць друкарскія цэнтры і выдавецтвы, дызайнерскія студыі. І, канечне, частка выпускнікоў працягвае навучанне, паступаючы ў БДАМ і БДУКіМ. Увогуле, падрыхтоўка мастака — карпатлівы і доўгі працэс”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.