Па праву Памяці

У Віцебску 8—9 красавіка прайшоў рэспубліканскі вучэбна-метадычны семінар па пытаннях увекавечання памяці загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў. Пляцоўкай правядзення семінара, арганізаванага галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама сумесна з упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, стала абласная бібліятэка імя У.І.Леніна.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, прадстаўнікі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, гаррайвыканкамаў Віцебскай вобласці, 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, пошукавых грамадскіх аб’яднанняў. Былі абмеркаваны вынікі работы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў у Беларусі, арганізацыя ўзаемадзеяння з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадскімі арганізацыямі ў ходзе правядзення палявых пошукавых работ, дзяржаўны ўлік воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, парадак вядзення аўтаматызаванага банка даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь”, парадак вызначэння меж ахоўных зон (зон аховы ландшафту), выпрацоўка адзіных падыходаў у пытаннях захавання аб’ектаў ваенна-мемарыяльнай і культурнай спадчыны, далучэнне навучэнцаў да пошукава-даследчай дзейнасці па вывучэнні гісторыі краіны.

Як паведаміў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Сяргей Варановіч, у 2020 годзе па выніках палявых пошукавых работ знойдзена на месцах былых баёў і перапахавана 878 астанкаў, па спадарожных знаходках удалося ўстанавіць 28 імёнаў загінуўшых і прапаўшых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сумеснымі намаганнямі ўпраўлення, абласных выканаўчых камітэтаў, ваенных камісарыятаў і пошукавікаў у аўтаматызаваны банк даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь” было ўнесена больш за 13,5 тысячы новых імёнаў. Па пошуку загінуўшых і прапаўшых без вестак ваеннаслужачых паступіла 398 зваротаў — у большасці выпадкаў запрошаныя звесткі атрымалася знайсці. Пошуку садзейнічае пашырэнне наяўнай інфармацыйнай базы: паступова ўсё больш дакументаў становяцца даступнымі. Найбольш актыўна пошукавая работа праводзіцца ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. На кожныя 5 гадоў у краіне распрацоўваецца і рэалізуецца дзяржаўная праграма па ўвекавечанні загінуўшых пры абароне Айчыны, якая прадугледжвае ў тым ліку комплекс мерапрыемстваў па ўстанаўленні імёнаў і ўшанаванні памяці тых, хто ахвяраваў жыццём, набліжаючы Вялікую Перамогу. На цяперашні час ідзе ўзгадненне адпаведнай дзяржпраграмы на 2021—2025 гады. Актуальная задача — пашырэнне пошукавага руху, павышэнне цікавасці моладзі да пошукавай дзейнасці.

Сяргей Варановіч узнагародзіў падзячнымі лістамі, граматамі ўпраўлення, нагруднымі знакамі “За актыўны пошук” і “За адзнаку ў ваенна-мемарыяльнай рабоце” актывістаў, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у работу па ўвекавечанні памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны абаронцаў Айчыны. Удзельнікі семінара наведалі воінскае пахаванне на Успенскай горцы, усклалі кветкі да магілы Героя Савецкага Саюза М.П.Шмырова.

— Музей не першае дзесяцігоддзе працуе ў гэтым напрамку, прычым да 2019 года наша дзейнасць ажыццяўлялася практычна на валанцёрскіх пачатках, — расказала дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова Ірына Шышкова. — У музей прыходзіла вельмі многа зваротаў з пытаннем, як знайсці пахаванага сваяка, дзе ён загінуў, — стараліся дапамагчы. Па Віцебскай вобласці мы гаворым пра больш як 402 тысячы загінуўшых, якія пахаваны на тэрыторыі рэгіёна; у базе музея зверана каля 191 тысячы імёнаў і прозвішчаў. Наша першая задача — устанавіць даныя як мага большай колькасці загінуўшых невядомых абаронцаў Айчыны. Тут нам садзейнічаюць інтэрнэт-рэсурсы: сёння адкрыты доступ да многіх дакументаў, што дае магчымасці адсачыць па журналах баявых дзеянняў рух усіх дывізій, брыгад і любых ваенных фарміраванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Па словах дырэктара музея, маштабная работа па пошуку і ўвекавечанні загінуўшых — агульная справа многіх людзей, гэта велізарны пласт, велізарная колькасць імёнаў, велізарная колькасць лёсаў. База, выстаўленая на сайце музея, — вынік працы сумесна з дзяржструктурамі, установамі адукацыі, валанцёрамі, краязнаўцамі. Па напрамку “Абеліск на карце раёна” пастаўлена на ўлік больш за 1500 воінскіх пахаванняў, работа працягваецца. Яшчэ адзін важны напрамак — пошук загінуўшых землякоў: з тэрыторыі вобласці ў гады вайны было прызвана каля 500 тысяч чалавек. Асобны раздзел прысвечаны партызанскаму руху, устанаўленню звестак пра падпольшчыкаў, сувязных. Акрамя таго, у працэсе работы адкрыўся шэраг іншых важных напрамкаў — напрыклад, інфармацыя пра ўсіх вязняў фашысцкіх канцлагераў, якія трапілі ў палон з тэрыторыі Віцебшчыны; многа зваротаў паступае па падзеях Першай сусветнай вайны — таксама ўжо ёсць адпаведны раздзел.

“Хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прымае ўдзел у пошуку, архіўных даследаваннях, дапамагае ў нашай рабоце — мы разам захоўваем памяць і праводзім патрыятычнае выхаванне моладзі”, — адзначыла Ірына Шышкова.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.