Па вопыт — да маларыцкіх калег

На базе Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці прайшоў абласны семінар для кіраўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны. Мерапрыемства ладзілася ў форме творчай справаздачы.

Адкрываючы семінар, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук адзначыў, што ў ПТНУ і ССНУ вобласці назапашаны цікавыя напрацоўкі па розных напрамках дзейнасці, вартыя шырокай папулярызацыі. Творчая справаздача — выдатная магчымасць азнаёміцца з эфектыўным вопытам калег.

Намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Эдуард Кандзярэшка засяродзіў увагу на падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для эканамічных патрэб рэгіёна. Дырэктар ліцэя Станіслаў Ляшчук расказаў пра гісторыю і сучаснае развіццё ўстановы, а таксама пра спецыяльнасці, па якіх у ёй вядзецца падрыхтоўка. У адукацыйным працэсе задзейнічаны 49 педагогаў. У ліцэі створаны клас па правілах дарожнага руху і зварачная лабараторыя на 12 рабочых месцаў. Вучэбна-вытворчая база ўключае 15 вучэбных аўтамабіляў, 12 трактароў, 2 зернеўборачныя і 1 кормаўборачны камбайны, амаль 30 адзінак іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Добры кадравы і матэрыяльна-тэхнічны патэнцыял дазваляюць паспяхова рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.

Ліцэй актыўна наладжвае міжнародныя сувязі. Так, дамовы аб супрацоўніцтве заключаны з таварыствам роўных магчымасцей з Ньірбатора (Венгрыя), спартыўным аб’яднаннем імя Етвыша з Дэбрэцэна (Венгрыя) і Старавыжэўскім прафесійным ліцэем Валынскай вобласці Украіны з мэтай развіцця адносін у сферы адукацыі, культуры, спорту і турызму.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай ліцэя і ўмовамі пражывання навучэнцаў, наведалі выставы сельскагаспадарчай тэхнікі, дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, метадычнай літаратуры, убачылі паказальныя выступленні тэхнікі і прадстаўнікоў Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Увазе гасцей былі прапанаваны фрагменты ўрокаў, праведзеныя выкладчыкамі агульнаадукацыйных прадметаў і майстрамі вытворчага навучання. Акрамя таго, удзельнікі семінара прадэгуставалі прадукцыю Маларыцкага кансерваваагароднінасушыльнага камбіната і пакаштавалі палявую кашу.

У рамках творчай справаздачы адбылося ўрачыстае адкрыццё селетняй прыёмнай кампаніі. Да абітурыентаў звярнуліся Аляксандр Жук і Станіслаў Ляшчук, якія расказалі пра перавагі рабочых спецыяльнасцей на сучасным рынку працы.

Сёлета ў ліцэй плануецца прыняць 150 чалавек, што на 15 больш, чым летась. На аснове агульнай базавай адукацыі ўстанова прапаноўвае набыць спецыяльнасці “Электразваршчык ручной зваркі 3 разраду”, “Вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С” і “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый А, В, D”; на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — “Электразваршчык ручной зваркі 3 разраду”, “Вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С”, “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 3 разраду” і “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі А”. Усе навучэнцы забяспечваюцца інтэрнатам.

Выпускнікі ліцэя не застаюцца без работы і паспяхова працаўладкоўваюцца ў Брэсце, Маларыцкім, Кобрынскім і Брэсцкім раёнах. Установа дае моладзі надзейны старт для самастойнага жыцця.

У першы дзень прыёмнай кампаніі дакументы падавалі не толькі жыхары Маларытчыны. Так, у ліку першых, хто пажадаў стаць навучэнцам ліцэя, быў Аляксандр Шаўчук з Кобрына. Дакументы ён прывёз разам з бацькамі, якія адзначылі, што сын сам выбраў гэтую ўстанову для набыцця будучай прафесіі.

У першы дзень прыёмнай кампаніі першыя 10 чалавек, якія падалі дакументы на залічэнне, атрымалі сувеніры.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *