Па новай формуле падрыхтоўкі кадраў

Прыцягальнасць рабочых прафесій вызначаецца найперш тым, у якой ступені яны запатрабаваны прадпрыемствамі, якую перспектыву даюць і ў якой ступені змогуць забяспечыць дабрабыт выпускніку прафесійнай адукацыі. Усе гэтыя фактары спрацоўваюць на карысць выбару маладымі людзьмі Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання, навучэнцаў якога ахвотна прымаюць вядучыя прадпрыемствы краіны для работы з высокатэхналагічным абсталяваннем, дзе яны здольны самарэалізоўвацца, развівацца, атрымліваць дастойную зарплату ўжо падчас практыкі.

Дырэктар ліцэя І.Г.Сібіроў.

У ліцэі на аснове агульнай базавай адукацыі падрыхтоўка вядзецца па такіх прафесіях, як слесар па рамонце аўтамабіляў, станочнік шырокага профілю, электрагазазваршчык, слесар-рамонтнік, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, электрамеханік па рамонце і абслугоўванні вылічальнай тэхнікі, аператар камп’ютарнай графікі і інш., на базе агульнай сярэдняй адукацыі — электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Ва ўстанове навучаецца 406 чалавек, з іх толькі 18 — дзяўчаты.

Асаблівасцю атрымання адукацыі ў Баранавіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі машынабудавання з’яўляецца арганізацыя вытворчага навучання па прынцыпе “майстар — майстэрня”. Так як практычна ўсе кваліфікацыі, па якіх тут вядзецца падрыхтоўка, інтэграваныя, то заняткі па кожнай прафесіі або па відзе работ вядзе пэўны майстар вытворчага навучання ў замацаванай за ім майстэрні, якая мае неабходнае абсталяванне і інструмент для асваення па­трэбных навыкаў. У якасці майстроў вытворчага навучання прызначаюцца спецыялісты з высокім узроўнем кваліфікацыі і вопытам работы. Навучэнцы выпускнога курса працягваюць вытворчае навучанне ў арганізацыях на працягу 8 месяцаў, 2,5 месяца з якіх адводзіцца на практыку. Усе работы, выкананыя ліцэістамі ў гэты перыяд, аплачваюцца прадпрыемствамі. Вытворчая практыка заканчваецца выкананнем пробных кваліфікацыйных работ, якія ацэньваюцца экзаменацыйнай камісіяй.

У рэсурсным цэнтры.

— Падрыхтоўка запатрабаваных рабочых кадраў, якія дастойна канкурыруюць на рынку працы, магчыма пры ўмове іх апераджальнага навучання на сучасным абсталяванні і ўкаранення ў адукацыйны працэс новых форм навучання. Інавацыйная эканоміка набліжае працу сучаснага рабочага да працы інжынера і патрабуе ад чалавека высокай кваліфікацыі і яе пастаяннага ўдасканалення, — адзначае дырэктар ліцэя Ігар Гена­дзьевіч Сібіроў. — Менавіта таму з 2011 года на базе нашай установы функцыянуе рэсурсны цэнтр, дзе праводзіцца падрыхтоўка навучэнцаў профільных устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, стажыроўка педагагічных работнікаў, павышэнне кваліфікацыі, прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка рабочых па кваліфікацыях “токар”, “фрэзероўшчык”, “аператар станкоў з праграмным кіраваннем”. За гэты час павысілі кваліфікацыю і палепшылі прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасцях больш за 1,5 тысячы навучэнцаў.

Вытворчае навучанне ў рэсурсным цэнтры адбываецца на найноўшым абсталяванні з адпрацоўкай сучасных тэхналогій, праходжаннем асобных тэм навучання з выкарыстаннем сучаснага аснашчэння. Педагогі ўдзяляюць шмат увагі замацаванню і паглыбленню ведаў, атрыманых навучэнцамі праз тэорыю, фарміраванню і ўдасканаленню прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў, неабходных для прысваення кваліфікацыі больш высокага ўзроўню, апрабацыі і ўкараненню ў адукацыйны працэс інавацыйных форм і метадаў вытворчага навучання.

Як заўважыў кіраўнік установы, матэрыяльная база ліцэя пасля арганізацыі рэсурснага цэнтра папоўнілася 10 новымі адзінкамі абсталявання. Абнаўленне станочнага парка было праведзена дзякуючы фінансаванню галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама па артыкуле “Абсталяванне”.
У рэсурсным цэнтры на працягу многіх гадоў праводзяцца абласныя адкрытыя конкурсы прафесійнага майстэрства па прафесіях токара і фрэзероўшчыка, у якіх навучэнцы і майстры ліцэя вытворчага навучання займаюць толькі прызавыя месцы. Так, у красавіку 2019 года пераможцам сярод фрэзероўшчыкаў стаў майстар вытворчага навучання В.Ф.Іваноўскі, а сярод токараў 2-е месца заняў М.М.Шчэрба.

— Эфектыўнасць дзейнасці рэсурснага цэнтра відавочная: кадры, падрыхтаваныя па новай формуле, перамагаюць у конкурсным прафесійным руху краіны і запа­трабаваны як на машынабудаўнічых, так і іншых прадпрыем­ствах горада і рэспублікі ў цэлым, — падкрэсліў І.Г.Сібіроў.

Прыцягвае абітурыентаў ліцэя і аўтарытэт яго выкладчыкаў. Ды і нам, журналістам, наведванне гэтай установы запомнілася найперш яго педагогамі — цікавымі, неабыякавымі людзьмі, літаральна апантанымі справай, якую яны робяць. Гэта і дырэктар каледжа, наватар і эксперыментатар, фіналіст абласнога этапу конкурсу “Лепшы дырэктар установы прафесійнай адукацыі — 2017” І.Г.Сібіроў, і дырыжор узорнага духавога аркестра — уладальніка гран-пры Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі” Анатоль Леанідавіч Дрозд, некалькі канцэртных нумароў якога нам пашчасціла паслухаць, і майстар вытворчага навучання па прафесіі аператара камп’ютарнай графікі лялечных спраў майстар Ларыса Аляксандраўна Мацюшэнкава.

За 45 гадоў работы, а менавіта столькі ўстанове споўнілася сёлета, у ліцэі склаўся непаўторны імідж і ўмацаваўся прафесійны аўтарытэт. І сфарміраваны ён людзьмі. Сёння педагагічны савет ліцэя налічвае 58 чалавек, сярод якіх — 36 выкладчыкаў і 22 май­стры вытворчага навучання. Аксакаламі ўстановы па праве з’яўляюцца 14 педагогаў, трое з якіх наву­чаюць ліцэістаў прафесіі больш за 40 гадоў, шасцёра — больш за 30, пяцёра — больш за 20 гадоў. Тут ёсць выдатная традыцыя — лепшыя навучэнцы вяртаюцца ўжо ў якасці выкладчыкаў або майстроў вытворчага навучання. Такіх педагогаў дзесяць. Нярэдка выпускнікі прыводзяць у ліцэй сваіх дзяцей, ствараюцца сямейныя дынастыі.

Рухацца наперад, расці, павышаць майстэрства педагогам дазваляе інавацыйная дзей­насць. Каб сфарміраваць імідж, што раскрывае новае сацыяльна-псіхалагічнае аблічча рабочага і спецыяліста, асновай якіх становіцца здоль­насць да асобаснага і прафесійнага самавызначэння, росту, развіцця асабістай адказнасці, на базе ліцэя ажыццяўлялася эксперыментальная, а зараз і інавацыйная (2018—2021) дзейнасць, звязаная з укараненнем мадэлі фарміравання карпаратыўнай культуры і іміджу прафесіі ва ўстанове ПТА.

Творчая работа педагогаў дае свой плён. Яны паспяхова рыхтуюць юных вынаходнікаў і дыпламантаў конкурсаў прафесійнага майстэрства, пераможцаў алімпіяд і маладых даследчыкаў. Навучэнцы і педагогі ліцэя ўдзельнічаюць і перамагаюць у шматлікіх творчых спаборніцтвах, сярод якіх абласныя (конкурс сучаснай лічбавай творчасці “АРТ-партал”, конкурс “Ёсць заказ на рабочы клас”) і рэспубліканскія (“ТэхнаЁлка”, інфармацыйна-прафарыентацыйны праект “Праф-БУМ”, “АРТ-вакацыі” і інш.). Сёлета дыпломы былі заваяваны на Рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак патрыя­тычнай накіраванасці “Патрыёт.by” (Андрэй Калоша пад кіраўніцтвам І.Ю.Шымчыка), а таксама на Рэспубліканскім конкурсе фотапраектаў “Запаведная Беларусь” (Алена Цвірко пад кіраўніцтвам В.Р.Дабрадзея). Штогод дыпламантамі рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі становяцца майстры вытворчага навучання М.С.Дзяжко і П.А.Пазнякоў.

— Наш ліцэй машынабудавання — гэта ліцэй поспеху, дзе мы не вядзём барацьбу з недахопамі, а развіваем перавагі. Мы сцвяр­джаем, што непаспяховых лю­дзей няма. Поспеху можа дабіцца кожны, калі прадаставіць яму адпаведныя магчымасці. І такія магчымасці ёсць ва ўсіх, хто да нас прыходзіць вучыцца, — гаворыць Ігар Ге­надзьевіч.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.