Па старонках малой радзімы

- 15:39Нам пішуць

Сёлета дзеці-інваліды аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Дружба”, які дзейнічаў на базе Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г. п. В.Бераставіца, удзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных Году малой радзімы.

Шматлікія творчыя заданні, конкурсы, наведванне помнікаў гісторыі, экскурсіі пашыралі веды вучняў аб культуры і гісторыі роднага краю, садзейнічалі сацыялізацыі ў грамадстве.

На працягу ўсёй змены вучні былі ўцягнуты ў калейдаскоп розных падзей, кожны дзень меў сваю назву: дзень роднага краю, дзень краязнаўцаў, дзень майстроў, дзень кнігі. На мерапрыемствах у гэтыя дні выкарыстоўваліся прыродныя магчымасці і гістарычныя асаблівасці мясцовасці — пазнавальная актыўнасць дзяцей стымулявалася сродкамі музейнай педагогікі і выкарыстаннем гульнёвых форм работы.

Плённымі сталі падарожжа “Па гістарычных мясцінах роднага пасёлка”, конкурс малюнкаў “Беражы прыроду роднага краю”, выстава-віктарына “У гасцях у кнігі”. На працягу ўсёй змены праводзіліся гутаркі на тэмы “Правілы паводзін у грамадскіх месцах”, “Бяспека на дарогах”, “Правілы бяспечных паводзін пры адпачынку на прыродзе”.

Цікавымі, карыснымі і незабыўнымі былі экскурсіі па гарадскім пасёлку, да гістарычных помнікаў, у сквер і на возера, наведванне ўстаноў культуры. У Музеі вавёркі дзеці пазнаёміліся з прадметамі культуры і побыту нашага краю, з гісторыяй пасёлка, яго сімволікай. У музеі “Спадчына” Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя цікавасць выклікалі летапіс вучэбнай установы, а таксама этнаграфія ткацтва і вырабаў з саломы. У раённай дзіцячай бібліятэцы дзеці ўзялі ўдзел у мерапрыемстве “Бераставіца — мой родны край”, у Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага даведаліся аб узнікненні друкаванай кнігі, узельнічалі ў конкурсах, а таксама наведалі выставу “Зямля мая беларуская”.

У ЦКРНіР — такія выхаваўчыя мерапрыемствы, як “Па старонках малой радзімы”, “Пейзаж роднага краю”, конкурс малюнкаў “Краіна, у якой я жыву”.

Дзеці не толькі ўмацавалі здароўе, але і праявілі творчыя здольнасці. Спонсарамі ў аздараўленні з’яўляліся ПГУП “Сакавік” (дырэктар З.М.Глякоўская) і ІП С.В.Горбач, якія прадставілі нашым дзецям-інвалідам магчымасць не толькі атрымаць зарад бадзёрасці, здароўя і добрага настрою, але і набыць новыя веды аб гісторыі і культуры роднай бацькаўшчыны.

Ірына КУРМЕЛЬ,
дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера “Дружба” Бераставіцкага раёна.