Па шляху індывідуальнага развіцця кожнай установы адукацыі, кожнага навучэнца

- 12:58Суразмоўца

Няўмольна пралятае лета, і зусім мала часу застаецца да пачатку новага навучальнага года. Якім ён будзе для нашых школ, гімназій і ліцэяў, ці чакаюцца інавацыі ў развіцці агульнай сярэдняй адукацыі, на чым сканцэнтраваны змест вучэбных планаў і праграм, як будзе арганізавана профільнае навучанне, якая роля асобы настаўніка ў адукацыі — на гэтыя і іншыя пытанні сёння адказвае начальнік Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі С.В.УКЛЕЙКА.

— Святлана Васільеўна, перш-наперш закранём пытанне, якія напрамкі работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць развівацца ў новым 2020/2021 навучальным годзе.

— Нагадаю, што ў мінулым навучальным годзе быў завершаны пераход на абноўленыя вучэбныя праграмы ў базавай школе. Таму навучэнцаў 1—9 класаў змяненні закрануць у мінімальнай ступені. Яны працягнуць вучыцца па тых жа вучэбных праграмах і падручніках, якія дзейнічалі і ў мінулым навучальным годзе. Для навучэнцаў 8—9 класаў захоўваецца магчымасць вывучэння асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Пры гэтым выбар вучэбных прадметаў залежыць і ад магчымасцей самой школы або гімназіі, і ад індывідуальных запытаў навучэнцаў і іх бацькоў. Тыпавыя вучэбныя планы агульнай сярэдняй адукацыі ўлічваюць гэтыя фактары і дазваляюць скласці ў кожнай установе свой вучэбны план, які будзе максімальна адказваць адукацыйным запытам навучэнцаў, дасць ім магчымасць паспрабаваць сілы ў розных прадметных галінах і вызначыцца да канца 9 класа з выбарам профільных прадметаў.

Абмежаванне ёсць толькі адно: у сувязі з тым, што трэба забяспечыць выкананне патрабаванняў у частцы максімальнай вучэбнай нагрузкі на навучэнца, колькасць вучэбных гадзін на вывучэнне на павышаным узроўні выбраных прадметаў павінна быць не большай за 2 гадзіны на тыдзень. У астатнім — ініцыятыва самой установы адукацыі.

Калі навучэнцы ўжо вызначыліся з выбарам, могуць быць выдзелены адразу 1 ці 2 вучэбныя прадметы, якія будуць вывучацца на павышаным узроўні і ў 8-м, і ў 9 класе. Цалкам магчымы варыянт, калі навучэнцы, вывучаючы ў 8 класе, напрыклад, фізіку і матэматыку, зразумелі, што хочуць паспрабаваць сябе ў матэматыцы і хіміі. Значыць, у 9 класе магчыма змяніць вучэбны план і даць навучэнцам такую магчымасць. Вучэбныя прадметы могуць чаргавацца па паўгоддзях: у першым паўгоддзі могуць вывучацца адны прадметы, у другім — іншыя і г.д. Як бачна, варыянтаў шмат. Які выбраць — гэта права школы. Міністэрства адукацыі не павінна дыктаваць аднолькавыя ўмовы для ўсіх без выключэння ўстаноў. Задача міністэрства — даць магчымасць для рэалізацыі індывідуальнага развіцця кожнай установе адукацыі, кожнаму навучэнцу. Зацверджаны тыпавы вучэбны план дазваляе гэта зрабіць. Тым больш што толькі вучэбнымі заняткамі вывучэнне прадметаў не абмяжоўваецца. Ёсць яшчэ і факультатыўныя заняткі, і стымулюючыя, і падтрымліваючыя.

У новым навучальным годзе па абноўленых вучэбных праграмах будзе арганізаваны адукацыйны працэс для навучэнцаў 10 класаў. Для іх у вучэбным плане з’явіцца новы вучэбны прадмет — “Чарчэнне”. Па ўсіх вучэбных прадметах да пачатку навучальнага года пад абноўленыя вучэбныя праграмы будуць дастаўлены новыя падручнікі. Адметнасцю новых падручнікаў для 10 класа з’яўляецца наяўнасць электронных дадаткаў для павышанага ўзроўню, якія размяшчаюцца на рэсурсе http://profil.adu.by.

Безумоўна, для навучэнцаў 10—11 класаў, незалежна ад таго, у якой установе яны вучацца — школе, гімназіі або ліцэі, у гарадской ці сельскай мясцовасці, захоўваецца магчымасць у рамках профільнага навучання вывучаць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні, што прадугледжана тыпавымі вучэбнымі планамі агульнай сярэдняй адукацыі. Зноў-такі выбар профільных прадметаў вызначаецца непасрэдна самой установай адукацыі.

У базавых класах будзе развівацца прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў, у рамках якой яны змогуць асвойваць рабочыя прафесіі.

Працягнуць функцыянаванне профільныя класы педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Відавочна, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі хапае магчымасцей для арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання.

— Аднак гэта тычыцца пераліку вучэбных прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні і адведзенай колькасці гадзін на іх вывучэнне. А наколькі настаўнік, які кіруецца ў сваёй дзейнасці вучэбнай праграмай, можа яе змяніць?

— Сапраўды, вучэбны план і вучэбная праграма — асноўная вучэбна-праграмная дакументацыя настаўніка. Але калі ў распрацоўцы вучэбнага плана канкрэтнай установы адукацыі фактычна — непасрэдна ці ўскосна — прымаюць удзел усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, то пры рэалізацыі вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце асноўная і галоўная роля адводзіцца настаўніку, які павінен забяспечыць яе выкананне і засваенне навучэнцамі ў поўным аб’ёме.

З аднаго боку, вучэбнай праграмай устаноўлены аб’ём вучэбнага матэрыялу, якi падлягае засваенню, і ў гэтым настаўнік “нявольны”: гэта яго галоўны мэтавы арыенцір у вучэбным прадмеце. З іншага боку, менавіта таму, што праграма павінна быць засвоена ўсімі навучэнцамі, хто, як не настаўнік, які працуе, напрыклад, у двух класах на паралелі, ведае, што ў класе “А” гэтую тэму навучэнцы засвояць за тыя 5 гадзін, якія прадугледжаны вучэбнай праграмай, а ў класе “Б” спатрэбіцца на 2 гадзіны больш ці менш.

У сувязі з гэтым у прадметным інструктыўна-метадычным пісьме да пачатку навучальнага года звернута ўвага на тое, што колькасць вучэбных гадзін, адведзеная ў вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце на вывучэнне зместу адпаведнай тэмы, з’яўляецца прыкладнай, і настаўнік мае права пераразмеркаваць колькасць гадзін на вывучэнне тэм у межах агульнай колькасці гадзін на вывучэнне вучэбнага прадмета ў канкрэтным класе.

Якраз па гэтай прычыне прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбных прадметах з’яўляецца прыкладным і не можа быць догмай, абавязковай для выканання настаўнікам. Гэта ўсяго толькі арыенцір і падказка, не больш за тое. Кожны настаўнік мае права самастойна пераразмеркаваць колькасць вучэбных гадзін па сваім вучэбным прадмеце з улікам індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў пэўнага класа. Але і адказнасць настаўніка ў гэтым выпадку ўзрастае.

— Святлана Васільеўна, акрамя вучэбных заняткаў, у школах право­дзяцца факультатывы. Ці існуюць для іх вучэбныя праграмы?

— Так, безумоўна. Ёсць пералік вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, якія могуць выкарыстоўвацца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

У 2020 годзе Нацыянальным інстытутам адукацыі ажыццёўлены маштабны перагляд усіх вучэбных праграм факультатыўных заняткаў (а іх каля 300). Многія дырэктары, намеснікі дырэктараў, настаўнікі заўважылі, што на працягу чэрвеня — жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь ужо афіцыйна апублікаваны цэлы шэраг такіх вучэбных праграм. Да 1 верасня будуць апублікаваны астатнія. Па кожным вучэбным прадмеце зацверджана па некалькі розных вучэбных праграм, таму і ў навучэнцаў, і ў настаўнікаў ёсць пэўны выбар.

Зыходзячы з усяго сказанага, можна зрабіць выснову, што ў новым навучальным годзе будзе прадоўжана рэалізацыя існуючых падыходаў да арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

— Якія новыя падыходы плануецца апрабаваць нашым міністэрствам?

— Апрабацыя новых падыходаў была заяўлена міністрам адукацыі І.В.Карпенкам падчас яго выступлення на пасяджэнні выніковай калегіі ў лютым бягучага года. Нагадаю словы міністра: “Лічым таксама магчымым разгрузіць навучэнцаў 10—11 класаў за кошт выкарыстання модульна-блокавага падыходу і ўвядзення інтэграваных вучэбных курсаў. Прадметы, на вывучэнне якіх адводзіцца 1 гадзіна на тыдзень на працягу двух гадоў, лепш асвойваць на працягу аднаго навучальнага года, праводзячы заняткі па 2 гадзіны на тыдзень. Гэта дасць магчымасць кампактна прадставіць невялікія па аб’ёме вучэбныя курсы, што спрыяльна паўплывае на засваенне іх навучэнцамі. Пры гэтым навучэнцы могуць сканцэнтраваць свае вучэбныя намаганні на паглыбленні профільных прадметаў, эканомячы сілы і час на вывучэнні няпрофільных прадметаў праз інтэграваныя курсы. Праграма 11 класа будзе разгружана, вызваліцца час для вывучэння факультатыўных курсаў, што дазволіць перайсці да навучання па індывідуальных вучэбных планах, павялічваючы іх варыятыўны складнік”.

 Хачу адзначыць, што ў новым навучальным годзе на базе 34 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пачнецца рэалізацыя эксперыментальнага праекта “Апрабацыя эксперыментальных інтэграваных вучэбных планаў і вучэбных праграм ва ўмовах абноўленага зместу дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання”.

— Цікава было б даведацца больш падрабязна пра гэты праект? У чым яго сутнасць?

— Профільнае навучанне дало вялікія магчымасці навучэнцам для паглыблення ведаў па тых прадметах, якія неабходны ў далейшым пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання ва ўстановы вышэйшай адукацыі за кошт павелічэння гадзін на вывучэнне гэтых прадметаў. Пад гэта былі распрацаваны вучэбныя праграмы для павышанага ўзроўню. У той жа час пералік вучэбных прадметаў і колькасць гадзін для вывучэння на базавым узроўні застаўся ранейшым. З улікам таго, што агульная базавая адукацыя цяпер з’яўляецца адносна завершанай, паўстае пытанне аб тым, у якім аб’ёме, напрыклад, навучэнцам фізіка-матэматычнага класа неабходна асвоіць змест вучэбнай праграмы па біялогіі, хіміі, геаграфіі і г.д.

Мы ідзём па шляху таго, што профільнае навучанне павінна стаць яшчэ і прафесійна арыентаваным. Таму пакуль у рамках эксперымента ўстановы распрацоўваюць эксперыментальныя вучэбныя планы і эксперыментальныя вучэбныя праграмы, пераразмяркоўваючы не толькі колькасць гадзін на вывучэнне асобных вучэбных прадметаў, але і самі вучэбныя прадметы. Установы адукацыі разглядаюць магчымасць, напрыклад, вывучэння біялогіі або рускай (беларускай) літаратуры як няпрофільных прадметаў не ў 10—11 класах па 2 гадзіны на тыдзень, а толькі, напрыклад, у 10 класе ў аб’ёме 3 гадзін на тыдзень. Гэта дазволіць, па-першае, скараціць агульную колькасць вучэбных прадметаў для вывучэння ў 10—11 класах, па-другое, яшчэ больш павялічыц­ь колькасць гадзін на вывучэнне профільных прадметаў (сёння, як правіла, на кожны з профільных прадметаў выдзяляецца на 2 гадзіны ў ты­дзень больш, чым для вывучэння на базавым узроўні). Пры гэтым максімальна дапушчальная вучэбная нагрузка на навучэнцаў павялічана не будзе. Адпаведна, настаўнікі гэтых устаноў сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі працуюць над карэкціроўкай вучэбных праграм. Зразумела, гэта толькі першы крок. У далейшым будзем развіваць інтэграваны складнік і працаваць над стварэннем інтэграваных (міжпрадметных) вучэбных курсаў для вывучэння на базавым узроўні ў профільных класах.

 — Святлана Васільеўна, у ходзе нашай размовы вы не раз узгадвалі пра магчымасць разгрузіць навучэнцаў. Ці азначае гэта, што Міністэрства адукацыі працуе над вырашэннем праблемы вучэбнай нагрузкі навучэнцаў?

— Перш за ўсё трэба сказаць, што праблема нагрузкі, а дакладней перагрузкі навучэнцаў, ёсць. Іншая справа, што мы разумеем пад нагрузкай у дачыненні да канкрэтнага навучэнца? Які аб’ём мы ўкладваем у гэтае паняцце? Склаўся стэрэатып, што нагрузка = вучэбная нагрузка. Але, напэўна, гэта не зусім правільны падыход. Вучэбная нагрузка — усяго толькі частка агульнай нагрузкі навучэнца, якая ўключае яшчэ і ўсё тое, што знаходзіцца за межамі вучэбных, факультатыўных і іншых заняткаў: гэта і аб’яднанні па інтарэсах, і спартыўныя секцыі, і заняткі ў музычнай або мастацкай школе і г.д. І калі бацькі да пачатку навучальнага года запісваюць сваё дзіця ў 3—4 гурткі і секцыі, то яны нясуць адказнасць за магчымую перагрузку дзяцей нараўне са школай. Толькі адказнасць школы заключаецца ў аптымальна арганізаваным адукацыйным працэсе, які павінен быць здароўезберагальным, а бацькоў — у тым, каб спланаваць увесь дзень і тыдзень дзіцяці, знайсці час і на вучобу, і на гурткі, і на адпачынак.

На бацькоўскіх сходах часта расказваюць пра неабходнасць выканання рэжыму дня. Магчыма, мы, педагогі, не вельмі пераканаўчыя, калі гаворым пра гэта з бацькамі, а магчыма, бацькі не заўсёды ўсведамляюц­ь у поўнай меры важнасць гэтага фактару. Але калі ўявіць сабе велізарны клас, у якім знаходзяцца ўсе бацькі навучэнцаў краіны (а гэта больш за мільён навучэнцаў), і папрасіць падняць руку тых, хто разам са сваім дзіцем склаў рэжым дня і сочыць за яго выкананнем, то ці шмат паднятых рук мы ўбачым? Адказ відавочны: няшмат. Цяпер вельмі модным стаў кірунак тайм-менеджменту, ёсць шмат літаратуры на гэтую тэму. Можа быць, мае сэнс развіваць гэты кірунак менавіта ў дачыненні да школьнікаў?

Калі вярнуцца да тэмы вучэбнай нагрузкі, то трэба сказаць, што яе складнікамі з’яўляюцца і змест адукацыі, і колькасць га­дзін на вывучэнне вучэбных прадметаў, і методыка выкладання канкрэтнага прадмета. За апошнія гады шмат зроблена ў плане абнаўлення зместу агульнай сярэдняй адукацыі. Пра гэта ўжо шмат сказана. Ёсць меркаванне, у тым ліку і медыкаў, што нагрузка на навучэнца (у тым ліку і аб’ём дамашняга задання) тым большая, чым менш гадзін на вывучэнне прадмета ў школе. У рамках эксперымента паспрабуем разабрацца з гэтым і знайсці пацвярджэнне або абвяржэнне гэтага меркавання. Два гэтыя складнікі знахо­дзяцца ў полі адказнасці міністэрства. А вось методыка выкладання прадмета — гэта выключна школьны, настаўніцкі фактар.

Любы з нас назаве імёны сваіх настаўнікаў, якія аказалі велізарны ўплыў не толькі на выбар прафесіі, але і ў цэлым на светапогляд. Асоба настаўніка, яго стыль выкладання, уменне наладзіць зносіны са сваімі выхаванцамі з’яўляюцца найлепшай матывацыяй для навучання нашых дзяцей. Жыццём пацверджана выснова: навучэнцы любяць вучэбны прадмет таму, што любяць настаўніка, які гэты прадмет выкладае.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.