Па сцежках малой радзімы

У Год малой радзімы асаблівае значэнне хочацца надаць выхаванню ў маладога пакалення патрыятызму і любові да сваёй Радзімы — Беларусі, да Навагрудчыны, да свайго маленькага куточка роднай зямлі — гарадскога пасёлка Любча.

Менавіта таму, робячы ўпор на пошукавую актыўнасць і прадукцыйнае мысленне дзіцяці, шукаючы новыя падыходы, ідэі, формы і метады, якія былі б цікавыя дашкольнікам, і найбольш паспяхова дапамаглі вырашаць адукацыйныя і выхаваўчыя задачы, мы выбралі новую тэхналогію: гульнявы дапаможнік — лэпбук, які ўяўляе сабой адну з разнавіднасцей метаду праекта. Лэпбук — гэта гульня, творчасць, пазнанне і даследаванне новага, паўтарэнне і замацаванне вывучанага, сістэматызацыя ведаў, ды і проста цікавы від дзейнасці. Вельмі прывабным з’яўляецца тое, што гэтую “кнігу на каленях” выхавальнік дашкольнай адукацыі стварае сумесна з дзецьмі і іх бацькамі: яны збіраюць матэрыял, прадумваюць яго цікавую падачу, склейваюць асобныя часткі ў адзінае цэлае, крэатыўна афармляюць вынік. А потым разам выкарыстоўваюць на занятках і ў гульнях.

Так нашай ідэяй і стала стварэнне лэпбука “Мая радзіма — Беларусь”, які складаецца з двух блокаў: “Радзіма Беларусь” і “Па сцежках малой радзімы. Любча”. Лэпбук прызначаецца для заняткаў з выхаванцамі 5—7 гадоў па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства”. Формамі выкарыстання гульні з’яўляюцца: калектыўныя, групавыя, індывідуальныя і самастойныя. Мэтамі: фарміраванне ўяўленняў аб геаграфічным размяшчэнні Рэспублікі Беларусь, дзяржавах, з якімі яна мяжуе, сімвалах беларускай дзяржавы, людзях, якія ўславілі нашу Радзіму, працоўных дасягненнях беларусаў, найбольш значных вырабах беларускай прамысловасці, развіцці сельскай гаспадаркі, беларускіх рамёствах, нацыянальнай кухні; выхаванне патрыятычных пачуццяў, любові да роднага краю і гонару за яго.

Змест лэпбука ўключае ў сябе наступныя раздзелы: “Сімвалы Беларусі”, “Славутасці Беларусі”, “Дзяржаўныя і народныя святы”, “Людзі, якія ўславілі Беларусь”, “Народныя промыслы і мастацтва”, “Беларуская народная творчасць”. У першы блок лэпбука “Радзіма Беларусь” увайшлі такія заданні і гульні: “З кім мяжуе Беларусь?”, “Знайдзі герб вобласці, горада”, “Збяры карту Беларусі”, “Складзі пазлы “Мірскі і Навагрудскі замкі”, “Што дзе вырабляюць?”, “Хто дзе жыве, што дзе расце?”, “Чые вырабы?”, “Апрані ляльку”, “Пазнай свята”, “Згатуй беларускую страву”. Другі блок лэпбука “Па сцежках малой радзімы. Любча” змясціў у сабе такія гульні і заданні: “Пазнай герб вобласці, раёна, пасёлка”, “Перакажы паданне пра Любчу”, “Спяём гімн Любчы разам”, “Калыханка любчанскай зямлі”, “Пазнай пабудову пасёлка, назаві прафесіі людзей, якія тут працуюць”, “Пракладзі маршрут да Любчанскага замка”, “Падарожжа па Народным музеі Любчанскага краю”, “Чым знакаміты наш зямляк?”, “Назаві сельскагаспадарчую тэхніку і прафесію людзей, якія на ёй працуюць”, “Хто заблудзіўся ў пушчы?”, “Збяры грыбок у кузавок”. Менавіта ў гэтым блоку ставіцца акцэнт на веданне гісторыі народа сваёй малой радзімы, яе культуры, багатай гістарычнай спадчыны пасёлка Любча.

Лэпбук прызначаны для выкарыстання як у рэгламентаванай дзейнасці, так і ў нерэгламентаванай. Так, падчас спецыяльна арганізаванай дзейнасці па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” выкарыстоўваем гульні: “З кім мяжуе Беларусь?”, “Знайдзі герб вобласці, горада”, “Збяры карту Беларусі”, якія дапамагаюць замацаваць у дзяцей уяўленні аб геаграфічным размяшчэнні Рэспублікі Беларусь, веды аб суседніх дзяржавах, з якімі яна мяжуе, сімвалах беларускай дзяржавы (сцяг, герб), жывёлах і раслінах Беларусі (сасна, зубр, бусел, кветка льну, канюшыны, васілёк), для гэтага прапаноўваецца дзецям зазірнуць у цікава аформленыя кішэнькі, узяць тое, што там змешчана, разгледзець і выканаць адпаведнае заданне.

Папярэдняе знаёмства з выдатнымі мясцінамі роднага краю, яго знакамітымі людзьмі, народнымі святамі, промысламі, традыцыямі і культурай праводзім у нерэгламентаваны час, раскрываем кнігу, прапаноўваем выбраць дзіцяці тое, што яго больш зацікавіла, разгледзець і расказаць, што яно само пра гэта ведае, а далей папаўняем веды дзяцей сваёй інфармацыяй, выкарыстоўваючы наглядны матэрыял лэпбука. Даступнасць размяшчэння і маляўнічасць афармлення прыцягвае выхаванцаў да самастойнай работы з матэрыялам лэпбука. Часцей за ўсё дзеці выкарыстоўваць гульні-пазлы, якія спрыяюць замацаванню атрыманых ведаў пра Радзіму.

Лэпбук дапамагае структураваць складаную інфармацыю, развіваць пазнавальную цікавасць і творчае мысленне дзіцяці, разнастаіць тэматыку, навучыць простаму спосабу запамінання, аб’яднаць групу дзяцей для займальнага і карыснага занятку, сумяшчаць дзейнасць дзяцей і дарослых, развівае крэатыўнасць і творчае мысленне.

Ала ГІРЫС,
выхавальнік Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.