Па новым праекце

- 10:41Выхаванне

У Драгічыне адкрыўся новы дзіцячы сад, убудаваны ў 5-павярховы жылы дом. Гэта першая дашкольная ўстанова падобнага тыпу на Брэстчыне.

Незвычайны дом з дзіцячым садам узве­дзены мясцовай будаўнічай арганізацыяй у адным з гарадскіх мікрараёнаў, якія дынамічна развіваюцца. Кошт аб’екта — каля 2,2 млн рублёў. Дзіцячы сад займае ўвесь першы паверх. На верхніх паверхах — кватэры. У дашкольнай установы ёсць асобны ўваход, уласны дворык з гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі, ценевымі навесамі ад ападкаў і сонца. У дзіцячым садзе, разлічаным на 60 малышоў, абсталяваны музычная і спартыўная залы, харчаблок і 3 прасторныя групавыя памяшканні. Паколькі дамы ў новым мікрараёне яшчэ засяляюцца, установу наведваюць толькі 36 хлопчыкаў і дзяўчынак. Але неўзабаве ўсе дашкольныя групы будуць запоўнены.

Павіншаваць педагогаў, дзя­цей і іх бацькоў з наваселлем завіталі кіраўнік Брэстчыны А.В.Ліс, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі, прадстаўнікі мясцовай улады, будаўнічага ўпраўлення № 25 і інш. Госці прыйшлі з падарункамі.

— Пры ўзвядзенні ўстановы дашкольнай адукацыі быў вывучаны вопыт Гомеля, у якім дзіцячы сад, убудаваны ў жылы дом, з’явіўся ў 2018 годзе, — расказаў А.В.Ліс. — Вырашылі апрабаваць новы праект у Драгічыне, каб затым рэалізаваць яго і ў іншых гарадах вобласці, забяспечыўшы крокавую даступнасць дашкольных устаноў. Падобны дзіцячы сад адкрыецца сёлета ў Брэсце.

Сёння ў вобласці дзейнічаюць 573 дашкольныя ўстановы. Дэфіцыт месцаў у іх адчуваецца ў Брэсце, Баранавічах і Пінску. Для вырашэння гэтай праблемы летась у гэтых гарадах былі пабудаваны яслі-сад — пачатковая школа на 150 месцаў і два дзіцячыя сады на 240 месцаў кожны. Акрамя таго, дзіцячы дом у Кобрыне быў перапрафіляваны ў спецыяльны дзіцячы сад. Сёлета плануецца завяршыць рэканструкцыю ясляў-сада ў Скоках Брэсцкага раёна, дзе з’явіцца прыбудова на 160 месцаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.