Па навуку ў “Навуку”

- 11:03Навіны рэгіёнаў

Ужо 18-ы год на базе Азёрскай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскага раёна працуе абласны аздараўленчы лагер для адораных дзяцей “Навука-2”. З усіх раёнаў вобласці і Гродна прыязджаюць сюды пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд.

Дзень у “Навуцы” дзеліцца на дзве часткі: да абеду — заняткі з выкладчыкамі, а гэта настаўнікі, якія маюць вопыт падрыхтоўкі алімпіяднікаў, супрацоўнікі Гродзенскага абласнога ІРА, выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы; пасля абеду — жыццё, як у звычайным лагеры: гульні, спорт, творчасць, летні адпачынак.

У гэтым годзе ў “Навуцы-2” адпачываюць 136 падлеткаў, якія адначасова ўдасканальваюць свае веды па рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах, грамадазнаўстве, тэхнічнай і абслуговай працы і матэматыцы. Дарэчы, у лагеры “Навука-1” на базе Парэцкай школы-інтэрната Гродзенскага раёна арганізавана работа са школьнікамі і па астатніх вучэбных прадметах.

Наталля Леанідаўна Піцко — нязменны дырэктар лагера “Навука-2” з 2004 года. Падчас навучальнага года яна — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Азёрскай санаторнай школы-інтэрната, а на тры летнія тыдні бярэ на сябе адказнасць за ўсё, што адбываецца ў “Навуцы-2”.

— Гэты лагер стаў для мяне часткай жыцця, — гаворыць Наталля Леанідаўна. — Працягваю сябраваць з нашымі выхаванцамі, а многія з іх прыязджаюць у лагер на працягу 4 гадоў, скончыўшы 7 клас. Ужо вясной пачынаецца перапіска — калі, як? Канечне, працаваць з такімі рознабакова адоранымі дзецьмі, а яны таленавітыя і ў вучобе, і ў творчасці, няпроста, трэба пастаянна шукаць штосьці новае ў арганізацыі адпачынку, умець падтрымліваць дысцыпліну і знаходзіць кампрамісы, напрыклад, у арганізацыі распарадку дня.

Чым жа прываблівае лагер, дзе трэба інтэлектуальна працаваць, і працаваць адказна, без спасылак на летні адпачынак?

— Тут сапраўды мы атрымліваем веды, якія выходзяць за межы школьнай праграмы, шмат часу надаецца развіццю камунікатыўных навыкаў, удасканальванню ведаў па граматыцы, — гаворыць навучэнка гімназіі № 1 Ліды Валерыя Рэлікоўская. — Заняткі ў нас вядзе настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска Юлія Уладзіміраўна Касталомава, а потым будуць і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мы з Юліяй Уладзіміраўнай на іспанскай мове абмеркавалі і маладзёжныя субкультуры, і сацыялізацыю падлеткаў у грамадстве. Заняткі праходзяць вельмі цікава, час бяжыць непрыкметна.

А навучэнец гімназіі № 3 Гродна Міхаіл Грыгарчук, які трэці раз адпачывае ў лагеры, гаворыць, што акрамя матэматычных ведаў, тут атрымліваюць і іншую навуку — сябраваць, дапамагаць, цікава арганізоўваць свой час. Дарэчы, Міхаіл у гэтым годзе быў абраны лідарам дзіцячага самакіравання, яго праграму прызналі самай цікавай.

Кожны дзень у лагеры распісаны пахвілінна. За вучэбную частку адказваюць спецыялісты Гродзенскага абласнога ІРА, якія распрацоўваюць вучэбна-тэматычныя планы заняткаў на аснове аналізу ўдзелу навучэнцаў у прадметных алімпіядах. А вось за вольны час нароўні з кіраўніцтвам лагера адказвае 7-ы, як яго тут называюць, атрад, які аб’ядноўвае важатых, і самі выхаванцы праз дзейнасць савета лагера.

Працуе студэнцкі педагагічны атрад. Настасся Болбат, студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ імя Янкі Купалы, другі год працуе ў “Навуцы-2” важатай. А раней тройчы прыязджала сюды вучаніцай Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна, каб удасканальваць веды па рускай мове і літаратуры і матэматыцы.

— Атмасфера “Навукі” — унікальная. У лагер прыязджаюць асаблівыя дзеці, — гаворыць Настасся. — З задавальненнем працую тут важатай, таму што добра памятаю свае пачуцці, уражанні, калі была ў лагеры як вучаніца. Разумею сённяшніх выхаванцаў і стараюся з імі працаваць так, каб гэты час стаў для іх незабыўным.

Ну як могуць не застацца ў памяці вячэрнія спевы пад гітару, традыцыя хадзіць басанож, штовечар абмяркоўваць мінулы дзень, дні атрадаў, дні нацыянальных культур. Кожны вечар — дыскатэка, якая завяршаецца агульнымі абдымкамі, выкананнем песні “Простыя словы” і пажаданнем добрай ночы: “Дабранач, паненкі! Дабранач, панове!”. “Навукоўцы” арганізавалі дзень тэатра і кіно, “баль Наташы Растовай”, тэатральны батл “Імправізацыя”, сустрэліся з супрацоўнікамі МНС, студэнтамі і выкладчыкамі факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ.

— Дзеці самі вызначаюць свае “фішкі”, і калі яны нікому не нясуць шкоды, а вызначаюць унутранае светаўспрыманне нашых дзяцей, то мы іх заўсёды прымем і падтрымаем, — расказвае Наталля Леанідаўна. — У лагеры ёсць свае традыцыі, запаветы і законы. А тры колеры хусцінкі, якую носяць дарослыя і дзеці, сімвалізуюць: сіні — колер летняга неба, ведаў; жоўты — сонца, адпачынак; аранжавы — пазітыў і аптымізм.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.