Па запытах настаўнікаў

- 12:41Адукацыйная прастора

Як арганізуецца ў сталіцы работа педагогаў у міжкурсавы перыяд? Якая метадычная дапамога патрэбна настаўніку? Пра гэта і не толькі мы пагаварылі з намеснікам начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Валянцінай Леанідаўнай Маеўскай. 

Павышэнне якасці адукацыі знахо­дзіцца ў прамой залежнасці ад прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў. І сёння патрабаванні да педагогаў не абмяжоўваюцца стажам работы і дыпломам аб адукацыі. Педагог павінен быць прафесіяналам сваёй справы, быць думаючым, здольным да аналізу, да творчай перапрацоўкі інфармацыі, прафесійна кампетэнтным. Дзякуючы ўпраўленню каардынацыі метадычнай работы МГІРА, вядзецца метадычнае суправаджэнне дзейнасці гарадскіх, раённых, міжраённых метадычных фарміраванняў, праводзіцца кансультаванне кіраўнікоў гэтых структур, каардынуецца работа ўсёй метадычнай сеткі Мінска ў перыяд паміж тэрмінамі павышэння кваліфікацыі.  

У апошні час сталіца вядзе актыўныя пошукі новых, нетрадыцыйных форм метадычнай работы. На думку В.Л.Маеўскай, самі па сабе, безадносна да зместу павышэння кваліфікацыі педагога, формы работы не могуць гарантаваць творчага падыходу. “Не павінна быць дзялення форм на новыя і старыя, сучасныя і несучасныя, бо кожная з іх адпавядае пэўнаму зместу. Любая традыцыйная форма можа быць актыўнай, калі яна правільна выкарыстоўваецца і рэалізуе інфармацыйную, арыентуючую і развіццёвую функцыі”, — лічыць Валянціна Леанідаўна. 

Для павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў сёлета з’явіліся зусім новыя формы арганізацыі метадычнай работы, такія як інтэрактыўная пляцоўка “Лесвіца поспеху” для настаўнікаў другой кваліфікацыйнай катэгорыі (стэйкхолдэрства) у Заводскім раёне, “Вучыцца самому, каб больш паспяхова вучыць іншых” у Цэнтральным раёне, метадычны мост “Дыялагічныя зносіны настаўнікаў-прадметнікаў: распрацоўка і стварэнне структурна-лагічных схем рэалізацыі зместу вучэбнага прадмета” на базе Партызанскага раёна. Новымі з’яўляюцца таксама метадычны дыялог “Інавацыйны інструментарый педагога ва ўмовах лічбавізацыі адукацыі” на базе Фрунзенскага раёна, інтэрактыўная пляцоўка “Шукаць, знайсці, прымяніць” у Маскоўскім раёне. 

Сёлета ў Мінску працуе 195 метадычных фарміраванняў для настаўнікаў-прадметнікаў на ўзроўні раёнаў, 47 — на ўзроўні горада.

Сёння выбар форм правядзення пасяджэнняў метадычных фарміраванняў стаў больш разнастайным і адлюстроўвае павышэнне метадычнай дасведчанасці як іх кіраўнікоў, так і саміх удзельнікаў. Найбольш запатрабаваны пасяджэнні ў форме дзелавой гульні, творчай дыскусіі, метадычнага дыялогу, семінара-практыкуму з выкарыстаннем кейс-тэхналогіі, круглага стала, майстар-класа, па­нэльнай дыскусіі і інш. У практыцы работы ўпраўлення — правядзенне пасяджэнняў па адзінай тэме або форме ці з выкарыстаннем ­адзінай тэхналогіі. Так, у адукацыйным працэсе шырока выкарыстоўваюцца кейс-стадзі, кросенс-тэхналогіі, попс-формулы і інш. 

— У кожным калектыве, як вядома, працуюць розныя педагогі: у адных вопыт большы, у іншых — меншы; хтосьці любіць усялякія навінкі і эксперыменты, а хтосьці, наадварот, да новага ставіцца насцярожана, баючыся нашко­дзіць дзіцяці, і прытрымліваецца ў рабоце класічных узораў. Гэта значыць, што формы прафесійных зносін і стварэння ўмоў для росту педагагічнага майстэрства бу­дуць рознымі. І тут упраўленне каардынацыі кіруецца прынцыпам: розным педагогам — розныя формы ўдасканалення майстэрства, — адзначае В.Л.Маеўская.

Гарадская метадычная сетка спрыяе арганізацыі метадычнай падтрымкі як маладым, пачынаючым педагогам, так і вопытным настаўнікам, якія ўжо ма­юць свой педагагічны почырк. Літаральна з першых крокаў у прафесію арганізуецца суправаджэнне маладых настаўнікаў, каб яны змаглі прымяніць атрыманыя веды на практыцы, прымаць самастойныя рашэнні, бачыць свае слабыя месцы і працаваць над імі, вучыцца і перавучвацца. Так, на ўзроўні горада ў гэтым навучальным годзе працуе 20 школ маладога настаўніка, 12 груп цьютарскага суправаджэння для педагогаў, якія займаюць пасаду другі год, 15 творчых майстэрняў для настаўнікаў, якія выклада­юць прадметы на павышаным узроўні. Усе гэтыя фарміраванні ўзначальваюць настаўнікі-метадысты, вопыт работы якіх адлюстраваны ў метадычным дапаможніку “Настаўнікі-метадысты сталіцы: тэорыя і практыка прафесійнага росту”, упершыню выдадзеным МГІРА.

Метадычная падтрымка кіраўнікоў устаноў адукацыі і іх намеснікаў арганізавана шляхам работы 25 розных фарміраванняў. У асобных раёнах горада для іх прафесійных зносін створаны клубы: “Імідж-клуб” у Цэнтральным раёне, “Дыялог” — у Першамайскім, “Дырэктар” — у Ленінскім, “Тры-Д” — у Партызанскім. На працягу апошніх гадоў метадычную падтрымку атрымліваюць і зноў прызначаныя намеснікі дырэктараў, што дазваляе пачынаючым кіраўнікам хутчэй адаптавацца на пасадзе, аператыўна вырашаць незнаёмыя дагэтуль пытанні па арганізацыі адукацыйнага працэсу. 

Супрацоўнікамі ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы вядзецца пошук новых форм метадычнага ўзаемадзеяння. Так, метадыстам Антанінай Сяргеевай была распрацавана мадэль метадычнага суправаджэння прафмайстэрства педагогаў у перыяд паміж павышэннем кваліфікацыі. Навізна і арыгінальнасць мадэлі заключаецца ў тым, што стымулюючымі фактарамі развіцця педагогаў з’яўляецца выбар нетрадыцыйных, інтэрактыўных метадаў і форм метадычнай работы, пераадоленне стэрэатыпаў і шаблонаў, нестандартныя падыходы да пабудовы метадычных мерапрыемстваў.

Узаемадзеянне ў фармаце дыялогавых пляцовак на сёння — самы сучасны, канструктыўны і аператыўны інструмент для вырашэння наспелых пытанняў.

Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца на базе Партызанскага раёна і разлічана на два гады. Падчас апрабацыі мадэлі прадугледжваецца стварэнне комплекснай дыферэнцыраванай сістэмы метадычнай работы з выбарам форм, зместу суправаджэння і выхадам на канчатковы прадукт у адпаведнасці з узроўнем прафесійных кампетэнцый педагогаў. Сёння ў межах праекта настаўнікі вышэйшай катэгорыі, настаўнікі-метадысты працуюць над падрыхтоўкай відэаўрокаў і інавацыйных адукацыйных праектаў. Для настаўнікаў другой катэгорыі, сярод якіх шмат маладых педагогаў, арганізавана флэш-настаўніцтва і правядзенне дуэтных вучэбных заняткаў.  

— Распрацаваная мадэль садзейнічае пабудове прадукцыйнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва паміж педагогамі ў межах рэалізацыі індывідуальнага прафесійнага росту, — заўважае Валянціна Леанідаўна. — Па выніках апрабацыі праекта плануецца распаўсюдзіць яго ідэі ў практыку работы ўсіх раёнаў сталіцы. 

Яшчэ адзін праект распрацаваны метадыстам упраўлення Ларысай Нікіценка сумесна з дырэктарам сярэдняй школы  № 225 Таццянай Качан. У аснове яго ля­жыць ідэя стварэння мадэлі поліпрадметнай інтэграцыі метадычнага суправаджэння педагогаў школы-новабудоўлі з дапамогай іх удзелу ў дыялогавых пляцоўках па напрамках дзейнасці. Укараненне такой мадэлі менавіта ў першы год дзейнасці ўстановы абумоўлена тым, што ў гэты перыяд фарміруецца педагагічны калектыў, выбудоўваецца сістэма метадычнай работы з педагогамі, вызначаюцца напрамкі іх прафесійнага росту.

Як бачым, гарадская метадычная сетка працуе ў стабільным фармаце, які штогод крыху мяняецца з улікам патрабаванняў часу. Дзякуючы ёй, створаны ўмовы для развіцця і ўдасканалення прафесійных кампетэнцый педагогаў, што дазваляе кожнаму настаўніку не стаяць на месцы, знаходзіцца ў пошуку, павышаць сваё майстэрства ў адпаведнасці з запытамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.