Лабаранты хімічнага аналізу Цэнтральнай заводскай лабараторыі “Інтэграла” Ангеліна Брэль і Надзея Каляда дзякуючы выбранай прафесіі адкрылі для сябе захапляльны свет мікраэлектронікі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Надзея працуе на заводзе тры гады, Ангеліна — пяць. Першая родам з Салігорска, другая — з Хойнікаў. Абедзве дзяўчыны — выпускніцы Мазырскага дзяржаўнага ліцэя геалогіі, які скончылі па спецыяльнасці “Лабарант хімічнага аналізу”. На іх прыкладзе дакладна бачна, што існуючая ў Беларусі практыка размеркавання на першае працоўнае месца — гэта цягнік, які можа прывезці маладога чалавека не толькі са сталіцы ў раён, але і з раёна ў сталіцу.
— Хімію палюбіла яшчэ ў школе, і шмат у чым гэта заслуга маёй настаўніцы Наталлі Мікалаеўны Грынько. Яна ўмела цікава і зразумела данесці нават самую складаную тэму, тэорыю падмацоўвала разнапланавымі нагляднымі доследамі. Падчас вучобы я ўдзельнічала ў раённых алімпіядах па хіміі і ў рэшце рэшт вырашыла звязаць жыццё менавіта з гэтым напрамкам. Дарэчы, Мазырскі дзяржаўны ліцэй геалогіі я скончыла з дыпломам з адзнакай, — расказвае Надзея Каляда.
— У мяне двое сваякоў працуюць лабарантамі на розных прадпрыемствах. Яны задаволены сваёй работай, таму што яна запатрабаваная, стабільная. Здольнасці да хіміі — гэта, можна сказаць, наша сямейная рыса. Калі надышоў час вызначацца з будучай прафесіяй, па парадзе маці я выбрала для сябе спецыяльнасць “Лабарант хімічнага аналізу”. І не пашкадавала, — дзеліцца Ангеліна Брэль.
Чытайце матэрыял Аксаны МЫЦЬКО ў нумары ад 3 сакавіка 2023 года.