Па прыкладзе бацькі

- 14:08Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Сапраўдны настаўнік той, які здольны спусціцца з вышынь сваіх ведаў да няведання дзіцяці, а пасля разам з ім зноў здзейсніць узыходжанне. Акрамя таго, у зносінах з дзецьмі педагог павінен умець шчыра і сумленна раскрываць перад імі сваё светаадчуванне, сваю сістэму жыццёвых каштоўнасцей. Не менш важныя таксама камфортнасць навучання і выхавання, стварэнне ўмоў для рэалізацыі індывідуальных здольнасцей кожнага дзіцяці. Такіх прынцыпаў прытрымліваецца ў сваёй дзейнасці настаўнік фізікі сярэдняй школы № 2 Бялыніч Андрэй Панедзька.

Андрэй Сяргеевіч — малады педагог, працоўны стаж якога — няпоўныя пяць гадоў. Але ён ужо здолеў дасягнуць пэўных прафесійных вышынь: атрымаў перамогу ў шэрагу конкурсаў і мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. І гэта нягледзячы на тое, што першапачаткова ён увогуле не планаваў звязаць сваё жыццё з педагогікай.

— Хацеў працаваць у органах дзяржаўнай бяспекі, але не прайшоў медыцынскую камісію. Другім варыянтам прафесійнай будучыні вызначыў для сябе педагогіку. Чаму менавіта гэты кірунак? Галоўная прычына — прыклад бацькі, які доўгі час быў дырэктарам школы і зараз працягвае працаваць настаўнікам. Менавіта яго служэнне прафесіі стала для мяне своеасаблівым узорам і матывацыяй, — расказаў А.С.Панедзька.

Настаўніцкі дыплом Андрэй Сяргеевіч атрымаў у МДУ імя А.А.Куляшова. Тут жа паспяхова скончыў магістратуру і пасля гэтага маладым настаўнікам фізікі прыехаў у другую бялыніцкую школу.

— У работу ўключыўся неяк адразу. Першыя часы ўзнікалі некаторыя складанасці, але кіраўніцтва ўстановы і наш педагагічны калектыў вельмі падтрымлівалі ў той перыяд, таму прафесійнае станаўленне прайшло даволі хутка. Калі быць шчырым: едучы ў Бялынічы, думаў, што адпрацую тэрмін размеркавання і з’еду, бо сам я родам з Касцюковіцкага раёна. Але потым прыкіпеў душой да школы і сваіх вучняў — і застаўся, — паведаміў А.С.Панедзька.

За чатыры гады Андрэй Сяргеевіч паспеў выпрацаваць сваю сістэму паспяховага навучання. На яго думку, эфектыўнае вывучэнне фізікі магчыма толькі пры выкарыстанні форм работы, здольных зацікавіць вучняў. Таму ў аснове ўрокаў гэтага педагога — метады і тэхналогіі, якія фарміруюць у навучэнцаў пазнавальную актыўнасць. У ходзе выкладання прадмета А.С.Панедзька шмат увагі ўдзяляе прымяненню інфармацыйных тэхналогій, фізічнаму эксперыменту, метапрадметнасці і практыка-арыентаванасці заняткаў.

— Каб зацікавіць сённяшніх школьнікаў вывучэннем фізікі, трэба дапамагчы ім усвядоміць важнасць і ўніверсальнасць гэтай навукі, стварыць умовы для самарэалізацыі асобы кожнага навучэнца, развіць у дзяцей патрэбу ў самастойнай творчай і даследчай дзейнасці. Для гэтага неабходна ўвесь час шукаць новыя метады і сродкі навучання. Пры гэтым варта ўлічваць, што дзеці атрымліваюць вялікую колькасць інфармацыі з сеткавых рэсурсаў. Але гаджэты і інтэрнэт можна выкарыстоўваць з карысцю. Я часта даю заданні, для выканання якіх можна і нават трэба прымяняць тэлефон. Не так даўно самастойна распрацаваў уласны віртуальны кабінет фізікі, які аказвае істотную дапамогу як у агульнай арганізацыі навучання, так і ў рабоце з адоранымі вучнямі, — адзначыў Андрэй Сяргеевіч.

Дарэчы, для А.С.Панедзькі раскрыццё здольнасцей і патэнцыялу навучэнцаў — у прыярытэце. І гэта прыносіць адпаведныя вынікі. Вучні Андрэя Сяргеевіча неаднаразова станавіліся прызёрамі розных конкурсаў і алімпіяд па фізіцы.

Адметна, што асаблівае значэнне А.С.Панедзька надае і выхаваўчым момантам. Малады настаўнік перакананы: задача кожнага педагога — не толькі даваць веды, але і выхоўваць асобу, фарміраваць правільныя жыццёвыя арыенціры. З гэтай мэтай Андрэй Сяргеевіч часта сустракаецца са сваімі вучнямі ў пазаўрочны час: праводзіць для дзяцей факультатывы, вядзе спартыўную секцыю.

Сярод прыярытэтаў А.С.Панедзькі таксама прафесійнае развіццё. Ён упэўнены: у сучасных рэаліях інакш нельга.

— Педагогу неабходна ісці ў нагу з часам. Запыт грамадства на адукацыю ўвесь час мяняецца. Трэба ўлічваць гэта, умець адпавядаць сённяшнім адукацыйным тэндэнцыям, — лічыць Андрэй Сяргеевіч.

Зараз А.С.Панедзька толькі ў пачатку свайго настаўніцкага шляху, але ён ужо дасягнуў пэўных працоўных поспехаў. Сярод найбольш значных яго дасягненняў — перамога ў раённым конкурсе “Прызванне педагог”, грамата аддзела па адукацыі райвыканкама. У планах у Андрэя Сяргеевіча — працягваць прафесійны рост, надалей развіваць сваё педагагічнае майстэрства, адным словам — станавіцца лепшым, каб даваць усё самае лепшае сваім вучням.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.