Па месцах Скарыны, Міцкевіча і Касцюшкі

- 15:59Нам пішуць

Нягледзечы на тое, што ўвесь навучальны год дзеці пастаянна занятыя школьнымі ўрокамі або дадатковымі заняткамі, яны знаходзяць час і сілы, каб пазнаваць навакольны свет праз падарожжы.

Падчас восеньскіх канікулаў вучні сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні разам з настаўнікамі здзейснілі экскурсійны тур у Рэспубліку Польшча.

Першым пунктам нашага прыпынку стаў горад Кракаў. Мы адправіліся на сустрэчу з польскім экскурсаводам да пячоры Вавельскага ўзгорка. У гэтай пячоры, як сцвярджае легенда, у сярэднявеччы жыў цмок, які еў жывёлу і людзей. Князь Кракус перамог пачвару, і таму ў гонар яго жыхары назвалі свой горад Кракавам. Цяпер ля падножжа ўзгорка стаіць помнік гэтаму цмоку, які ў цёплы час года кожную гадзіну шугае са сваёй пашчы агнём. Яго адлюстраванне можна ўбачыць на манетах, магнітах і іншых сувенірах.

Аглядная экскурсія па горадзе Кракаве пачалася з наведвання Вавельскага ўзгорка. На тэрыторыі замка мы ўбачылі помнік Тадэвушу Касцюшку. У замку-рэзідэнцыі літоўска-польскіх каралёў Вавеляў мы доўгі час былі пад уражаннем ад велізарных памераў габеленаў, якія ўпрыгожваюць сцены гэтага замка.

Падчас экскурсіі прайшлі па плошчы Яна Мацейкі, польскага мастака, які адлюстроўваў на сваіх палотнах гістарычныя падзеі, у тым ліку і эпізоды Грунвальдскай бітвы. Пабывалі каля Марыяцкага касцёла — галоўнага храма Кракава і яго асноўнага сімвала. Тут мы пачулі “хейнал” — сігнал дакладнага часу, які гучыць кожную гадзіну з вежы гэтага храма ў выкананні трубача. Як даведаліся з аповеду экскурсавода, у эпоху сярэднявечча з дапамогай такога сігналу апавяшчалі аб пажары або нападзе. У адзін з дзён трубач на вежы першым заўважыў наступ татараў і абвясціў пра гэта на ўвесь горад сігнальнай мелодыяй. Але даіграць яе да канца так і не паспеў, бо яго горла працяла варожая страла. З тых часоў мелодыя перарываецца менавіта на тым гуку, на якім маладога трубача спасцігла смерць.

Кракаў называюць горадам не толькі касцёлаў, але і студэнтаў. Таму мы не маглі не наведаць дворык Ягелонскага ўніверсітэта — аднаго з найстарэйшых універсітэтаў у свеце, заснаванага ў 1364 годзе. Яго выпускнікамі былі Мікалай Капернік, Папа Ян Павел II і многія іншыя паэты, гуманісты, навуковыя дзеячы. Студэнтам Ягелонскага ўніверсітэта быў і беларускі першадрукар Францыск Скарына. На Базарнай плошчы — самай вялікай сярэднявечнай плошчы ў Еўропе — мы сфатаграфаваліся ля помніка нашаму земляку Адаму Міцкевічу, палюбаваліся на жывыя скульптуры і накупілі сувеніраў.

На другі дзень адправіліся ў г. Бохня, які знаходзіцца з шэсцьдзясят кіламетраў ад Кракава. Тут мы наведалі ўнікальны падземны музей “Саляная шахта Бохня”, які ўваходзіць у пералік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут, спусціўшыся ў ліфце на глыбіню каля 300 метраў, мы пазнаёміліся з гісторыяй з’яўлення і развіцця шахты, убачылі ўнікальную капліцу з алтарамі і фігурамі з солі, калекцыю шахцёрскіх канструкцый.

Нягледзячы на шаснаццацігадзінны пераезд і стомленасць, усе атрымалі незабыўныя ўражанні. Экскурсія ў Польшчу дала магчымасць па-іншаму паглядзець на такіх асоб, як Францыск Скарына, Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, адчуць веліч і маштабнасць славутых беларусаў, а таксама зразумець, як хораша вяртацца на сваю малую радзіму — у родны горад Смаргонь.

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні.