Па пашпарт — да міністра

- 11:12Актуально, Апошнія запісы

15 сакавіка самыя таленавітыя навучэнцы Міншчыны — выдатнікі, пераможцы прадметных алімпіяд, творчых і спартыўных конкурсаў прыехалі ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, каб з рук міністра Ігара Карпенкі атрымаць свае першыя пашпарты. Урачыстая сустрэча праходзіла ў межах усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!”, прымеркаванай да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Ігар Васільевіч падкрэсліў важнасць тэмы грамадзяніна, грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, правоў і абавязкаў, якія закладзены ў Канстытуцыі, і зазначыў: “Калі чалавек разумее асноўныя прынцыпы дзяржаўна-грамадскай сістэмы і тое, як вызначыць у ёй сваё месца, то ён становіцца паўнапраўным грамадзянінам нашай краіны. Я спадзяюся, што нашы дзеці гэта разумеюць, бо сістэма адукацыі актыўна працуе ў гэтым кірунку. Гэта не толькі вучэбны і выхаваўчы працэс, але і сістэма дзейнасці грамадскіх арганізацый, вучнёўскага і студэнцкага самакіравання. Усё гэта стварае аснову для фарміравання будучага грамадзяніна нашай краіны”.

Уручаючы пашпарты юным грамадзянам, Ігар Васільевіч сказаў ім: “Сёння не проста дзяржаўнае свята. Думаю, і для вас таксама гэта важны дзень, бо вы ўпершыню атрымліваеце свой галоўны дакумент — пашпарт, а разам з ім набываеце і асноўныя правы і абавязкі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Я перакананы, што для вас гэта стане пачаткам дарослага самастойнага жыцця. Перад вамі адкрываюцца новыя гарызонты ў розных сферах чалавечай дзейнасці. Вам прадастаўляюцца новыя магчымасці для рэалізацыі сваіх здольнасцей і талентаў, самых смелых задум ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. І гэтыя магчымасці, перспектывы надзейна замацаваны асноўным законам нашай дзяржавы. Разам з тым наяўнасць пашпарта — гэта і адказнасць як грамадзяніна перад законам, адказнасць за лёс сваёй Радзімы, за яе будучыню, за тое, што вы яшчэ зробіце на карысць грамадства і дзяржавы. І важна, каб вы не проста задавалі пытанне, што дзяржава зрабіла для вас, а што непасрэдна вы зрабілі для таго, каб яна была незалежнай, квітнела, устойліва развівала сваю эканоміку, сацыяльную сферу, каб прасоўваць наперад тое, што было дасягнута папярэднімі пакаленнямі.

Вам як юным грамадзянам трэба будзе прымножыць гэтыя дасягненні нашай краіны. А каб дасягнуць поспеху, трэба шмат працаваць, у першую чаргу над сабой, пастаянна вучыцца, з любоўю адносіцца да людзей, якія вас акружаюць, да сваёй справы — грамадскай, а потым і прафесійнай. Перакананы, што кожны з вас выбера інтэлектуальную дарогу ў жыцці і пастараецца прынесці як можна больш карысці сваёй Айчыне і сваім сем’ям”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.