Па той бок экрана

- 11:14Навіны рэгіёнаў

Свае здольнасці і таленты дзеці праяўляюць, выступаючы ў розных ролях — даследчыкаў, акцёраў, паэтаў. Хрысціна Казак, навучэнка гімназіі № 1 Барысава, паспрабавала сябе ў якасці кінакрытыка і мела ў гэтым вялікі поспех. Дзяўчына ўзяла ўдзел у Міжнародным конкурсе эсэ і рэцэнзій на зададзены фільм “Па той бок экрана”.

Конкурс “Па той бок экрана” пяты раз сабраў аматараў кіно. Сёлета да ўдзелу былі заяўлены 87 работ юнакоў і дзяўчат з Арменіі, Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі.

Канкурсанты спаборнічалі ў трох узроставых групах: малодшая (4—6 клас), сярэдняя (7—8), старшай групе прымаліся работы вучняў 9—11 класаў. Кожнай узроставай групе быў дадзены свой спіс фільмаў, паводле аднаго з іх трэба было напісаць эсэ ці рэцэнзію. Так, напрыклад, старэйшым удзельнікам прапаноўвалася паразважаць над зместам і сэнсам кінастужак “Доўгія провады” рэжысёра К.Муратавай, “Дзікае каханне” В.Новака, “Падарожжа часу” Т.Маліка,“Зроблена з другаснай сыравіны” Э.Марціна і “Таварыства мёртвых паэтаў” П.Уіра. Менавіта апошні згаданы фільм і натхніў Хрысціну на напісанне эсэ пад назвай “Лаві імгненне”. Дарэчы, сваю конкурсную работу яна выканала на беларускай мове.

Журы конкурсу, у склад якога ўваходзяць прафесійныя медыяпедагогі, кінематаграфісты і журналісты з розных рэгіёнаў Еўразіі, прысудзіла рабоце Хрысціны Казак 2-е месца.

— У гэтым конкурсе Хрысціна ўдзельнічае другі раз. У мінулым годзе яе работа заняла 3-е месца, сёлета — 2-е, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Барысава Юлія Сяргееўна Паўлава, якая дапамагала дзяўчыне рыхтавацца да конкурсу. — Яна ўдзельнічае таксама і ў іншых інтэлектуальных спаборніцтвах, прадметнай алімпіядзе, канферэнцыях. Хрысціна вельмі таленавітая дзяўчына. Яна працавітая, цікаўная, шмат чытае. Упэўнена, наперадзе ў яе яшчэ шмат перамог.

Дар’я РЭВА.