Па прыкладзе дарослых. Вучні Скрыбаўскай сярэдняй школы актыўна рэалізуюць сябе як валанцёры

- 13:10Дело неравнодушных, Духовность и патриотизм

З вокнаў Скрыбаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна відаць храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы
ў вёсцы Мураванка. Гэтым суседствам абумоўлена цеснае партнёрства ўстановы адукацыі з прыходам у справе рэалізацыі добрых ініцыятыў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Да 500-годдзя храма

У кастрычніку храм-крэ­пасць абарончага тыпу адзначыў 500-годдзе. У маштабнай падрыхтоўцы да юбілею актыўны ­ўдзел прымала вялікая школьная каманда.

— З задавальненнем і цікавасцю разам са старшакласнікамі разбілі клумбу на тэрыторыі храма. Упэўнены, што вясной і летам гэты квітнеючы куток падорыць кожнаму з нашых юных памочнікаў не толькі эстэтычнае задавальненне, але і цёплыя ўспаміны пра ­ўдзел у добрай справе, — расказвае дырэктар школы Аляксандр ­Шалесны.

Ён, дарэчы, і сам быў удзельнікам мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторыі храма, браўся за работу, якая была не па сілах школьнікам.

— Часта паўтараю дзецям, што маленькай дапамогі не бывае. Было прыемна назіраць, як адной камандай вучні раўнялі газоны, дапамагалі ў прыбіранні прыхрамавай тэрыторыі ад будаўнічага смецця і даглядалі кветнікі, — гаворыць Галіна Качаноўская, якая вядзе факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”.

Школьны актыў

Першымі да работы па добраўпарадкаванні далучыліся актывісты школьнага валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” і цімураўскага “Дары дабро”. З часам захапіліся добрым пачынаннем на карысць роднага краю і іншыя школьнікі.

— Толькі ў ліку прадстаўнікоў нашага валанцёрскага атрада сёння 14 дзевяці- і дзесяцікласнікаў. Але ля сцен храма мы бывалі і значна большай камандай, — звяртае ўвагу кіраўнік установы адукацыі.

Накіроўвае работу цімураўскага і валанцёрскага атрадаў школы Галіна Качаноўская. Актыўную дапамогу аказваюць класныя кіраўнікі з 7 па 11 класы. Ініцыятыўныя школьнікі, дарэчы, не першы год удзельнічаюць у рэалізацыі бестэрміновага праекта “Твары дабро”. Ён прадугледжвае і дапамогу пажылым жыхарам аграгарадка, і догляд памятных знакаў і воінскіх пахаванняў, і ўвагу да ветэранаў працы… Яшчэ зусім свежыя ўспаміны школьнікаў, напрыклад, пра тое, як у кампаніі з педагогамі яны віншавалі з 90-годдзем ветэрана педагагічнай працы Дзмітрыя Філіпчыка.

— Думаю, глыбока кранулі тады не толькі нас, дарослых, але і дзяцей словы Дзмітрыя Сямёнавіча і яго жонкі Валянціны Іванаўны, таксама ветэрана педагагічнай працы, пра тое, як яны рады ба­чыць на парозе сваёй хаты школьнікаў і разумець, што ў калектыве пра іх памятаюць, — робіць важную рэмарку намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Марчукевіч.

Святочны настрой

Працягваючы пералічваць добрыя пачынанні, якія рэалізаваны за межамі ўстановы адукацыі, нельга не адзначыць, што асаблівае месца адведзена і творчым мерапрыемствам у храме.

— У мінулым годзе ўпершыню з дазволу настаяцеля Алега Засіма нашы вучні рыхтавалі творчыя нумары для прыхаджан, з якімі выступалі адразу пасля святочных богаслужэнняў. Гэта былі калядныя і велікодныя песні і вершы, якія падарылі вялікае задавальненне і выступоўцам, і гледачам, — адзначае Галіна Качаноўская.

У гэтым годзе цікавы вопыт працягнулі напярэдадні яшчэ аднаго хрысціянскага свята — Вадохрышча. Па словах педагога, такая форма работы садзейнічае не толькі маральнаму выхаванню дзяцей. Значная частка прыхаджан храма — людзі пажылога ўзросту, і ўзаемадзеянне з юнымі жыхарамі краю — адзін са складнікаў пераемнасці пакаленняў.

— Добра, калі школьнікі мо­гуць рэалізаваць сябе ў якасці валанцёраў, калі ў іх перад вачамі ёсць добрыя прыклады неабыякавых дарослых. І для нашага калектыву гэта сапраўды актуальна, — заўважае Алена Марчукевіч.

Сёлета член школьнага валанцёрскага атрада Вікторыя Шчатко прэзентавала вопыт яго работы як член раённага маладзёжнага парламента. І высокую ацэнку скрыбаўскія валанцёры атрымліваюць не толькі ад мясцовых жыхароў — іх дзейнасць адзначаецца і на раённым узроўні.

Цікавыя формы работы

Партнёрства школы і храма пачалося задоўга да падрыхтоўкі да знакавага юбілею храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка. Іерэй Алег Засім — часты госць ва ўстанове адукацыі.

— Ён бывае на тэматычных гутарках і сустрэчах са школьнікамі. І размова тут не толькі пра тых, хто наведвае тэматычны факультатыў. У нас сёння дзейнічае і духоўна-­асветніцкі клуб навучэнцаў “Вытокі”, дзе актыўна практыкуем розныя формы работы з дзецьмі. Сёлета прапанавалі вучням задаць пытанні бацюшку праз лісты. Спецыяльную паштовую скрыню ўстанавілі ў фае школы. Трэба сказаць, дзеці фармулявалі вельмі цікавыя пытанні, адказы на якія, хочацца верыць, дапамагалі ім задумацца і паразважаць пра добрае і вечнае, — гаворыць Галіна Качаноўская.

Бывала, што за тыдзень паштовая скрыня збірала да трыццаці пытанняў. Дзеці цікавіліся простымі рэчамі, напрыклад, што азначае слова “іерэй”, але задавалі і пытанні, на якія не адкажаш некалькімі сказамі, — “Што ро­біць з душой грэх?”.

Цікавымі формамі работы педагогі са Скрыбаўцаў дзеляцца з калегамі. У мінулым годзе тут прайшоў семінар для намеснікаў дырэктара школ Шчучынскага раёна па тэме “Узаемадзеянне сям’і, школы і царквы ў духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення”. Яго ўдзельнікам тады прапанавалі прайсці распрацаваны Галінай Качаноўскай сумесна з дзецьмі квіз аб храме Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

— Галоўная задача гэтай распрацоўкі — захапіць дзяцей вывучэннем гісторыі храма, яшчэ раз прыцягнуць іх увагу да архітэктурнай жамчужыны нашага краю, бо яна сапраўды варта ўвагі кожнага. Каб не быць галаслоўнай, прывяду ўсяго адну лічбу. Толькі ў 2023 годзе падчас турыстычных экскурсій тут пабывала больш за 12 тысяч гасцей, прычым не толькі з Беларусі, — звяртае ўвагу педагог.

У інтэрактыўнай форме квіз знаёміць з гісторыяй і архітэктурнымі асаблівасцямі храма-крэ­пасці. Яго складальнікі — група валанцёраў-школьнікаў і педагог — ужо прапаноўвалі прайсці квіз вучням старшых класаў і запрашаюць гэта зрабіць гасцей установы. Азнаёмілася з ключавымі момантамі гісторыі храма і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара