Па працы і гонар

- 10:50Навіны рэгіёнаў

Настаўніцкая праца не з лёгкіх. Але, мабыць, праца педагога — адна з самых плённых, бо ў дасягненнях любога чалавека ёсць маленькая частка заслуг яго настаўніка. Таму праца педагога не павінна заставацца незаўважанай. За дасягненні пэўных вынікаў у рабоце педагагічныя калектывы павінны атрымліваць заслужаныя ўзнагароды.

Такімі ўзнагародамі на мінулым тыдні было адзначана настаўніцтва Магілёўшчыны. У рэгіёне падвялі вынікі штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці і прысуджэння звання “Лепшы па прафесіі”.
— У 2014 годзе навучальныя ўстановы паслядоўна ажыццяўлялі работу па павышэнні якасці адукацыі і развіцці адукацыйнай сферы. Дзякуючы гэтаму, сістэмай адукацыі па выніках мінулага года выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі. У гэтым ёсць маленькая заслуга кожнага педагога, а па працы і гонар, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, пасля чаго пажадаў настаўнікам вобласці поспехаў і адкрыў цырымонію ўзнагароджання.
Сярод гарадскіх упраўленняў адукацыі лепшай была прызнана работа ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама (начальнік Ірына Мікалаеўна Рынейская). Пераможныя дыпломы сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму раённых выканаўчых камітэтаў атрымалі Асіповіцкі аддзел адукацыі, спорту і турызму (начальнік Наталля Іванаўна Шаўчэнка) і Глускі аддзел адукацыі, спорту і турызму (начальнік Аляксандр Аляксандравіч Бельскі).
Па профілі дашкольнай адукацыі як лепшыя былі адзначаны дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва (загадчык Таццяна Юр’еўна Швяцова) і яслі-сад аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна (загадчык Ларыса Іванаўна Петрусёва).
Найбольш эфектыўна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі спрацавалі сярэдняя школа № 40 Магілёва (дырэктар Галіна Адамаўна Барычэўская), Ціманаўская сярэдняя школа Клімавіцкага раёна (дырэктар Ірына Анатольеўна Асмалоўская), гімназія № 2 Бабруйска (дырэктар Таццяна Мікалаеўна Казлова), Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3 (дырэктар Канстанцін Міхайлавіч Грыгаровіч), Глуская санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з саматычнай паталогіяй (дырэктар Анатоль Міхайлавіч Ласоцкі).
Самыя высокія паказчыкі работы ў спецыяльнай адукацыі за мінулы год прадэманстравалі Шклоўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку (дырэктар Інга Віктараўна Аляксандрава) і Магілёўскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (дырэктар Алена Генрыхаўна Мазалоўская).
Лепшай у профілі прафесійна-тэхнічнай адукацыі была прызнана работа Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа (дырэктар Алег Адамавіч Бахановіч) і прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва (дырэктар Валянціна Міхайлаўна Страхалет).
Сярод устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі перамог калектыў абласнога Цэнтра творчасці (дырэктар Леанід Мікалаевіч Мінаў). Лепшай сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі была названа работа Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа (дырэктар Сяргей Мікалаевіч Казлоў).
Заслужаныя ўзнагароды на ўрачыстай цырымоніі атрымалі і лепшыя па прафесіі: настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 15 Магілёва Галіна Васільеўна Дудко, выхавальнік ясляў-сада № 10 “Расінка” Асіповіч Вікторыя Пятроўна Гяч, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці “Прамень” Шклова Іна Альбертаўна Пляскоўскіх, майстар вытворчага навучання прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва Таццяна Леанідаўна Ускробава.
Адзначаны былі таксама і спартыўныя дасягненні ўстаноў адукацыі вобласці. Дыпломы атрымалі лідары абласных круглагадовых спартакіяд сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Пераможцамі ў сваіх намінацыях былі прызнаны ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама, аддзел адукацыі, спорту і турызму Хоцімскага райвыканкама, Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3, Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Адпаведныя дыпломы знайшлі таксама і прызёраў абласных круглагадовых спартакіяд.
Своеасаблівым агульным падарункам для прадстаўнікоў лепшых педагагічных калектываў вобласці стаў выдатны канцэрт ад талентаў Бабруйшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.