Па ўстановах адукацыі Нясвіжскага раёна курсіруе «Прафілактычны цягнік»

- 16:44Образование, Приложение, Шестой день

Гэты праект шостага школьнага дня ў гульнявой форме вучыць школьнікаў цаніць сваё здароўе і жыццё. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Машыністам гэтага незвычайнага цягніка стала Наталля Міхалькевіч, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна.

У сваю каманду яна ўзяла праваднікоў — прадстаўнікоў самых розных арганізацый Нясвіжскага раёна, якія адказваюць за здароўе, бяспеку і жыццё людзей. Разам з імі цягнік па суботах курсіруе па раёне, беручы ў якасці пасажыраў навучэнцаў 1—11 класаў устаноў адукацыі раёна. Ім прапаноўваецца прайсці прафілактычны квест. Усіх пасажыраў дзеляць на дзве каманды, выдаюць маляўнічыя маршрутныя лісты з сімвалічнымі назвамі “Сіняя ветка” і “Чырвоная ветка” — і яны адпраўляюцца ў падарожжа па чыгуначных станцыях.

Так, на станцыі “Прафілактычная” навучэнцаў сустракае прадстаўнік Нясвіжскага РАНС, дзе яны рашаюць задачы, адказва­юць на пытанні, глядзяць фільмы па бяспецы жыццядзейнасці, а таксама гутараць з прадстаўніком Нясвіжскага РАУС.

На станцыі “Бульвар здароўя” школьнікі становяцца ўдзельнікамі гульні “Старонка здароўя”, разгадваюць крыжаванку па здаровым ладзе жыцця, а таксама гутараць з прадстаўніком Нясвіжскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Цікавыя заданні па здаровым ладзе жыцця, рэбусы аб спорце, немудрагелістыя заданні аб відах спорту ўдзельнікі выконваюць на станцыі “Спартыўная”. Разам са спецыялістамі Цэнтра творчасці дзеці ўдзельнічаюць і ў спартыўных эстафетах.

Задумацца пра каштоў­насць жыцця падчас трэнінгавых заняткаў дзецям прапаноўвае псіхолаг Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы на станцыі “Дарога жыцця”. А на станцыі “Псіхалагічная” навучэнцаў сустракае педагог-псіхолаг Нясвіжскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, разам з якім яны вучацца правільна выяўляць свае эмоцыі і спазнаваць эмоцыі іншых людзей.

Тыя, хто спыняецца на станцыі “Завулак Дарожны”, даведваюцца пра правілы дарожнага руху і навыкі бяспечных паводзін на дарозе. Для гэтага прадстаўнікі службы бяспекі прапаноўваюць дзецям згуляць у “ПДР-лато”, “Дарожнае даміно”, адгадаць загадкі пра дарожныя знакі і абысці “Дарожныя пасткі”.

На станцыі “Рыбакі і рыбкі” дзяцей сустракае прадстаўнік раённай структуры Таварыства ратавання на водах, які ў інтэрактыўным фармаце фарміруе ў іх асновы бяспечных паводзін на вадзе.

На станцыі “Юрыдычныя грані” разам са спецыялістам сацыяльна-педагагічнага цэнтра пасажыры цягніка разгадва­юць шарады, успамінаюць законы краіны, замацоўваюць веды пра правы і абавязкі дзіцяці.

Наталля Міхалькевіч, аўтар праекта, гаворыць:

— Маналог таго ж супрацоўніка МУС пра супрацьпраўныя дзеянні хоць і мае важныя мэты, але далёка не заўсёды запамінаецца дзецям. Эфектыўней інфармацыю, якую хоча данесці прадстаўнік гэтай ці іншых службаў і структур, зрабіць часткай квеста, віктарыны, інтэрактыўнай гульні ці конкурсу. Так дзецям будзе намнога цікавей, а агучаныя ісціны стануць для іх неаспрэчным правілам. Эфектыўнасць менавіта такой формы прафілактычнай работы з дзецьмі пацвярджае і статыстыка. Гэты праект, пастаянна пашыраючыся і ўдасканальваючыся, рэалізуецца ў нашым раёне ўжо шосты год, і столькі ж гадоў у нас імкліва змяншаецца коль­касць дзяцей, якія здзяйсняюць супрацьпраўныя ўчынкі і становяцца на рознага віду ўлікі.

Святлана НІКІФАРАВА