На гэтым тыдні ў школах краіны праходзяць інфармацыйныя гадзіны для вучняў 1—11-х класаў па тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства, а таксама класны кіраўнік Юлія Касцюк з сярэдняй школы № 1 Паставаў арганізавала такія заняткі па метадзе «роўны навучае роўнага». Вучаніца 9-га класа Яна Пяткоўская правяла інфармацыйную гадзіну для пяцікласнікаў па тэме «Генацыд на тэрыторыі Пастаўшчыны».
— У аснове маёй выхаваўчай работы — праект «Вучнёўскае самакіраванне», калі вучні па максімуме займаюцца падрыхтоўкай і правядзеннем розных мерапрыемстваў, у тым ліку патрыятычных, — адзначыла Юлія Зігмундаўна. — Лічу важным падтрымліваць жывыя зносіны і рэальныя эмоцыі паміж дзецьмі, іх асабістую ўключанасць, каб малодшыя школьнікі захапляліся старшакласнікамі за рэальныя ўчынкі, а не за папулярнасць у сацсетках.
Педагог пераканана, што любое выхаванне пачынаецца з асобы настаўніка, яго прыкладу. Юліі Касцюк 32 гады, яна ўваходзіць у Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе і Маладзёжны парламент пры Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў, а таксама з’яўляецца старшынёй Маладзёжнага савета пры Пастаўскім раённым Савеце дэпутатаў.
— Праект вучнёўскага самакіравання пачынаўся з рашэння вострай праблемы: калі дзеці баяцца выступаць, памыляцца, што ім паставяць адзнаку ці асудзяць, — заўважыла педагог. — Мне захацелася прапанаваць іншую форму самавыяўлення, якая адначасова падтрымлівае вучня і развівае. Так з’явіліся першыя групы дзевяцікласнікаў, якія пачалі рыхтаваць інфармацыйныя гадзіны пра Вялікую Айчынную вайну. Паўгода заняткаў — і прайшло іх першае выступленне на адкрыцці школьнай экспазіцыі па генацыдзе.
Для кожнага ўдзельніка праекта важна не проста расказаць, але і адчуць момант трагізму, болю і страт, што перажылі людзі. Патрэбны нефармальны кантакт з гісторыяй. Калі старшакласнікі праводзяць урокі памяці і інфармацыйныя гадзіны для малодшых вучняў, якія слухаюць іх часам больш уважліва, чым настаўнікаў, ствараецца асаблівае асяроддзе для зносін.
— Важна, каб гісторыя гучала інтэлігентна — з глыбінёй, павагай і тактам. Без гучных лозунгаў і павучальнасці. З асэнсаваннем гістарычнага матэрыялу — праз слова, вобраз, дзеянне, — падкрэсліла Ю. Касцюк. — Асаблівае месца займае візуалізацыя, калі тэкст ператвараецца ў арт-аб’ект і аповед набывае форму — ліст-трохвугольнік, малюнак на шкле, сімвалічны голуб міру або выстава, створаная рукамі вучняў. Інфармацыя запамінаецца і адчуваецца лепш, калі эмоцыі выказваюцца не словамі, а праз творчасць.
Нядаўна вучні Юліі Касцюк правялі тыдзень гісторыі. Арганізавалі пошту «Ліст з фронту», дзе ў лістах-трохвугольніках выказалі падзяку прадзедам, зрабілі калектыўны арт-аб’ект «Голуб міру» з дзіцячымі пасланнямі, а таксама «Сцяну памяці» з малюнкамі на шкле, якія нагадваюць надпісы на сценах Рэйхстага.
Пры падрыхтоўцы да заняткаў па ваеннай гісторыі ў школе выкарыстоўваецца вучэбны дапаможнік «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», мясцовы матэрыял з кнігі «Памяць» (Пастаўскі раён), інфармацыя з Пастаўскага краязнаўчага музея.
— Мы далучыліся да раённага праекта «Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя», — паведаміла Ю. Касцюк. — Навучэнцы даследуюць родны край, наведваюць памятныя мясціны, працуюць з гістарычнымі крыніцамі, сустракаюцца з краязнаўцамі. Кожны год складаюцца і абнаўляюцца экскурсійныя маршруты. Іх ужо распрацавана 15, ахоплена больш за 18 гістарычных аб’ектаў на тэрыторыі раёна. Асаблівая ўвага ўдзяляецца трагічным старонкам гісторыі Пастаўшчыны. Адзін з краязнаўчых маршрутаў падрыхтавалі мы разам з вучнямі. На яго аснове дзевяцікласніца Яна Пяткоўская на гэтым тыдні правяла інфармацыйную гадзіну для пяцікласнікаў па тэме «Генацыд на тэрыторыі Пастаўшчыны».
…Да вайны ў Паставах пражывала каля 2000 яўрэяў. У лютым 1942 г. нацысты стварылі гета ў паўночнай частцы горада, куды сагналі каля 4000 чалавек. 21 лістапада таго ж года ў раёне цяперашняй вуліцы Горкага былі расстраляны тысячы вязняў. На месцы брацкай магілы ўстаноўлены памятны знак, куды вучні прыносяць кветкі, дзе чытаюць тэксты і ўспаміны: «…У гэты дзень людзей расстралялі каля загадзя выкапаных ям… Ніхто ўжо не даведаецца, як мяне звалі, пра што я марыў…». Брацкая магіла вязняў гета і помнік на месцы масавага забойства яўрэяў размешчаны і на вуліцы Ленінскай.
На Чырвонаармейскай у брацкай магіле пахаваны 356 савецкіх воінаў і партызан. Сярод іх байцы 145-й дывізіі, якія аддалі сваё жыццё пры вызваленні горада і раёна ў ліпені 1944 г. Тут пахаваны і В.П. Кірычук — Герой Савецкага Саюза. Яго імем названа адна з вуліц Паставаў і піянерская дружына сярэдняй школы № 4. На вуліцы Савецкай пахаваны 16 мірных жыхароў, расстраляных ў 1941—1942 гг. Імёны большасці з іх адноўлены.
У маршрут таксама ўключаны Алея Герояў (мемарыяльныя пліты), помнік абаронцам горада, помнік-бюст Героя Савецкага Саюза Ф.Р. Маркава, памятны знак у гонар Героя Савецкага Саюза В.А. Сідарэнкі, мемарыяльная дошка ў гонар 145-й віцебскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі і манумент «Танк Т-34».
У Пастаўскім раёне вядзецца сістэмная работа па захаванні гістарычнай памяці, праходзяць акцыі і арганізуюцца экспедыцыі, збіраецца інфармацыя аб ветэранах і партызанах. У СШ № 3 сёлета прадставілі выставу «Памяць пакаленняў», у СШ № 1 прайшлі квесты і ваенна-спартыўныя гульні, у СШ № 2 працуе гістарычна-краязнаўчы музей і рэалізуецца праект «Жывыя галасы гісторыі». Прадстаўнікі БРСМ, маладзёжнага парламента, савета працоўнай моладзі ствараюць лічбавыя маршруты, размяшчаюць QR-коды на мемарыялах, збіраюць вусныя ўспаміны старажылаў. У раёне даглядаюць 34 помнікі.
— Галоўны ўрок, які мы перадаём дзецям: пакуль мы памятаем — подзвіг жыве. Кожная экскурсія, выстава — гэта крок да таго, каб героі не былі забыты, — зазначыла педагог. — Метад «роўны навучае роўнага» — своеасаблівы механізм сталення і асэнсаванасці, калі падлетак не пасіўны слухач, а носьбіт ведаў. Выступае, працуе ў камандзе, становіцца лідарам. А самае галоўнае — нясе адказнасць за словы і ўчынкі. Для малодшых школьнікаў такія выступленні — гэта прыклад, арыенцір. Менавіта такім, на мой погляд, павінна быць вучнёўскае самакіраванне.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы