Па сцежках падзей і лёсаў

- 13:20Год гістарычнай памяці

Экспедыцыі, даследаванні, экскурсіі па дотах у медыяцэнтры: што зроблена з моманту старту рэгіянальнага гісторыка­адукацыйнага праекта “Полацкі рубеж”.

Пошукавая, даследчая, турыстычна-краязнаўчая дзейнасць — прыярытэтныя напрамкі работы сярэдняй школы № 1 Полацка. За апошнія дзесяцігоддзі нямала пройдзена: сотні палявых выхадаў і экспедыцый па мясцінах падзей Вялікай Айчыннай вайны, пачынаючы з вогненных рубяжоў 1941 года і заканчваючы гераічным вызваленнем Полаччыны ад нямецкіх акупантаў. Юныя даследчыкі разам са сваімі настаўнікамі сабралі ўнікальны краязнаўчы матэрыял і стварылі базу паходных маршрутаў для ўсіх жадаючых прайсці ваеннымі і ляснымі сцежкамі. 

— Асабісты прыклад, шчырая любоў настаўнікаў да сваёй краіны і малой радзімы, гісторыі роднай зямлі, цікавыя і значныя сумесныя справы здольны навучыць патрыятызму больш, чым высокія разважанні і размовы, — упэўнены дырэктар школы Павел Ястрэмскі. — У нас працуюць два аб’яднанні па інтарэсах, атрады “Пошук” і “Следапыт”, што аб’ядноўваюць зацікаўленых дзяцей. Падчас канікул і ў шосты школьны дзень яны здзяйсняюць паходы па розных гістарычных маршрутах. Планаванне пры гэтым кладзецца на плечы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзіміра Кныша. Безумоўна, назапашаны вопыт даследчай работы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны патрабаваў сістэматызацыі і абагульнення. Так у нас нарадзілася ідэя, увасобіць якую, у тым ліку фінансава, дапамаглі райвыканкам і ўпраўленне па адукацыі. У 2020 годзе ў школе адкрылі адукацыйны медыяцэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Праект з’яўляецца адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, наша работа прэзентавалася на рэспубліканскай выставе навукова-метадычнага вопыту, напрацоўкі былі прадстаўлены на педагагічных канферэнцыях рознага ўзроўню. Як вынік — у раёне значна ўзрасла колькасць удзельнікаў пошукавых клубаў. Гэта дзеці рознага ўзросту, якія з нецярпеннем чакаюць чарговай палявой экспедыцыі.

Сёння медыяпляцоўка актыўна супрацоўнічае з Полацкім дзяржаўным універсітэтам. Адзін з найбольш значных рэалізаваных сумесных праектаў — сістэма віртуальнай рэальнасці “Гераічны дот”. Дзякуючы спецыяльнай праграме, распрацаванай студэнтамі старшых курсаў факультэта інфармацыйных тэхналогій на аснове прадастаўленых школай матэрыялаў, праз акуляры віртуальнай рэальнасці можна ўбачыць, як абаронцы баявога ўчастка, абапіраючыся на лінію Полацкага ўмацаванага раёна, стрымлівалі надыходзячага ворага і рыхтавалі доўгачасовыя агнявыя пункты да баявых дзеянняў. Дарэчы, мадэль доўгачасовага агнявога пункта ў натуральную велічыню ўстаноўлена непасрэдна ў медыяцэнтры. Між тым на чарзе — новы віртуальны сцэнарый. Як адзначыў Павел Ястрэмскі, пачатак праекта быў звязаны са знакавай па­дзеяй мінулага лета, калі навучэнцы сумесна з пошукавым атрадам “Разведчыкі воінскай славы” з Наваполацка прынялі ўдзел у рэканструкцыі дота № 43 для будучага мемарыяла ў вёсцы Мацейкава. Тут знайшлі вечны спакой 14 салдат Чырвонай Арміі, якія загінулі, абараняючы паўночны ўчастак Полацкага ўмацраёна летам 1941 года. Усе тэматычныя мерапрыемствы, праекты, сустрэчы і назапашаны шматгадовы вопыт пры падтрымцы райвыканкама і старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева прывялі да ідэі новага маштабнага рэгіянальнага гісторыка-адукацыйнага праекта. 

Праект “Полацкі рубеж” нацэлены на захаванне гістарычнай памяці аб героях абароны краю. Мадэратарамі турыстычна-краязнаўчай дзейнасці сталі кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні ўстаноў адукацыі раёна. У 2021—2022 гадах праведзена звыш 100 экскурсій і паходаў па месцах баёў за вызваленне Полаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на працягу навучальнага года — больш за 40 паходаў выхаднога дня.

— Медыяцэнтр выступіў пляцоўкай вывучэння гісторыі Полацкага ўмацаванага раёна і базай метадычнай і краязнаўчай падтрымкі, якую прадастаўляюць вопытныя педагогі нашай школы, — расказаў Уладзімір Кныш. — Настаўнікі, навучэнцы і іх бацькі вывучаюць гераічныя і самыя трагічныя падзеі ліпеня 1941 года, калі на лініях умацраёна вырашаўся лёс нашай краіны. Ва ўстановах адукацыі сфарміраваны 23 пошукава-даследчыя атрады на чале з кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Кожны мае сваю назву, колькасны склад і пакет даручэнняў па замацаваных ротных і батальённых раёнах. Распрацаваныя адукацыйна-краязнаўчыя маршруты стануць візітнай карткай Полаччыны на турыстычнай карце нашай краіны. Вынікі першага этапу работы пошукавых атрадаў мы падвялі ў красавіку. Удзельнікі праекта даследавалі архіўныя матэрыялы аб бая­вых дзеяннях на лініях умацраёна і непасрэдна агнявыя пункты, што захаваліся ў пазначаных батальённых раёнах абароны, адпрацавалі маршруты паходаў і экскурсій. У рамках ініцыятывы былі арганізаваны акцыі “Алея памяці”, “Ваш подзвіг не забыты!”, “Вярніце памяць…” ля помнікаў і мемарыя­лаў загінуўшых воінаў і партызан, мірных жыхароў. Мы вывучаем факты злачынстваў фашыстаў і іх памагатых на акупіраванай тэрыторыі, працуем з адкрытымі крыніцамі інфармацыі, сустракаемся з жывымі сведкамі страшных падзей вайны на тэрыторыі Полацкага, Ушацкага, Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў. Асобная важная старонка — даследаванне пытання генацыду мірнага насельніцтва. Напрыклад, на адным з этапаў работы па ініцыятыве членаў яўрэйскай культурна-асветніцкай установы “Фінчлі” ў школе экспанавалася выстава “Халакост вачыма мастака”, якая дазволіла наглядна ўявіць сабе бесчалавечную, заснаваную на тэроры палітыку нацыстаў. 

Экскурсіі на падобныя выставы (а яны арганізуюцца рэгулярна) праходзяць практычна штодзень як для дзяцей, так і для дарослых. Матэрыялы паходаў, экскурсій і экспедыцый выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Экспазіцыю цэнтра наведваюць групы навучэнцаў, студэнтаў. Такім чынам, праект з’яўляецца значным элементам грамадзянска-патрыятычнага, духоўна-маральнага выхавання школьнікаў і іх бацькоў, жыхароў рэгіёна і вобласці ў цэлым. Канчатковым прадуктам “Полацкага рубяжа” павінен стаць турыстычна-краязнаўчы маршрут рэспубліканскага значэння.

Сярод людзей, якія стаяць ля вытокаў і непасрэдна ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта, нельга не назваць вядомага полацкага педагога і краязнаўца Вячаслава Дзяменцьева. Варта сказаць, Павел Ястрэмскі — яго вучань. У сярэдняй школе № 1 Вячаслаў Расціслававіч працуе з 2006 года. Калі гаварыць толькі пра яго выпускнікоў са складу пошукавых атрадаў, то гэта будзе каля 400 чалавек, хто прайшоў і дасканала вывучыў ўсю лінію Полацкага ўмацраёна: па фронце 57 кіламетраў, больш за 150 агнявых пунктаў ад возера Гомель да вёскі Баркі.

— Але мы ж не выключна з гурткоўцамі працуем, а з усімі навучэнцамі школы, — адзначыў Вячаслаў Дзя­менцьеў. — І не толькі ў межах Полаччыны і перыяду Вялікай Айчыннай вайны, вывучаем у цэлым ваенную гісторыю. Ездзім з імі то ў Мінск, то ў Брэст ці Гродна або па мясцінах Першай сусветнай — Крэва, Смаргонь, Наваспаск, Залессе, дзе мы 16 ліній нямецкай абароны прайшлі. Выйсці ра­зам з сябрамі ў экспедыцыю — аддушына ад таго штучнага асяроддзя, у якім жы­вуць сучасныя дзеці, яны адпачываюць у паходах, развіваюцца. Школьнікі выступаюць на канферэнцыях, дзе знаёмяцца і потым падтрымліва­юць кантакты з вучонымі рэспубліканскага ўзроўню. Часам здараецца апынуцца і ў экстрэмальных умовах: дождж, навальніца. Дзяўчаты неяк усю ноч трымалі палатку, каб яе ветрам не знесла. Думаў, захварэ­юць — праскочылі. Самае прыемнае, напэўна, калі разгараецца вогнішча, пачынае бурбуліць кулеш і наступае час нетаропкіх сяброўскіх гутарак. У час палявой работы па “Полацкім рубяжы”, бывае, знаходзім артэфакты часоў Вялікай Айчыннай вайны: змяты салдацкі кубак, абломак трубы ад дота — гэта адпраўляецца ў музей. У рабоце значна дапамага­юць аднадумцы, аматары гісторыі. Трымаем цесную сувязь з групай “Полацкі ўмацраён” у сацыяльных сетках і яе заснавальнікам Уладзімірам Камісаравым. Перад пачаткам праекта ён падрыхтаваў стартавы тэарэтычны матэ­рыял па канкрэтных агнявых пунктах для атрадаў. Сабраць інфармацыю пра такія аб’екты вельмі цяжка, часам трэба выязджаць у архівы нават за мяжу. Таму што кожнае такое збудаванне ўнікальнае. З выгляду проста бетонная каробка рознай ступені захаванасці, на справе — не так. Няма пэўнага стандарту: сістэма хадоў камунікацыі, унутраныя перакрыцці, таўшчыня сцен, ступень абароны — усё адрозніваецца. Мы гэта даследуем, дзе магчыма. Калі канструкцыя знаходзіцца ў аварыйным стане, зразумела, не заходзім туды. Потым сістэматызуем, заносім каардынаты GPS, вырабляем і ўстанаўліваем памятныя таблічкі. Зараз штомесяц кіраўнікі атрадаў дасылаюць справаздачы, у лістападзе бу­дзем выступаць на канферэнцыі і выдадзім зборнік маршрутаў.

Калі ў дзіцяці гулка застукае сэрца ля абеліска загінуўшым воінам, калі яно паглядзіць на бясконцае хлебнае поле праз амбразуру дота і заплача, не хаваючы сваіх эмоцый, — гэта і ёсць рэальны вынік працы нашых гурткоў і педагогаў.

Уладзімір КНЫШ.

— Сёння мы перайшлі ад тэорыі і практыкі паходнай дзейнасці да аднаўлення агнявых пунктаў умацраёна, — дадае ў завяршэнне Павел Ястрэмскі. — За май — чэрвень добраўпарадкавалі 4 агнявыя збудаванні. Дот № 230 ля вёскі Кутняны па напрамку на Фарынава ў супрацоўніцтве з прадпрыемствам “Полацкводаканал” поўнасцю расчысцілі ад смецця, кустоў, аварыйных дрэў і ўстанавілі дакладную копію бронекаўпака, паколькі пункт быў камандна-назіральным. На № 27 сваімі сіламі зрабілі расчыстку, добраўпарадкаванне звонку і ўнутры, побач устанавілі лаўку. Зараз завяршаем работу на аб’ектах №№ 58 і 123. Тут яшчэ паставілі ўказальнікі на ўзбочыне шашы, што ідзе на Себеж і Апочку, а таксама па ходзе руху па лясных дарогах — каб і беларусы, і расіяне, і жыхары іншых краін маглі азнаёміцца. Побач з дотамі будуць устаноўлены распрацаваныя ў адзіным стылі інфармацыйныя стэнды з кароткай гісторыяй умацраёна, агнявога пункта, з указаннем перыяду, калі праходзілі баявыя дзеянні і якое падраздзяленне займала там абарону. На лета ўзгоднена праграма па добраўпарадкаванні і частковай рэстаўрацыі мінімум 5 пунктаў, плануем падключыць іншыя ўстановы адукацыі. Мы паспрабавалі першымі, будзем ініцыятыву распаўсюдж­ваць на іншыя атрады.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.