Па шляху да прафесіі

На БелАЗ на майстар-клас

Сярод прыярытэтных кірункаў дзейнасці аддзела па адукацыі, спорце і турызме Жодзінскага гарвыканкама, які ўзначальвае Вольга Уладзіміраўна Галабародава, — арганізацыя здароўезберагальнага адукацыйнага працэсу, навучанне дзяцей правілам бяспечных паводзін, работа з высокаматываванымі навучэнцамі, якасная прафарыентацыйная работа, павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў і замацаванне маладых спецыялістаў на рабочых месцах. Асобная ўвага — прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці і аказанню своечасовай дапамогі дзецям і сем’ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

— Скажыце, якія ўмовы створаны ў горадзе для ўключэння таленавітых дзяцей у інтэлектуальную і творчую дзейнасць?

— У банк даных высокаматываваных навучэнцаў Жодзіна зараз уваходзіць 779 навучэнцаў, 95 з якіх узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. На стымуляванне і заахвочванне таленавітай моладзі Жодзінскі гарвыканкам штогод выдзяляе грашовыя сродкі. Для арганізацыі міжшкольных факультатыўных заняткаў з вучнямі па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў установам агульнай сярэдняй адукацыі выдзяляюцца дадатковыя вучэбныя гадзіны (76 гадзін) звыш тыпавога вучэбнага плана. Для правядзення заняткаў музычнай, мастацкай, харэаграфічнай і тэатральнай накіраванасці — 388 вучэбных гадзін.

На заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды ў 2017/2018 навучальным годзе вучні з Жодзіна заваявалі 3 дыпломы і 2 пахвальныя водзывы. Па геаграфіі навучэнцы гімназіі № 1 горада Канстанцін Чыжоў і Дар’я Краўчанка атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені адпаведна. Па хіміі дыплом III ступені заваяваў Уладзімір Язерскі з сярэдняй школы № 9. У рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па вучэбных прадметах дыплом I ступені па англійскай мове — у Лізаветы Берасневіч з сярэдняй школы № 6. Традыцыйным стаў удзел вучняў горада ў Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе, дзе работа вучаніцы 11 класа гімназіі № 1 Аляксандры Кахавец была ўдастоена дыплома I ступені, галоўнай прэміі “Дасканаласць як надзея”, дыплома лаўрэата прэміі настаўніцкага журы і дыплома лаўрэата трэцяй прэміі бізнес-журы.

— Якая работа праводзіцца з педагогамі па павышэнні іх прафесійнай кампетэнтнасці? Якую ролю ў гэтым адыгрывае педагагічная прэса?

— Кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” маюць 5 педагогаў горада: настаўніца геаграфіі І.М.Пічугіна, настаўніца фізікі Э.М.Якубоўская, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Жодзіна С.М.Апанасевіч, а таксама настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 С.М.Каляда і настаўнік фізікі сярэдняй школы № 9 А.У.Якубоўскі. Высокі прафесійны ўзровень жодзінскіх педагогаў пацверджаны вынікамі конкурсаў прафесійнага майстэрства і ўзнагародамі. Так, напрыклад, Ірына Мікалаеўна Пічугіна ў 2017/2018 навучальным годзе ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”; метадыст ВМК аддзела па адукацыі, спорце і турызме І.Г.Пікалава ў Рэспубліканскім конкурсе “Web-КВЕСТ. Пяць крокаў да метадычнай кампетэнтнасці” ўзнагароджана дыпломам I ступені. Пераможцай абласнога конкурсу “Педагагічны старт” стаў малады спецыяліст настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Жодзіна П.С.Будзько. З сакавіка па май 2018 года па ініцыятыве гарадскога аддзела па адукацыі, спорце і турызме і гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праходзіў конкурс “Малады педагог горада Жодзіна — 2018”.

Прафесійнаму самаўдасканаленню жодзінскіх педагогаў садзейнічае педагагічная прэса, у першую чаргу “Настаўніцкая газета” — выданне, якое заўсёды аператыўна змяшчае актуальную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў сферы адукацыі. Са старонак газеты настаўнікі Жодзіна даведваюцца пра цікавыя распрацоўкі і педагагічныя знаходкі сваіх калег, дзеляцца з імі сваім карысным вопытам. Дадатак “Шосты дзень” — проста скарбніца ідэй для класных кіраўнікоў, настаўнікаў фізічнай культуры і педагогаў дадатковай адукацыі.

— Як арганізавана профільнае навучанне ў горадзе? Што праводзіцца з мэтай прафарыентацыі навучэнцаў?

— Профільнае навучанне ў бягучым навучальным годзе арганізавана па хіміі, біялогіі, матэматыцы, фізіцы, рускай і англійскай мовах, грамадазнаўстве. Працягвае дзейнасць педагагічны клас у Жодзінскай жаночай гімназіі. У 2018 годзе 4 яго выпускніцы залічаны на педагагічныя спецыяльнасці па выніках субяседавання. Цікавасць да прафесійнай дзейнасці дарослых пачынаем прывіваць з дашкольнага ўзросту. Дзіцячы сад № 17 “Залаты ключык” рэалізоўвае гарадскі педагагічны праект “Па шляху да прафесіі” разам з Жодзінскім прафесійным ліцэем. У сярэдняй школе № 4 рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў у працэсе ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму”. Філіялам БНТУ — Жодзінскім дзяржаўным політэхнічным каледжам і Жодзінскім прафесійным ліцэем у рамках шостага школьнага дня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца сумесныя мерапрыемствы.

Арганізоўваюцца сустрэчы школьнікаў з прадстаўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў горада, экскурсіі ў працоўныя калектывы. Штогод прадпрыемства ААТ “БелАЗ “Кіруючая кампанія холдынга” БелАЗ-холдынг” праводзіць карпаратыўнае мерапрыемства “Дзеці — будучыня БелАЗа”. Юнакі маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі зваршчыка, фрэзероўшчыка, токара, наладчыка станкоў з праграмным кіраваннем, слесара-рамонтніка. Вопытныя майстры знаёмяць дзяцей з вытворчымі тэхналогіямі і абсталяваннем. Для 100 навучэнцаў 10-х класаў на базе Жодзінскага прафесійнага ліцэя рэалізоўваецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” па спецыяльнасцях “Швачка”, “Тынкоўшчык”, “Прадавец”.

— Якая прафілактычная работа праводзіцца з нядобранадзейнымі сем’ямі?

— Рэгулярна ажыццяўляюцца рэйды кіраўнікоў устаноў адукацыі, СППС і класных кіраўнікоў у сем’і навучэнцаў, якія патрабуюць асаблівага кантролю. Значную дапамогу ў мерапрыемствах па вывадзе сям’і з сацыяльна небяспечнага становішча аказваюць прадпрыемствы, на якіх працуюць бацькі непаўналетніх. На базе ўстаноў адукацыі арганізоўваюцца бацькоўскія клубы, рэалізоўваюцца праекты па духоўна-маральным выхаванні, педагагічным суправаджэнні сем’яў. Установы адукацыі прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні акцый, накіраваных на прафілактыку сямейнай нядобранадзейнасці, безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

На базе Жодзінскага СПЦ працуе клуб “Маладая мама” і “Школа паспяховага бацькоўства”. У клубе “Я — падлетак”, які арганізаваны разам з інспекцыяй па справах непаўналетніх, вядзецца работа з падлеткамі, якія ўступілі ў канфлікт з законам. У Жодзінскім СПЦ адным з першых у Мінскай вобласці стаў функцыянаваць пакой дружалюбнага апытання для дзяцей, што пацярпелі ад гвалту. У выніку сумеснай дзейнасці з МГА “Разуменне” адкрыты медыцынскі пакой, аснашчаны сучасным абсталяваннем, для агляду дзяцей — ахвяр гвалту.

Найбольш уразлівай катэгорыяй з’яўляюцца дзеці, якія пражываюць у інтэрнатах. У Жодзіне 24 інтэрнаты, у якіх пражываюць маладыя сем’і з непаўналетнімі дзецьмі, якія свой вольны час часта праводзяць у калідорах інтэрнатаў. Для таго каб іх жыццё было бяспечным, камфортным і запоўненым карыснымі справамі, з 1 верасня 2015 года ў горадзе пачаў рэалізоўвацца праект “Калідорныя дзеці” з выкарыстаннем тэхналогіі edutainment (адукацыя ў захопленай грамадскасці) па арганізацыі інтэлектуальнага адпачынку. У 2018/2019 навучальным годзе Цэнтрам творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах на базе 3 інтэрнатаў Жодзіна.

Надзея ЦЕРАХАВА.