Па параду — у метадычны кабінет

- 14:00Навіны рэгіёнаў

Чавускае настаўніцтва нястомна імкнецца да ўдасканалення якасці арганізацыі адукацыйнага працэсу. Педагагічныя калектывы раёна пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку, стараюцца адпавядаць апошнім адукацыйным тэндэнцыям. Добрай падтрымкай у гэтай справе ім служыць раённы вучэбна-метадычны кабінет.

— Усю метадычную работу ў раёне курыруе раённы вучэбна-метадычны кабінет. Акрамя таго, у кожнай навучальнай установе існуе свая метадычная служба, метадычныя аб’яднанні па профілях. Уся гэтая структура ў нас выбудавана ў шырокую метадычную сетку, кожнае звяно ў якой узаемазвязана і дапамагае належным чынам забяспеч­ваць рознабаковае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, — паведаміла загадчык Чаву­с­кага РВМК В.А.Гурынава. — Мы стараемся ісці ў нагу з часам, быць у курсе змяненняў, новаўвя­дзенняў у адукацыі. Працуем па ўсіх напрамках педагагічнай дзейнасці. Дзякуючы па­стаяннаму аналізу, метадысты добра ведаюць запыты, патрэбы, цяжкасці нашых педагогаў і своечасова аказваюць ім метадычную падтрымку, — дадала Вольга Аляксандраўна.

Па яе словах, найбольш аб’ёмная частка работы РВМК — метадычнае забеспячэнне агульнай сярэдняй адукацыі. У раёне — адзінаццаць агульнаадукацыйных устаноў. У кожнай з іх неабходна максімальна эфектыўна арганізаваць адукацыйны працэс.

— Працаваць даводзіцца шмат, бо мы ўлічваем усе аспекты функцыянавання нашых навучальных устаноў. Гэта і выхаваўчая работа, дапамога ў адміністрацыйным кіраванні і пазаўрочная занятасць навучэнцаў, я­касць навучання па прадметах і раскрыццё патэнцыялу вучняў, інавацыйная дзейнасць. Пры распрацоўцы агульнай стратэгіі ў сістэме адукацыі раёна мы заўсёды арыентуемся на наяўныя рэгіянальныя дасягненні, асаблівасці і традыцыі, — расказала В.А.Гурынава.

Распаўсюджванню ў школах перадавога педагагічнага вопыту, вядзенню эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці метадысты РВМК удзяляюць асаблівую ўвагу, усяляк падтрымліваючы педагогаў-наватараў. Гэта дае свой вынік. На цяперашні момант у раёне дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па ўдасканаленні работы педагогаў у падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіяд, па выкарыстанні ў навучанні ІКТ. Акрамя таго, у чавускіх навучальных установах актыўна займаюцца ўкараненнем інавацый.

— За апошнія гады ў раёне назіраецца ўстойлівы рост колькасці рэспублікан­скіх інавацыйных праектаў, што рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі. Так, у сярэдняй школе № 1 зараз працуюць над праектам “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”. У сярэдняй школе № 2 ажыццяўляюць укараненне мадэлі адукацыйнага кластара як умовы прафесійнага самавызначэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях. У Благавіцкай сярэдняй школе працуюць над удасканаленнем сістэмы фарміравання эканамічнай культуры навучэнцаў на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. У Каменскім і Вусцянскім вучэбна-педагагічных комплексах займаюцца развіццём псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў і іншых законных прадстаўнікоў вучняў. Важна, што педагагічныя калектывы не стаяць на месцы. Рэалізаваўшы адзін эксперыментальны праект, ва ўстановах заў­сёды імкнуцца да ажыццяўлення новага, — падкрэсліла Вольга Аляксандраўна.

Асобны акцэнт у раённым вучэбна-метадычным кабінеце робяць на дапамогу настаўнікам у рабоце з адоранымі навучэнцамі. Метадыстамі сфарміраваны банк даных таленавітых дзяцей, узяты да ўвагі педагогі-прадметнікі, якія паспяхова рыхтуюць вучняў да розных конкурсаў.

— Увага ўдзяляецца як далучэнню вучняў да алімпіяднага руху, так і іх ахопу ўдзелам у даследчых, творчых конкурсах. Дарэчы, на працягу апошніх трох гадоў па арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў у раёне прасочваецца станоўчая дынаміка. Летась на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару нашы навучэнцы заваявалі тры пераможныя дыпломы. Вучні Сласцёнаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу ў мінулым і гэтым годзе сталі пераможцамі заключнага этапу гэтага конкурсу, — адзначыла В.А.Гурынава.

У алімпіядным руху тут таксама ёсць свае поспехі. Высокіх вынікаў за апошні час чавускія педагогі дасягнулі і ў арганізацыі падрыхтоўкі вучняў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Паказчыкі мясцовых выпускнікоў на ЦТ штогод павышаюцца. У мінулым годзе выпускніца сярэдняй школы № 2 райцэнтра Дар’я Ігнацьева атрымала на ЦТ адразу два 100-бальныя сертыфікаты.

— Навучэнцаў, якія дасягнулі вучэбных поспехаў, мы ўсяляк заахвочваем. Не забываем і пра педагогаў, якія іх падрыхтавалі. Работа з настаўнікамі для нас увогуле прыярытэтны кірунак працы. Бо менавіта іх прафесіяналізм — адзін з асноўных фактараў, якія ўплываюць на якасць адукацыі, — заўважыла загадчык РВМК.

Сёння ў Чавускім раёне працуюць звыш 400 педагагічных работнікаў. Праз сетку прадметных метадычных аб’яднанняў атрымліваецца забяспечыць дыферэнцыраваны падыход да работы кожнага з іх. Развіццю педагагічнага майстэрства спрыяе цэлы спектр метадычнай вучобы. Для педагогаў рэгулярна арганізуюцца майстар-класы, семінары-практыкумы, круглыя сталы, тэарэтычныя семінары, конкурсы, творчыя справаздачы. Асаблівая ўвага ў гэтай дзейнасці ўдзяляецца падтрымцы маладых настаўнікаў.

— У нас дзейнічаюць школа маладога педагога, праблемныя і творчыя групы, у склад якіх уваходзяць лепшыя педагогі. Гэтыя суполкі ў комплексе з традыцыйнымі метадычнымі аб’яднаннямі прыно­сяць станоўчы эфект. Сёння 78% педагагічных работнікаў раёна маюць вышэйшую адукацыю, 64% з іх — з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, — адзначыла Вольга Аляксандраўна.

У кампетэнцыі спецыялістаў раённага вучэбна-метадычнага кабінета знаходзіцца таксама метадычнае суправаджэнне ўстаноў дашкольнай, спецыяльнай, дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Педагагічным работнікам гэтых устаноў таксама аказваецца дасведчаная метадычная падтрымка.

Наогул, Чавускі вучэбна-метадычны кабінет сёння — гэта своеасаблівы цэнтр станоўчага развіцця раённай сістэмы адукацыі. Пад кіраўніцтвам загадчыка В.А.Гурынавай метадысты Ю.Я.Сяўрук, Л.А.Мажугіна, І.В.Ха­лейка, Т.А.Стручкова, А.М.Лук’янава, В.А.Каханоўская бесперапынна займаюцца аналізам функцыянавання навучальных устаноў, выяўляюць, якіх станоўчых вынікаў удаецца дасягнуць, якія ёсць недапрацоўкі. Гэта дазваляе забяспечваць якасныя змены ва ўстановах адукацыі, своечасова абнаў­ляць змест, формы і метады работы педагогаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Чавускім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.