Па новай адукацыйнай парадыгме

- 12:22Адукацыйная прастора

Пытанні навукова-педагагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, арганізацыі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, выкарыстання найноўшых педагагічных тэхналогій у навучанні і выхаванні дзяцей, сучасныя падыходы да рэалізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, а таксама псіхолага-педагагічныя аспекты фарміравання кампетэнтнасці асобы ў інавацыйным адукацыйным працэсе былі разгледжаны на ІІ гарадской навукова-практычнай інтэрнэт-канферэнцыі з міжнародным удзелам “Педагагічная навука і адукацыйная практыка: традыцыі і інавацыі”. Яе вынікі былі падведзены на пасяджэнні круглага стала, які прайшоў у Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі.

Віртуальна і рэальна

Канферэнцыя, арганізатарамі якой выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і МГІРА, праходзіла ў два этапы. Для ўдзе­лу ў завочным этапе, які прайшоў з 1 па 10 кастрычніка, зарэгістраваліся 114 чалавек з Беларусі і Расіі: кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, навуковыя супрацоўнікі, аспіранты, прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі. Усе матэрыялы дакладаў былі размешчаны ў сістэме дыстанцыйнага навучання МГІРА (do.minsk.edu.by).

Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з прадстаўленымі матэрыяламі, абмеркавалі хвалюючыя пытанні на форуме. У межах інтэрнэт-канферэнцыі была арганізавана віртуальная дыскусія па трох напрамках: навукова-педагагічныя аспекты адукацыйнай дзейнасці, традыцыі і інавацыі ў выхаванні і кіраванне інавацыйнымі працэсамі ў адукацыйнай практыцы.

На вочны этап інтэрнэт-форуму былі запрошаны навукоўцы, метадысты, педагогі-практыкі. У рабоце круглага стала прынялі ўдзел рэктар МГІРА Т.І.Мароз, старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета Саюза юрыдычных асоб Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва У.М.Карагін. У межах мера­прыемства было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж МГІРА і Саюзам юрыдычных асоб Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

У трэндзе сусветнай адукацыі

Сучасныя сусветныя адукацыйныя тэндэнцыі звязаны з працэсамі, якія адбываюцца ў палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах кожнай краіны. Яны неадрыўныя ад жыцця і з’яўляюцца адлюстраваннем дзейнасці грамадства. Сёння на першы план выходзяць пытанні, якія немагчыма вырашыць без змяненняў у сферы адукацыі. Па-першае, паскарэнне тэмпаў развіцця грамадства цягне за сабой падрыхтоўку людзей да ўмення жыць і развівацца ў хутка пераменлівым свеце. Па-другое, рост канкурэнтаздольнасці і пераход да постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадства, дзе пашыраюцца маштабы міжкультурнага ўзаемадзеяння, мае на ўвазе развіццё камунікатыўнасці і свеце. Па-трэцяе, шэраг глабальных праблем, якія могуць вырашацца толькі ў выніку супрацоўніцтва міжнароднай супольнасці, патрабуе фарміравання гнуткага і крэатыўнага мыслення сучаснага пакалення.

Загадчык лабараторыі пачатковай адукацыі Нацыя­нальнага інстытута адукацыі А.А.Гулецкая расказала пра шляхі абнаўлення зместу адукацыі ў пачатковай школе з улікам міжнародных падыходаў.

— Сацыяльны запыт на агульнакультурнае, асобаснае і пазнавальнае развіццё навучэнцаў пачатковай школы, аналіз сусветных тэндэнцый развіцця адукацыі і патрабаванняў да асобы навучэнца актуалізуе неабходнасць фарміравання ў навучэнцаў разам з прадметнымі асобасных і метапрадметных кампетэнцый. Гэта патрабуе пераасэнсавання падыходаў да адбору зместу адукацыі, крытэрыяў і паказчыкаў ацэнкі адукацыйных вынікаў, арганізацыі адукацыйнага працэсу, — адзначыла Алена Аляксееўна. — У 2015—2017 гадах  у лабараторыі пачатковай адукацыі НІА ў рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Якасць адукацыі” праводзілася навуковае даследаванне, у выніку якога быў распрацаваны праект адукацыйнага стандарту I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, якое ўключае дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы, створаныя на кампетэнтнаснай аснове па ўсіх вучэбных прадметах пачатковай школы.

Адукацыйны стандарт новага пакалення арыентаваны не на традыцыйны падыход (праве­рыць, што і як з пералічаных элементаў засвоена навучэнцамі), а на новую парадыгму: ацаніць, наколькі свабодна навучэнцы мо­гуць выкарыстоўваць атрыманыя веды і спосабы дзеяння ў розных жыццёвых сітуацыях.

У структуру праекта стандарту ўвайшлі тры блокі адукацыйных вынікаў, сфармуляваных на мове кампетэнцый: асобасныя, метапрадметныя, прадметныя. Асобасныя і метапрадметныя вынікі ўяўляюць сабой пэўныя вектары або траекторыю развіцця асобы навучэнца, тэхналогію арганізацыі адукацыйнага працэсу, адкрываюць навучэнцам шырокія магчымасці для авалодання ключавымі кампетэнцыя­мі: здольнасцю і гатоўнасцю да пазнання свету, навучання, су­працоўніцтва, самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця.

Прадстаўленыя ў праекце стандарту адукацыйныя вынікі ўключаюць наступныя блокі ўніверсальных вучэбных дзеянняў: пазнавальныя (агульнавучэбныя, інфармацыйныя і інтэлек­туальныя дзеянні), рэгулятыўныя (мэтапакладанне, планаванне, прагназаванне, кантроль, карэкцыя, ацэнка, самарэгуляцыя вучэбнай дзейнасці), камунікатыўныя (зносіны з выкарыстаннем адэкватных моўных сродкаў; уменне весці вучэбны дыялог з настаўнікам і з аднагодкамі; уменне правільна выкладаць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме).

— Нацэленасць адукацыйна­га працэсу на дасягненне прадметных, асобасных і мета­прадметных вынікаў дазволіць “распакаваць” сістэму адукацыі, зрабіць яе празрыстай і адкрытай для сваіх спажыўцоў, усталяваць пераемнасць адукацыйных вынікаў паміж ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама нацыянальнымі стандартамі вышэйшай адукацыі, — мяркуе А.А.Гулецкая.

Другі год у НІА ў рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Выхаванне праз навучанне” праводзіцца работа па распрацоўцы канцэптуальных палажэнняў, дыдактычных і дыягнастычных матэрыялаў па фарміраванні асобасных і метапрадметных кампетэнцый у навучэнцаў пачатковай школы.

У ліку галоўных метапрадметных уменняў навучэнцаў вылучаецца чытацкая пісьменнасць, якая інтэрпрэтуецца як здольнасць чалавека разумець і выкарыстоўваць пісьмовыя тэксты, разважаць пра іх і займацца чытаннем для таго, каб дасягаць сваіх мэт, пашыраць свае веды і магчымасці, удзельнічаць у са­цыяльным жыцці. Інструментарый для фарміравання метапрадметных вынікаў распрацаваны на адзінай аснове, якая ўлічвае падыходы даследавання PIRLS.

Настаўніцкія ініцыятывы

Інструментам кіравання па развіцці ўстановы адукацыі выступае яе інавацыйная палітыка. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя № 2 Мінска Т.М.Сагаль расказала пра ініцыятывы, што ідуць ад настаўнікаў і актыўна рэалізоўваюцца ва ўстанове. Так, адна з іх — ініцыятыва настаўніка матэматыкі П.Б.Маркелава. Матэматычная падрыхтоўка навучэнцаў вядзецца педагогам як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Пры гэтым выкарыстоўваюцца нетрадыцыйныя формы работы. Вынікам дзейнасці стаў праект пад назвай “Хуткая матэматыка. Варыятыўны комплекс развіццёвых гульняў як сродак павышэння якасці матэматычных ведаў”. Па сутнасці, гэта інструмент у дапамогу настаўніку-прадметніку. Ён уключае больш за 250 заданняў для работы, у тым ліку на ўроку, 10 гульнявых комплексаў для пазаўрочнай дзейнасці, трэнажоры для падрыхтоўкі алімпіяднікаў, для правядзення навучэнцамі вольнага часу ў межах шостага школьнага дня і ў канікулярны час. У складзе комплексу распрацавана каля дзясятка трэнінгаў: “Гульні на сурвэтках”, “Раніца адной задачы”, МАТФІТ, “Паглынальнікі задач” і інш. Навучэнцы штодзень маюць магчымасць трэніравацца і прымяняць свае матэматычныя веды ў рашэнні нестандартных задач. Так, пры арганізацыі “Гульняў на сурвэтках” навучэнцы прыходзяць у ліцэй да ўрокаў, на 10—20 хвілін ім прапаноўваецца задача. Прычым рашаць яе можна толькі на сурвэтцы, а па той прычыне, што вылічэнні на ёй рабіць нязручна, навучэнцу даводзіцца шмат вылічваць вусна.

Гэтую ініцыятыву падхопліваюць і іншыя педагогі-прадметнікі. Кожная задума мае мэту развіваць не толькі пэўныя кампетэнцыі навучэнцаў, але і асобасныя якасці. Ужо з’яўляюцца ідэі арганізоўваць сумесныя мера­прыемствы, у якіх заданні маюць міжпрадметныя сувязі і накіраваны на развіццё метапрадметных кампетэнцый. Такім чынам фарміруецца пэўнае інтэлектуальнае асяроддзе.

Падрыхтаваць канкурэнтаздольнага навучэнца

Падчас даследчай дзейнасці ў навучэнцаў фарміруюцца многія, калі не ўсе, запатрабаваныя сучасным светам, кампетэнцыі: каштоўнасна-сэнсавая, агульнакультурная, вучэбна-пазнавальная, інфармацыйная, камунікатыўная, сацыяльна-працоўная, асобасная. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 170 Мінска Т.У.Ягорава прадставіла сістэму даследчай дзейнасці ў пазавучэбны час, якая спрыяе развіццю вышэйзгаданых кампетэнцый. Гэтая сістэма ўключае дыягностыку інтарэсаў і магчымасцей навучэнцаў і алгарытм падрыхтоўкі да НПК. Педагогам распрацаваны таксама структура абароны навукова-даследчай работы, творчая мадэль абароны (уключае аўдыя- і відэафільмы, нестандартны ўступ і заключэнне, рытарычнае пытанне і інш.), рэкамендацыі па адказах на пытанні журы і складанні прэзентацыі, па методыцы анкетавання, па прадстаўленні вынікаў даследавання ў дыяграмах і табліцах.

Практычная рэалізацыя гэтай сістэмы прынесла свае вынікі: старшакласнікі школы сталі пастаянна перамагаць на раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару.

— Набытыя падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў НПК уменні і сфарміраваныя навыкі дазваляюць навучэнцам прымяняць і развіваць іх у сваім далейшым жыцці. Навучэнец навуковымі метадамі пазнання здолее выявіць праблему і не толькі зразумець і вывучыць яе, але і самастойна прапанаваць нестандартнае, крэатыўнае, арыгінальнае рашэнне. Менавіта такі выпускнік сёння, як ніколі, запатрабаваны грамадствам, менавіта ён становіцца канкурэнтаздольным, — лічыць Т.У.Ягорава.

У працяг размовы аб эфектыўнай арганізацыі даследчай дзейнасці настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 122 Мінска А.Э.Свідзінскі прадставіў аўтарскі праект “Інтэрнэт-лабараторыя КЛІА: клуб аматараў гісторыі Айчыны”, які рэалізоўваецца з 2011 года. Асноўным напрамкам яго дзейнасці з’яўляецца правядзенне розных па сваёй тэматыцы інтэрнэт-конкурсаў, сярод якіх важнае месца займаюць напрамкі, звязаныя з гісторыяй Беларусі розных часавых перыядаў. Напрыклад, “Алесь — купец з Мен­ска, або Падарожжа ў часе па землях ВКЛ” (гісторыя беларускіх земляў перыяду Вялікага Княства Літоўскага, XIII—ХVIІІ стст.), “Імя ў гісторыі Беларусі” (жыццё і дзейнасць вядомых у беларускай гісторыі дзяржаўных ваенных і культурных дзеячаў), “Іх імёнамі названы” (увекавечванне памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны).

На думку А.Э.Свідзінскага, удзел у такіх мерапрыемствах заснаваны ў першую чаргу на пазнавальнай цікавасці навучэнцаў да той ці іншай тэмы і раскрываецца ў конкурсных заданнях. Немалаважны і матыў навучэнца, накіраваны на ўдасканаленне і развіццё яго асобы, што можна разглядаць як аснову для далейшага фарміравання самастойнага мыслення і асобасных кампетэнцый.

* * *

Агульны трэнд адукацыйных сістэм перадавых краін свету сёння накіраваны на тое, каб замяніць запамінанне інфармацыі на развіццё навыкаў яе адбору, крытычнае ўспрыманне, аналіз, а таксама ўменне прымяняць атрыманыя веды ў нестандартных сітуацыях. Перад адукацыйнай сістэмай стаяць новыя задачы: пошук новых метадаў, прыёмаў, распрацоўка новых адукацыйных стандартаў, неабходнасць выкарыстання методык інтэрактыўнага навучання, якія павысяць эфектыўнасць урока і ўзаема­дзеяння навучэнцаў, гарманічнае ўкараненне ў адукацыйны працэс ІКТ і мабільных прылад. З фарміраваннем кампетэнцый навучэнцаў цесна звязана фарміраванне кампетэнцый педагогаў: калі педагогі актыўна ўключацца ў гэты працэс, то і навучэнцам будзе прасцей авалодваць новымі рэаліямі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.