Па поклічы сэрца

Ва ўстановах адукацыі Ганцавіччыны шмат цікавых маладых педагогаў. Сярод іх — настаўніца хіміі і біялогіі Настасся Шэмет з гімназіі Ганцавіч. Ураджэнка Палесся пасля заканчэння факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка працавала ў адной са сталічных школ, але ўвесь час сумавала па малой радзіме. Два гады назад яна вярнулася ў родны горад, каб ужо тут прадоўжыць прафесійнае станаўленне.

Настасся Шэмет выбрала настаўніцкую дарогу невыпадкова. На думку маладога педагога, гэта адна з самых цікавых і важных прафесій, ад якой залежыць будучыня моладзі.

— Да педагогікі цягнула з дзяцінства, — прызнаецца Настасся Шэмет. — У пачатковых класах даволі часта ўяўляла сябе на месцы настаўніцы, якая, стоячы ля дошкі, тлумачыць дзецям новую тэму. А ў старшых класах канчаткова зразумела, што педагогіка — гэта маё.

У школьныя гады будучая настаўніца вельмі любіла хімію і біялогію, хаця апошні прадмет ёй усё ж такі больш блізкі. “Хімія — навука вузканакіраваная і зразумелая далёка не ўсім, а вось біялогія больш насычана цікавымі фактамі, зразумелымі для дзяцей”, — лічыць педагог.

— Самае цяжкае ў рабоце — знайсці тую грань ва ўзаемаадносінах з вучнямі, калі ты адначасова і сябар, якому можна расказаць што-небудзь асабістае, і педагог, якога павінны слухаць і паважаць, — гаворыць Настасся Шэмет. — Папрацаваўшы ў адной са сталічных школ, я зразумела, што ўсе дзеці вельмі розныя. Гімназісты вылучаюцца большай мэтанакіраванасцю. Наш педкалектыў вельмі згуртаваны і дружны. Калегі заўсёды гатовы дапамагчы ў складаных сітуацыях і даць каштоўныя парады, за што ім вельмі ўдзячна.

Настасся Шэмет лічыць, што калі з дзецьмі працуе малады педагог, то яны больш адкрытыя. Настаўніца стварае на ўроках атмасферу нязмушанай, але накіраванай вучэбнай дзейнасці, заснаванай на дыялогу. “Без яго немагчыма дасягнуць добрых вынікаў у педагагічнай рабоце”, — упэўнена Настасся Шэмет.

— Лягчэй працаваць са старшакласнікамі, бо яны ўжо добра разумеюць, чаго хочуць і што ім трэба, як паводзіць сябе ў пэўнай сітуацыі, — расказвае настаўніца. — А вось з іншымі дзецьмі неабходна быць яшчэ і выхавальнікам. Вопыт класнага кіраўніцтва надзвычай каштоўны, бо дазваляе ўсвядоміць, што ты павінен быць для дзяцей не толькі педагогам і выхавальнікам, а найперш надзейным таварышам. З задавальненнем арганізоўваю цікавыя экскурсіі і паходы па гістарычных мясцінах Ганцавіччыны. Імкнуся праводзіць забаўляльна-адукацыйныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, якія вельмі падабаюцца вучням.

Настасся Шэмет не хавае, што ў яе ўзнікалі часам думкі паспрабаваць сябе ў іншай сферы дзейнасці. Акрамя настаўніцкай прафесіі, дзяўчыну прыцягвала і медыцына. Але педагогіка ўсё ж такі перамагла.

— Сучасны настаўнік павінен быць адкрытым і камунікабельным, добрым і мабільным, дастойным прыкладам ва ўсіх учынках і дзеяннях, — лічыць Настасся Шэмет.

Вольны час малады педагог імкнецца праводзіць актыўна і цікава. Яна займаецца спортам, любіць велапрагулкі, захапляецца мастацкай літаратурай.

Ягор МУХА,
выхаванец аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр”
Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *