Па-за часам і прасторай

- 12:38Краязнаўства

Калі задацца мэтай і сабраць хаця б за апошнія 300 гадоў пантэон з выбітных гістарычных асоб, якія мелі беларускія карані, то атрымаўся б уражлівы спіс імёнаў вядомых палітыкаў, навукоўцаў, дзеячаў адукацыі і культуры, выдатных палкаводцаў, проста вялікіх людзей, якія пакінулі яркі след у сусветнай гісторыі. У нас ёсць кім ганарыцца, ёсць пра каго памятаць і перадаваць гэтую памяць нашчадкам. Крыху больш за год назад, у жніўні 2017 года, Беларусь наведала прадстаўнічая інтэрнацыянальная дэлегацыя нашчадкаў нашага вялікага земляка Ігната Іпалітавіча Дамейкі. Госці з Чылі, ЗША і Аўстраліі пабывалі ў памятных месцах, звязаных з імем свайго продка. Наведалі госці ў тым ліку музей навукоўца ў сярэдняй школе Міра Карэліцкага раёна.

Было выказана нямала цёплых і шчырых слоў у адрас педагагічнага калектыву школы, экскурсаводаў музея за беражлівыя адносіны да памяці І.Дамейкі. Наведванне музея было часткай афіцыйных мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання 215-й гадавіны з дня нараджэння вучонага і правядзення міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў яго гонар, арганізаванай НАН Беларусі.

Здавалася б, што пасля ўрачыстасцей наступіць перапынак да чарговага юбілею, але ў кастрычніку ўжо гэтага года ў рамках прыватнага візіту нашчадкі нацыянальнага героя Чылі зноў наведалі беларускую зямлю. Пас Дамейка, прапраўнучка навукоўца, у гэтым годзе скончыла работу над кнігай аб І.Дамейку і зноў пабывала ў музеі школы. У паездцы яе суправаджала дачка Паўліна, унукі Нікалас і Джэймс.

Крыху пазней Пас прызналася, як яна была прыемна здзіўлена і расчулена экскурсіяй, якую правёў ужо новы склад юных экскурсаводаў музея, вучняў 6 класа. І калі Пас Дамейка ўжо неаднаразова бывала ў Беларусі, то для Паўліны і яе сыноў гэтая паездка стала сапраўдным адкрыццём. Яны даведаліся, што ёсць такая краіна — Беларусь, што ў гэтай зямлі іх карані, а Пас — ці то жартам, ці то сур’ёзна — сказала, што адчувае сябе беларускай, нягледзячы на тое, якая бездань у часе пралягае паміж ёй і малой радзімай прапрадзеда.

У прыватнай гутарцы Паўліна падзялілася пра ўбачанае ў Беларусі і свае ўражанні пра беларусаў. Вельмі часта гучалі словы захаплення ад таго, як беражліва мы ставімся да сваёй гістарычнай спадчыны, аб адкрытасці і шчырасці людзей, іх гасціннасці і добразычлівасці. Яе здзівіла гатоўнасць МЗС Беларусі і НАН Беларусі дапамагчы ў арганізацыі візіту, наведванні урачыстасцей, прысвечаных юбілею Адама Міцкевіча ў Навагрудку, суправаджэнні і стварэнні выдатных умоў знаходжання ў Беларусі.

Год назад Мігель Луіс Заўшкевіч-Дамейка падзяліўся сваёй марай — прыязджаючы сюды, размаўляць на беларускай мове, як Ігнат Дамейка, які захаваў у сваёй памяці і мову, і песні, і традыцыі роднай яму зямлі. У гэтым ён бачыць даніну памяці і асабістую адказнасць як захавальнік традыцый роду Дамейкаў, які выйшаў з Беларусі. Гэты пункт гледжання падзяляе і Нікалас Дамейка, які таксама цікавіцца беларускай мовай.

У экспазіцыі музея Дамейкі ў сярэдняй школе Міра захоўваецца копія фатаграфіі, на якой Ігнат Іпалітавіч адлюстраваны разам са сваімі сынамі, Гернанам і Казімірам, у год доўгачаканага прыезду ў Беларусь. Я прапанаваў гасцям прадубліраваць гэтае фота яшчэ раз, але ўжо праз 134 гады. І вось перад аб’ектывамі ўрачыста застыла Пас, яе ўнукі занялі месцы за спінай, сапраўды, як на копіі старога здымка, заляскалі замкі фотаапаратаў… Усю ўрачыстасць моманту ледзь не сарвала фраза Паўліны: “Госпадзе! Як жа мы ўсе падобныя!” У такія імгненні пачынаеш па-новаму асэнсоўваць сувязь роду і яго роднай зямлі.

Па маім перакананні, такая сувязь існуе па-за часам і прасторай. І менавіта яна зноў і зноў прыводзіць чалавека на малую радзіму сваіх продкаў, захоўваючы і ўмацоўваючы нітку, якая злучае пакаленні роду. І ў гэтым сэнсе не такім ужо выпадковым або містычным можа здацца цяперашні прыезд Пас Дамейка ў Беларусь — ёй цяпер прыкладна столькі ж, колькі было і яе прапрадзеду, калі пасля доўгага расстання ён зноў ступіў на родную зямлю. І для цяперашніх нашчадкаў роду не стала перашкодай адлегласць у больш чым 15 тысяч км паміж Канберэ і Мінскам і больш за 18 гадзін палёту.

І яшчэ адзін вельмі характэрны факт. У міжнародных адносінах існуе няпісанае, але абавязковае для ўсіх правіла. Дыпламат, прызначаны паслом у іншую дзяржаву, абавязаны ў першую чаргу наведаць месцы, знакавыя для яго краіны. 3 кастрычніка 2017 года, на другі дзень пасля афіцыйнай цырымоніі інаўгурацыі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Чылі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Радрыга Хасэ Ньета Матурана нанёс свой першы візіт у сярэднюю школу Міра ў музей Ігната Дамейкі, нацыянальнага героя Чылі. Прыклад больш чым годны і вельмі павучальны.

Валерый БРАНТ,
старшы захавальнік фондаў музея
сярэдняй школы Міра Карэліцкага раёна.