Па новым адрасе

- 10:19Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

1 верасня ў Беларусі свае дзверы для выхаванцаў расчынілі адразу некалькі новых устаноў адукацыі. У чым іх адметнасць, чытайце ў тэме нумара.

Урачыстая лінейка 1 верасня ў сярэдняй школе № 5 Смалявіч стала святам не толькі для вясёлых і прыгожа адзе­тых школьнікаў, якія з букетамі ў руках натхнёна і шумна адправіліся пасля летніх канікул за школьныя парты, але і для тысяч мам і татаў, бабуль і дзядуляў, якія з нецярпеннем чакалі адкрыцця новай школы. Дарэчы, установа сярэдняй адукацыі пабудавана ў горадзе ўпершыню за апошнія 30 гадоў.

Павіншаваць вучняў, педагогаў і бацькоў прыехаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, начальнік упраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. Падарункам для навасёлаў ад кіраўніцтва цэнтральнага рэгіёна стаў сертыфікат на 10 000 рублёў.

— 1 верасня — гэта асаблівае свята. І педагогі, і вучні, і іх бацькі чака­юць яго, з аднаго боку, з нецярпеннем, а з другога — з хваляваннем, — адзначыў губернатар на ўрачыстай лінейцы. — Для Смалявіч ён запомніцца яшчэ і адкрыццём новай выдатнай школы. Хачу ў гэты дзень пажадаць нам усім моцнага здароўя, поспехаў і мірнага, яснага неба над галавой.

У музейным пакоі патрыятычнай славы Смалявіччыны дзеці будуць спазнаваць гісторыю роднага краю і знаёміцца з вядомымі землякамі, якія самааддана абаранялі беларускую зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны і праслаўлялі Смалявіччыну сваёй працай.

На свой першы ў жыцці ўрок адправіліся 156 першакласнікаў. У школе адкрыліся цэлых шэсць 1-х класаў. Усяго ва ўстанове адукацыі будуць навучацца 1015 хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Светлую, прыгожую, вялікую школу мы чакалі доўга, і вось святочная па­дзея адбылася, — кажа дырэктар Марына Меркуль. — Тут ёсць усё для паспяховага навучання, выхавання і развіцця дзяцей. Унікальны спартыўны комплекс уключае ў сябе дзве спартыўныя, тры трэнажорныя залы, басейн, тэнісны хол. Навучэнцы змогуць займацца спортам і на вуліцы, дзе размясціўся стадыён з бегавымі дарожкамі, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі.

Здабываць новыя веды школьнікі бу­дуць у 42 вучэбных кабінетах, 2 камп’ютарных класах і 8 лінгафонных кабінетах, майстэрнях і кабінетах тэхнічнай і абслуговай працы (адна майстэрня для хлопчыкаў і дзве — швейная і кулінарная — для дзяўчынак). Акрамя таго, у школе ёсць асобная студыя харэаграфіі і кабінет кітаязнаўства. Аснашчэнне ўсюды найноўшае.

Стыльная прасторная школа ўразіла не толькі дзяцей і іх бацькоў, але і педагогаў.

— Калі даведалася, што маё першае працоўнае месца будзе ў сярэдняй школе № 5 Смалявіч, вельмі ўзрадавалася, — дзеліцца ўражаннямі малады спецыяліст настаўніца біялогіі Любоў Падборская. — Кабінет біялогіі тут аснашчаны самым сучасным абсталяваннем для правядзення лабараторных работ. Тут ёсць новенькія мікраскопы, нэтбук, тэлевізар, шмат раздатачнага матэрыялу.

Тэматычны першы ўрок пад назвай “Гістарычная памяць — дарога ў будучыню” Любоў Аляксандраўна, класны кіраўнік 5 “Д” класа, правяла ў форме віктарыны. Падрыхтаваўшы цікавыя пытанні па гісторыі, настаўніца напрыканцы заняткаў уручыла юным знаўцам сімвалічныя прэзент.

Фішка школы — уласны цэнтр бяспекі МНС, абсталяваны інтэрактыўнымі панэлямі, вучэбнай пляцоўкай, тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці.

Новая школа — сапраўдны падарунак для жыхароў новага паўночна-заходняга мікрараёна горада-спадарожніка. Калі раней гараджанам даводзілася вазіць дзяцей у школу ці адпраўляць на аўтобусе за 3 кіламетры, то зараз да кузні ведаў рукой падаць. Да таго ж школа — уладальніца адзінага басейна ў горадзе, які ў вячэрні час і выхадныя дні можна будзе наведваць усёй сям’ёй. Дарэчы, заняткі харэаграфіяй і трэніроўкі ў трэнажорнай зале таксама даступныя дарослым.

Фішка школы — уласны цэнтр бяспекі МНС, абсталяваны інтэрактыўнымі панэлямі, вучэбнай пляцоўкай, тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці. З іх дапамогай у зай­мальнай гульнявой форме дзеці будуць даведвацца, як паводзіць сябе пры над­звычайных сітуацыях, пажарах, на вадзе і дарогах, вывучаць асновы крымінальнай бяспекі, здаровага ладу жыцця, аказання першай медыцынскай дапамогі. У адным з пакояў цэнтра бяспекі можна ўбачыць сумныя наступствы неасцярожнага абыходжання з агнём: абгарэлыя сцены, мэб­лю і іншыя прадметы інтэр’ера. У будучыні інтэрактыўныя заняткі змогуць наведваць дзеці з іншых устаноў горада і раёна.

— Кожнае дзіця, прыйшоўшы ў школу, зможа раскрыць свае таленты, — пераканана дырэктар установы адукацыі Марына Меркуль. — Развіваць свой творчы і спартыўны патэнцыял школьнікі змогуць у секцыях і аб’яднаннях па інтарэсах, займаючыся выяўленчым мастацтвам, вакалам, харэаграфіяй. У школе створаны педагагічны клас, дзе дзесяцікласнікі будуць на павышаным узроўні вывучаць рускую мову і матэматыку. Наш дэвіз — “Адзінства ўсіх і ўнікальнасць кожнага!”. Наша задача — раскрыць унікальнасць кожнага школьніка і педагога. Думаю, мы з ёй справімся.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

 

Фішка школы — уласны цэнтр бяспекі МНС, абсталяваны інтэрактыўнымі панэлямі, вучэбнай пляцоўкай, тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці.