Па прыступках медыяадукацыі

- 9:44Выбар прафесіі

Другакласнік Ваня Карась пяць дзён вучыцца ў 35-й гродзенскай школе, а па суботах — у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Тут ён наведвае інтэнсіўны курс для школьнікаў, адкрыты на кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Праўда, займаюцца тут навучэнцы 5—6 класаў, але для дапытлівага Вані зрабілі выключэнне — хлопчык нараўне з астатнімі школьнікамі спасцігае фотасправу, майстэрства працаваць перад кінакамерай, правільна размаўляць.


Да выбару прафесіі трэба рыхтавацца з дзяцінства, лічаць на кафедры журналістыкі. І за дзесяць гадоў яе існавання гэты тэзіс развіўся ў шэраг адукацыйных і прафарыентацыйных праектаў, якія дапамагаюць маладым людзям зрабіць свядомы выбар.

— Разуменне трыяды “прафарыентаваны школьнік — матываваны студэнт — добры спецыяліст” дазваляе выбудаваць сістэму работы, у аснове якой ляжыць ідэя развіцця масавай медыяадукацыі ў рэгіёне. Гэта дазваляе знаходзіць матываваных маладых людзей, якія мараць звязаць сваё жыццё з журналістыкай, — гаворыць загадчык кафедры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Іна Мінчук. — Мы імкнёмся ахапіць прафарыентацыйнай работай усе групы школьнікаў.

Прыступка першая. Для самых юных

Інтэнсіўны курс па рабоце ў сацыяльных сетках “#явсети” мае мэту азнаёміць дзяцей з базавымі прынцыпамі эфектыўнай работы ў сацыяльных сетках, з асновамі медыяадукацыі, раскрыць творчы патэнцыял дзяцей.

Курс “#явсети” ўключае 3 модулі: першы — развіццё медыяадукацыі (бяспечныя паводзіны ў сацсетках і вядзенне акаўнта ў сацыяльнай сетцы), другі — асновы фатаграфіі, рэдагаванне фотаматэрыялаў і падрыхтоўка фотапартфоліа, трэці — тэхніка маўлення, работа з мікрафонам, уменне выступаць перад камерай і стварэнне відэавізітоўкі.

Кіраўнік модуля “Партфоліа” старшы выкладчык кафедры журналістыкі Ягор Кубасаў расказвае:

— Праграма курса прадугледжвае дзве фотасесіі — студыйную і оpenair. Мы працуем у прасторы студэнцкага медыяцэнтра, а таксама выходзім за яго межы: дзеці выступаюць у якасці мадэлей і самі робяць здымкі. На наступных занятках працуем з атрыманым фотаматэрыялам.


— Дзецям такія заняткі падабаюцца, — гаворыць начальнік вучэбна-навукова-вытворчага аб’яднання “Студэнцкі медыяцэнтр” пры кафедры журналістыкі Кіра Блудава-Гой. — Навучыцца правільна рабіць сэлфі, а потым вучыць гэтаму і сваіх бацькоў для юных аматараў фатаграфіі цікава. Вельмі важным лічым сфарміраваць у дзяцей патрэбу і культуру выкарыстання і стварэння інфармацыі, азнаёміць з асаблівасцямі функцыянавання сучасных сацыяльных сетак, выпрацаваць адэкватнае ўяўленне пра патэнцыяльныя пагрозы інтэрнэту, дапамагчы ў стварэнні ўласнага медыяпрадукту — публікацый у сацсетках, фотаматэрыялаў, аўдыя- і відэакантэнту, развіць навык падбору інфармацыі і аргументацыі для паспяховага публічнага выступлення. І, як бачым па вопыце першых месяцаў работы, гэта для дзяцей актуальна і карысна, а галоўнае — цікава.

Чарговы набор на праграму плануецца ў лютым будучага года.

Прыступка другая. “МедыяГід”

У чэрвені 2018 года кафедра журналістыкі сумесна з тэлерадыёвяшчальным каналам “Гродна Плюс” пры падтрымцы газеты “Гродзенская праўда” ўпершыню правяла школу медыяадукацыі “МедыяГід” для вучняў 7—8 класаў.

Удзельнікамі школы сталі 15 навучэнцаў гімназіі № 10 Гродна. На працягу трох тэматычных тыдняў (тыдня тэлебачання, тыдня прэсы і тыдня радыё) пад кіраўніцтвам прафесіянальных журналістаў, выкладчыкаў кафедры, студэнтаў спецыяльнасцей “Журналістыка” і “Інфармацыя і камунікацыя” вучні рыхтавалі медыйныя матэрыялы для СМІ і самі станавіліся героямі публікацый і відэасюжэтаў.

Важным складнікам вучэбнай праграмы летняй школы стаў модуль па развіцці масавай медыяадукацыі: дзеці знаёміліся з правіламі бяспечных паводзін у сацыяльных сетках. З навучэнцамі працавалі студэнты спецыяльнасці “Журналістыка” і “Інфармацыя і камунікацыя”. Такая мінімальная ўзроставая дыстанцыя дазваляла гаварыць на адной мове, лепш разумець праблемы падлеткаў.

— Дзеці пабывалі на экскурсіі ў рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”, азнаёміліся з гісторыяй развіцця абласной газеты, а намеснік галоўнага рэдактара Дзмітрый Смірноў прыйшоў у студэнцкі медыяцэнтр і даў інтэрв’ю ў радыёстудыі для студэнцкага радыё “Inter’Актив” і ў тэлевізійнай студыі для студэнцкай праграмы “Заліковы кадр”, — расказвае старшы выкладчык кафедры журналістыкі Ягор Кубасаў. — Усе заняткі ў летняй школе мелі практычную накіраванасць і завяршаліся падрыхтоўкай медыйных матэрыялаў у розных жанрах, не толькі традыцыйных журналісцкіх (нататка, апытанне, справаздача), але і ў жанрах новых медыя. Навучэнцы сумесна са студэнтамі спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя” вялі групы ў папулярных сацыяльных сетках і вучыліся фарміраваць свой імідж, выкарыстоўваючы розныя інструменты PR-прасоўвання.

Сямідзённая школа медыяпісьменнасці працавала на восеньскіх канікулах. Такія ж школы будуць арганізаваны на вясновых і летніх канікулах у 2019 годзе.

Прыступка трэцяя. Студыя юнага журналіста ”Медыя-STARt“

Студыя “Медыя-STARt” пачала работу ў 2015 годзе пры вучэбна-навукова-вытворчым аб’яднанні “Студэнцкі медыяцэнтр”. Гэта творчая лабараторыя тэлебачання, радыё, прэсы, тэатра і кіно, рэкламы і PR-тэхналогій, якая дазваляе будучым абітурыентам максімальна якасна падрыхтавацца да ўвядзення ў будучую прафесію і да ўступнага выпрабавання “Творчасць”.


Слухачы маюць магчымасць азнаёміцца з асновамі журналістыкі, паўдзельнічаць у стварэнні газетных матэрыялаў, прайсці курс фотамайстэрства, атрымаць вопыт практычнай дзейнасці ў прафесійным асяроддзі. Яны вучацца браць інтэрв’ю, разыгрываць ток-шоу перад камерай, спрабуюць сябе ў ролі фотарэпарцёра, даведваюцца пра сакрэты інтэрнэт-журналістыкі, вучацца выпускаць газету, складаць свой першы прэс-рэліз і арганізоўваць сваю першую прэс-канферэнцыю, распрацоўваць эфектыўны рэкламны зварот.

Заняткі праводзяць выкладчыкі кафедры і студэнты спецыяльнасцей “Журналістыка” і “Інфармацыя і камунікацыя”. Формы заняткаў у студыі “Медыя-STARt” — гэта лекцыі і семінары, алімпіяды, трэнінгі, майстар-класы, відэаўрокі, вэбінары, экскурсіі, тэсціраванне, інтэрактыўныя гульні, конкурсы. На заняткі да школьнікаў прыходзяць таксама журналісты-практыкі, спецыялісты ў сферы рэкламы і сувязей з грамадскасцю, супрацоўнікі рэкламных агенцтваў і прэс-службаў, якія дзеляцца сакрэтамі свайго прафесійнага майстэрства.

Для навучэнцаў 10—11 класаў на кафедры арганізоўваюць алімпіяду па журналістыцы “Медыя і я”. Яна традыцыйна праходзіць у два этапы: завочны этап — самапрэзентацыя ўдзельнікаў, вочны этап — напісанне сачынення і вуснае выступленне.

Як расказала начальнік студэнцкага медыяцэнтра Кіра Блудава-Гой, у апошняй алімпіядзе прынялі ўдзел школьнікі з усёй Гродзенскай вобласці, было шмат сельскіх вучняў. Дыплом І ступені ў намінацыі “Мне гэта цікава” атрымала навучэнка 11 класа Індурскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Кацярына Сідоранка, якая зараз з’яўляец-ца студэнткай спецыяльнасці “Журналістыка”. Дарэчы, і тут было зроблена выключэнне па ўзросце — у алімпіядзе прынялі ўдзел тры васьмікласнікі.

Удзельнікі, якія адзначаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені, паступаючы ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы пры роўнай колькасці балаў маюць пераважнае права залічэння на спецыяльнасць “Журналістыка”.

На кафедры журналістыкі выкарыстоўваюць кожную магчымасць паказаць будучым абітурыентам практычны складнік прафесіі і праводзяць майстар-класы. Так, удзельнікі VI Адкрытай рэгіянальнай алімпіяды па журналістыцы атрымалі парады ад вядомага гродзенскага фатографа старшага выкладчыка кафедры журналістыкі Сяргея Марозава, убачылі калекцыю рарытэтных фотаэкспанатаў.

Прыступка чацвёртая. Выйсці ў эфір

Стварыць уласны відэапраект і выйсці з ім у эфір маюць магчымасць удзельнікі маладзёжнага фестывалю відэапраектаў “Медыясфера”. У ім удзельнічаюць студэнты (катэгорыя “Профі”) і юніёры (навучэнцы каледжаў, школ). У журы — выкладчыкі кафедры журналістыкі і журналісты-практыкі: дырэктар тэлерадыёкампаніі “Гродна” Мікалай Мельячэнка, тэлевядучая Таццяна Сідоранка, дырэктар “Гроднааблкінавідэапраката” Юрый Аляксей, галоўны рэдактар тэлерадыёвяшчальнага канала “Гродна Плюс” Сяргей Мазайла. Яны не толькі выступаюць у ролі членаў журы, але і арганізоўваюць і асабіста праводзяць майстар-класы для моладзі. У 2018 годзе, напрыклад, удзельнікі фестывалю “Медыясфера” мелі магчымасць пад кіраўніцтвам прафесянальных журналістаў падрыхтаваць відэасюжэты, якія выйшлі ў эфіры гарадскога і абласнога тэлеканалаў.

— Галоўная мэта фестывалю — падтрымаць таленавітых маладых людзей, якія робяць першыя крокі ў кіна- і відэамастацтве,— гаворыць загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук. — Мы імкнёмся, каб фестываль стаў пляцоўкай для зносін моладзі і прафесіяналаў у сферы масмедыя. Сёлета на ім былі прадстаўлены відэапраекты 20 устаноў адукацыі Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей у намінацыях “Беларусь турыстычная”, “Беларусь інтэлектуальная”, “Беларусь таленавітая”, “СМІ Беларусі”, “Я і новыя медыя”. Усяго 58 відэапраектаў. Таксама была заснавана спецыяльная намінацыя да Года малой радзімы.

У рамках фестывалю прайшла прэзентацыя творчых праектаў студэнтаў спецыяльнасці “Журналістыка” ГрДУ і круглы стол на тэму “Маладзёжны медыяцэнтр: вучоба, навука, творчасць”.

Прыступка пятая. Пазнавальная

Ідэй па правядзенні прафарыентацыйнай работы на кафедры журналістыкі шмат. Так, нядаўна была рэалізавана новая — трохгадзінныя туры-практыкумы ў студэнцкі медыяцэнтр, якія праводзяцца ў шосты школьны дзень.

Такі тур-практыкум уключае экскурсію па галоўным корпусе ўніверсітэта, дзе знаходзяцца кафедра журналістыкі і студэнцкі медыяцэнтр, знаёмства з арганізацыяй работы вучэбных тэле- і радыёстудый, падрыхтоўку пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры тэксту рэпартажу аб экскурсіі.

За час, праведзены ва ўніверсітэце, навучэнцы не толькі атрымліваюць шмат карыснай інфармацыі аб прафесіі журналіста, знаёмяцца з творчасцю студэнтаў (напрыклад, даведваюцца, як ствараецца праект “Заліковы кадр” для газеты “Гродзенская праўда”), але і маюць магчымасць паспрабаваць свае сілы ў журналісцкай рабоце.

Падчас аднаго з такіх тураў-практыкумаў студэнтка спецыяльнасці “Журналістыка”, карэспандэнт медыяцэнтра, вядучая праграмы “Заліковы кадр” Вольга Праневіч узяла інтэрв’ю ў дзевяцікласнікаў Гродзенскай гарадской гімназіі, для якіх гэта стала першым вопытам работы “на камеру”. А потым гімназісты і студэнты памяняліся ролямі: госці пад кіраўніцтвам студэнтаў і выкладчыкаў запісалі рэпартаж, як правялі гэты суботні дзень. Убачыць эмоцыі першага журналісцкага вопыту можна на YouTubе-канале студэнцкага медыяцэнтра. Там, дарэчы, размешчана цэлая калекцыя студэнцкіх відэапраектаў.

— Многія дзеці, якія наведваюць нашы адукацыйныя мерапрыемствы, становяцца нашымі студэнтамі, — гаворыць Іна Іванаўна Мінчук, — і потым самі далучаюцца да прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. Так, студэнтамі створаны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс “МедыяДом”. Гэта міждысцыплінарны праект, які быў выкананы ў 2018 годзе па заяўцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Рэсурс “МедыяДом” прапануе новы фармат ведаў пра медыя і прадугледжвае распрацоўку інтэрактыўных інфармацыйна-адукацыйных матэрыялаў. Інтэрнэт-рэсурс складаецца з трох раздзелаў: мінулае — МедыяЛЕСВІЦА, сучаснасць — МедыяГАСЦЁЎНЯ, будучыня — МедыяКУХНЯ, якія забяспечваюць цэласнае ўспрыманне медыяпрасторы Гродзеншчыны. Дзякуючы інтэрактыўным інструментам медыяадукацыі, прадстаўленым на сайце, маладыя людзі могуць атрымаць веды пра гісторыю і актуальныя тэндэнцыі развіцця медыяасяроддзя, азнаёміцца з правіламі карыстання інтэрнэт-рэсурсамі і навучыцца выбудоўваць правільную стратэгію паводзін у медыяпрасторы.

У лістападзе 2018 года рэсурс “МедыяДом” стаў пераможцам XV Міжнароднага конкурсу студэнцкіх камунікацыйных праектаў “МасмедыяПерспектыва”, які адбыўся ў Інстытуце “Вышэйшая школа журналістыкі і масавых камунікацый” Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Вось так, па прыступках медыяадукацыі — да прафесіі журналіста — маюць магчымасць падымацца школьнікі Гродзеншчыны. На кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы робяць гэты шлях цікавым і адказным.

Парады ад кафедры журналістыкі абітурыентам-2019

Іна МІНЧУК, загадчык кафедры журналістыкі:

— Каб падрыхтавацца да ўступнага выпрабавання “Творчасць”, пачынайце знаёмства з прафесійнай журналістыкай яшчэ ў школе: кожны дзень чытайце газеты, глядзіце тэлевізар, слухайце радыё. Знаёмцеся з творчасцю журналістаў — лаўрэатаў конкурсаў прафесійнага майстэрства (у Беларусі гэта, напрыклад, “Тэлевяршыня”, “Залатая ліцера”), самі ўдзельнічайце ў конкурсах. Складайце сваё творчае партфоліа з публікацый у прэсе, фота- і відэаматэрыялаў, дыпломаў і ўзнагарод з творчых конкурсаў, фестываляў, алімпіяд.

Кіра БЛУДАВА-ГОЙ, начальнік ВНВА “Студэнцкі медыяцэнтр”:

— Мая парада простая: не губляйцеся! Прыходзьце да нас знаёміцца і трымайце сувязь з кафедрай журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы і студэнцкім медыяцэнтрам. Інтэнсіўныя курсы “#явсети”, летняя, асенняя і вясновая школы медыяпісьменнасці “МедыяГід”, студыя юнага журналіста “Медыя-STARt”, маладзёжны фестываль відэапраектаў “Медыясфера”, адкрытая рэгіянальная алімпіяда па журналістыцы “Медыя і я”, адкрытыя творчыя сустрэчы з медыяперсонамі, якія мы праводзім пры падтрымцы міжнароднага медыяклуба “Фармат-А3” і Беларускага саюза журналістаў, — усё гэта дае магчымасць абітурыенту быць у прафесіі яшчэ да паступлення на спецыяльнасць “Журналістыка”.

Назар ХАЛЬКО, студэнт 1 курса спецыяльнасці “Журналістыка”, карэспандэнт ВНВА “Студэнцкі медыяцэнтр”:

— Пачніце падрыхтоўку ўжо зараз. Мне вельмі дапамагла пры паступленні падрыхтоўка ў студыі юнага журналіста “Медыя-STARt”. На занятках было шмат карыснай інфармацыі, рэгулярна праходзілі майстар-класы. Можна было паспрабаваць сябе ў розных журналісцкіх прафесіях: сёння ты тэлевядучы, а наступны раз — аператар, потым — карэспандэнт. У студэнцкім медыяцэнтры ёсць магчымасць акунуцца ў тыя сітуацыі, у якіх даводзіцца працаваць сапраўдным журналістам. А ў выпадку паступлення яшчэ і працаваць і атрымліваць зарплату, як раблю сёння я.

Ягор КУБАСАЎ, старшы выкладчык кафедры журналістыкі:

— Пры падрыхтоўцы вуснага выступлення для ўступнага іспыту “Творчасць” падыдзіце да тэмы неардынарна. Паглядзіце на яе не толькі з пазіцыі асобнага чалавека, але і з пазіцыі грамадства, дзяржавы. Невычэрпнай крыніцай інфармацыі па любой праблеме сёння выступае інтэрнэт. Карыстайцеся ім, але памятайце: да падбору інфармацыі трэба ставіцца адказна, разумець важнасць надзейнасці і дакладнасці тых рэсурсаў, на якія вы будзеце спасылацца.

Настасся СТАНКЕВІЧ, студэнтка 1 курса спецыяльнасці “Журналістыка”:

— Пісаць сачыненні нас вучаць у школе. А каб скласці добрае сачыненне на ўступным іспыце “Творчасць”, я раю шмат пісаць і эксперыментаваць дома. Не баяцца рызыкаваць і рабіць нешта незвычайнае, крэатыўнае. Трэба пісаць так, каб тэкст выклікаў у людзей эмоцыі. Мне здаецца, вельмі важна, каб вынік спадабаўся табе самому, каб ты атрымліваў задавальненне ад таго, што робіш. А яшчэ абавязкова трэба верыць у сябе і свае сілы, ісці да сваёй мэты — тады ўсё атрымаецца!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара і кафедры журналістыкі.