Па схеме “трохвугольніка”

Маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 Баранавіч Брэсцкай вобласці Крысціна Генадзьеўна Руцкая з самага пачатку педагагічнай дзейнасці імкнецца знайсці асабісты стыль выкладання, падыходзіць да сваіх урокаў нестандартна і вельмі адказна. Ёй падабаецца даваць вучням новыя веды, прывіваць ім любоў і паважлівыя адносіны да роднай мовы, літаратуры і культуры.

Жартам і сур’ёзна Крысціна Генадзьеўна адзначае, што ёй проста наканавана было стаць настаўніцай. А як жа інакш, калі перад вачыма быў цудоўны прыклад педагога, улюбёнага ў сваю прафесію. Маці Галіна Мікалаеўна Кавалевіч ужо больш за 25 гадоў выкладае беларускую мову і літаратуру, працуе намеснiкам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Драгічына Брэсцкай вобласці.

— Мама выпусціла ў самастойнае жыццё шмат вучняў, якія з павагай адгукаюцца пра яе, — з гордасцю гаворыць К.Г.Руцкая. — Мяне заўсёды захапляла, з якой любоўю і трапятаннем яна ставілася да сваіх школьнікаў, з якой адказнасцю падыходзіла да ўрокаў і ўвогуле да працы. Я вельмі ўдзячна ёй за гэты дастойны прыклад! Менавіта з маці ў мяне і пачалася любоў да настаўніцтва.

У старшых класах Крысціна была важатай у аздараўленчым лагеры. Там і зразумела: з дзецьмі ёй цікава. У 11 класе яна ўжо дакладна ведала: стане настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. З выбарам прадмета на той момант сумненняў ужо не было. Дзяўчына тады з жалем заўважыла, што ў дзяцей, ды і ў многіх дарослых, страчваецца цікавасць да роднай мовы. І ёй захацелася ўнесці свой уклад у вырашэнне гэтай праблемы. Тады і прыняла рашэнне: у будучыні будзе паказвац­ь сваім вучням, наколькі багатая, мілагучная і цікавая беларуская мова.

З выбарам ВНУ ў мэтанакіраванай дзяўчыны таксама не было ніякіх сумненняў. Хацела вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, куды і паступіла на філалагічны факультэт на спецыяльнасць “Славянская (чэшская і беларуская) філалогія”. У студэнцкія гады старалася не прапускаць магчымасцей для развіцця. Вельмі яркія ўспаміны засталіся ад стажыроўкі ў Чэхіі. Акрамя таго, дзяўчына стала старшынёй прафсаюзнага бюро на філалагічным факультэце і за пяць гадоў змагла выдатна праявіць свае арганізатарскія здольнасці. Сведчанне гэтага — памятная каштоўная ўзнагарода “Студэнцкі лідар БДУ”, якая была ўручана Крысціне на рэктарскім балі.

Падчас вучобы праходзіла і педагагічная, і перакладчыцкая практыка. У кожнага студэн­та была магчымасць вызначыць для сябе, што яму больш даспадобы. Крысціну больш за ўсё вабіла педагагічная практыка, асабліва ў юрыдычным каледжы БДУ. Старанная падрыхтоўка да лекцый, неймаверная колькасць хваляванняў і вялікае жаданне правесці заняткі цікава — вось што запомнілася ёй пра той перыяд. Адчувала вялікую палёгку, калі ўсё атрымлівалася добра. Самымі радаснымі былі моманты, калі навучэнцы казалі, што хочуць, каб яна прыйшла яшчэ, а кіраўнік практыкі адзначаў: выбраны ёй шлях правільны. Менавіта ў той час Крысціна яшчэ больш загарэлася педагагічнай працай і неўзабаве ўладкавалася настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэднюю школу № 38 Мінска.

Моцнага хвалявання перад першым урокам не было. Напярэдадні Крысціна Генадзь­еўна пазнаёмілася з класамі, у якіх ёй даручылі працаваць. Гэта дапамагло адчуць сябе больш спакойна. Ёй нецярпелася пачац­ь выкананне сваіх абавязкаў. За плячыма не было ні напрацаванага матэрыялу, ні вопыту, але дзяўчына адчувала вялікае жаданне прыўнесці ў жыццё сваіх вучняў штосьці карыснае і цікавае.

Маладую настаўніцу калектыў сустрэў вельмі прыветліва. Першы рабочы дзень прайшоў добра. Аднак проста і лёгка ў працы, вядома ж, не было. Тым больш што Крысціна Генадзьеўна была вельмі патрабавальнай да сябе і паставіла перад сабой мэту быць самабытным настаўнікам. Яе перажыванні, а часам і слёзы “перакрываліся” станоўчымі эмоцыямі, аддачай і першымі поспехамі вучняў, а таксама падтрымкай калег.

— З часам я пачала задумвацца глыбей, — дзеліцца сваімі разважаннямі К.Г.Руцкая. — Быць настаўнікам — гэта ж не толькі прыйсці на ўрок, за сорак пяць хвілін растлумачыць тэму, праверыць дамашняе заданне і пайсці далей у наступны клас, на наступны ўрок… Вучні не канвеер. Я павінна быць для іх прыкладам, часам псіхолагам і, калі патрэбна, апорай. Хачу быць як мага больш кампетэнтнай у сваёй сферы. Стандартны падыход не для мяне. Адчувац­ь сябе ўпэўнена мне дапамагае не што іншае, як любоў. Шчыра лічу, што немагчыма жыць шчасліва, калі ўнутры цябе няма гэтага пачуцця. Без яго не будзе ні натхнення, ні цярпення.

Першы год працы для маладога педагога быў вельмі плённым у плане самаразвіцця і адкрыцця сябе з новага боку. З асаблівай цеплынёй Крысціна Генадзьеўна ўспамінае свае самыя першыя класы, якія цёплымі адносінамі да яе натхнілі на далейшую працу. З гэтага навучальнага года К.Г.Руцкая працуе настаўніцай гімназіі № 3 Баранавіч, а таксама стала класным кіраўніком 5 класа. У другі горад пераехала да мужа і вельмі рада, што ёй пашчасціла тут трапіць ва ўстанову адукацыі, дзе вітаюцца любыя ідэі і ва ўсім адчуваецца падтрымка.

У Крысціны Генадзьеўны склалася цвёрдае правіла: яна сустракае вучняў на пазітыўнай ноце і імкнецца ў самым пачатку ўрока наладзіць іх на прадукцыйную працу, аптымізм і разняволенасць. Прапануе розныя віды дзейнасці. На літаратуры практыкуе вуснае ілюстраванне прачытанага, гутарку па змесце тэксту, гульню “Так — не”, прыёмы “Закончы фразу”, “Пазнай героя па апісанні”. Вучні з цікавасцю складаюць сінквейны, спрабуюць пісаць сачыненні.

На ўроках мовы ладзяцца лексічныя і арфаграфічныя хвілінкі. Развіццю ўвагі вучняў добра садзейнічае гульня “Лаві памылку!”. Настаўніца падбірае такія заданні, каб дзеці больш выказваліся. З 5 класа імкнецца прывучаць гімназістаў да актыўнасці на ўроку, супрацоўніцтва, фарміруе іх пазнавальную самастойнасць. Пры гэтым не дзеліць вучняў на слабаматываваных і моцных, будуе работу так, каб усе далучаліся да працэсу абмеркавання.

Вучні прымаюць удзел у мэтавызначэнні, а ў канцы ўрока падводзяць вынікі сваёй працы. Крысціна Генадзьеўна заўсёды стварае сітуацыю поспеху, каб у дзіцяці з кожным урокам было больш зацікаўленасці і матывацыі да вучобы.

— Па маёй просьбе бацькі вучняў стараюцца сумесна з дзецьмі праяўляць цікавасц­ь да роднай мовы, — усміхаецца К.Г.Руцкая. — З 5 класа прывіваю пачуццё любові і павагі да беларускай мовы, паказваю, як яна прыгожа гучыць, засяроджваю ўвагу на незнаёмых словах. Не перадаць словамі, наколькі радуецца мая душа, калі я чую ад бацькоў, што дзеці з задавальненнем рыхтуюцца да маіх урокаў, асабліва калі ім трэба праявіць сябе творча. Вучні спрабуюць размаўляць са мной па-беларуску і ў пазаўрочны час, што вельмі радуе. Спадзяюся, з маёй дапамогай яны абавязкова дасягнуць поспеху ў вывучэнні роднай мовы, будуць і далей цікавіцца беларускім фальклорам і культурай.

З бацькамі вучняў у маладой настаўніцы наладжаны ўзаемаразуменне і плённае супрацоўніцтва. За час працы Крысціна Генадзьеўна ўпэўнілася: настаўніку важна працаваць па схеме “трохвугольніка”: школа з класным кіраўніком — бацькі — вучні. Толькі калі ўсе будуць зацікаўлены ў агульнай працы, з’явяцца сапраўдны прагрэс і вынік.

Таццяна ШЫМКО.