Па заслугах і гонар

Па выніках работы сістэмы адукацыі за 2014 год у намінацыі “За выніковую работу па забеспячэнні якаснага адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” граматы Міністэрства адукацыі атрымалі адразу дзве навучальныя ўстановы Магілёўскай вобласці — Дзяржаўны абласны ліцэй № 3 і Кадзінская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. І што адметна, гэтыя дзве навучальныя ўстановы другі год запар адзначаюцца Міністэрствам адукацыі па выніках работы за год.

Узяць вышыню

Свабода і самастойнасць меркаванняў, уменне ўзяць на сябе адказнасць і дасягнуць выдатных вынікаў — ці не гэта мара сённяшняй моладзі? І гэтаму вучыць Магілёўскі абласны ліцэй № 3.
У калектыву абласнога ліцэя № 3 шмат дасягненняў, дзякуючы якім колькасць жадаючых вучыцца ў гэтай установе не змяншаецца. З 2001 года ліцэй з’яўляецца пераможцам спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод агульнаадукацыйных ліцэяў Магілёўскай вобласці, у 2010 годзе ён занесены на абласную Дошку гонару, а па выніках цэнтралізаванага тэсціравання двух апошніх навучальных гадоў увайшоў у дзясятку лепшых навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі. Ліцэісты ганарацца сваёй установай, дзе пануе асаблівая атмасфера павагі да асобы, творчасці, адкрытасці, супрацоўніцтва, дзе яны могуць узяць сваю вышыню і стаць паспяховымі.
З першых дзён стварэння ліцэя яго калектыў узначальвае выдатнік адукацыі, уладальнік медаля “За працоўныя заслугі” Канстанцін Міхайлавіч Грыгаровіч. Канстанцін Міхайлавіч адзначае, што найважнейшым складнікам паспяховай работы ўстановы з’яўляецца высокі прафесіяналізм педагогаў, іх зацікаўленасць у выніку, жаданне захаваць лепшыя традыцыі ліцэйскай адукацыі. Сёння ў ліцэі працуюць 42 настаўнікі і выхавальнікі вышэйшай катэгорыі. Сярод іх 10 выдатнікаў адукацыі. У 2014 годзе настаўнік біялогіі Наталля Сяргееўна Колчына ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года” ў намінацыі “Невытворчая сфера”.
— Больш за 80 працэнтаў нашых педагогаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, яны адзначаны рознымі ўзнагародамі за выніковую работу. Каля 60 працэнтаў з іх — лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яны ператварылі сваю штодзённую карпатлівую працу ў працэс творчасці і стварэння, — адзначае К.М.Грыгаровіч.
Ліцэісты годна прадстаўляюць сябе, сваю ўстанову, вобласць і рэспубліку на алімпіядах рознага ўзроўню. 386 разоў яны ўзнагароджваліся дыпломамі рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і 862 разы — дыпломамі абласных алімпіяд. Дзякуючы 20 перамогам на міжнародных алімпіядах па хіміі, біялогіі, матэматыцы, фізіцы, геаграфіі, рускай мове, аб магілёўскім ліцэі № 3 ведаюць у многіх краінах свету. За актыўны ўдзел у алімпіядным руху ліцэісты 202 разы ўзнагароджваліся прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
У 1996 годзе ў ліцэі створана навуковае таварыства вучняў, члены якога займаюцца даследчай дзейнасцю. Работа навуковага таварыства ўдастоена прэміяй спецыяльнага фонду прэзідэнта, дзякуючы гэтаму ў ліцэі створаны інфармацыйны цэнтр. Даследчыя работы ліцэістаў адзначаны дыпломамі абласных рэспубліканскіх конкурсаў, Усерасійскага конкурсу імя Вярнадскага. Больш за 40 выпускнікоў ліцэя працягнулі сваё навучанне ў аспірантурах, з іх ужо 22 сталі кандыдатамі навук, многія працуюць выкладчыкамі ва ўніверсітэтах нашай краіны.
Безумоўна, вучоба — галоўная работа ліцэістаў. Работа, матываваная жаданнем паступіць у лепшыя ўстановы вышэйшай адукацыі рэспублікі, блізкага і далёкага замежжа. Штогод студэнтамі становяцца больш за 97 працэнтаў выпускнікоў ліцэя. З 2000 года ліцэісты 28 разоў паказвалі 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Пацвярджэннем паспяховай работы ліцэя з’яўляюцца не толькі перамогі яго выхаванцаў на алімпіядах і лепшыя вынікі на тэсціраванні. Ліцэй ганарыцца сваімі традыцыямі. У першую чаргу гэта традыцыі адносін, да якіх навічкі далучаюцца з першых дзён навучання ў ліцэі: узаемная ветлівасць, павага, дысцыплінаванасць; гордасць за прыналежнасць да свайго класа, кірунку, ліцэя; калектывізм, спаборнасць, творчасць.
Каляндар ліцэйскіх свят насычаны і разнастайны. На працягу года ладзіцца 18 традыцыйных мерапрыемстваў. Большасць з іх рыхтуецца і ладзіцца па тэхналогіі калектыўнай творчай справы. А гэта вучыць дзяцей працаваць у камандзе, развівае адказнасць.
Турысцка-краязнаўчая работа яшчэ адзін цікавы складнік ліцэйскага жыцця. У краязнаўчыя экспедыцыі навучэнцы адпраўляюцца ў першы месяц вучобы ў ліцэі. Разам з настаўнікамі гісторыі Веранікай Васільеўнай Нікалаенка, Таццянай Мікалаеўнай Казаковай ліцэісты аб’ездзілі многія раёны Беларусі, пабывалі ў Літве і Украіне. А яшчэ, дзякуючы настаўнікам гісторыі, навучэнцы заняліся складаннем уласных радаводаў і ствараюць летапіс “Вайна ў лёсе маёй сям’і”.

Згодна з сумленнем

“Наша школа заўсёды павінна выглядаць годна” — гэта для вучняў і педагогаў Кадзінскай школы амаль што правіла, якое яны імкнуцца няўхільна выконваць.
На рахунку калектыву Кадзінскай школы шмат перамог. Больш за 10 гадоў установа з’яўляецца лепшай у Магілёўскім раёне па многіх паказчыках. У 2010 годзе ўпершыню школа стала пераможцай абласных спаборніцтваў на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці.
Каб устанаўліваць такія паспяховыя рэкорды, трэба, па меркаванні дырэктара Кадзінскай сярэдняй школы Сяргея Барысавіча Батурына, працаваць не з-за страху, а сумленна, як гэта і робяць кадзінскія настаўнікі.
Сёння сеяннем разумнага, добрага, вечнага сярод юных кадзінцаў займаюццца 39 педагогаў. Многія з іх вопытныя спецыялісты, у школе працуюць з дня яе адкрыцця, а гэта ўжо 30 гадоў. 12 педагогаў — выхаванцы Кадзінскай сярэдняй школы. Менавіта яны разам са старажыламі школы з’яўляюцца захавальнікамі добрых школьных традыцый.
Галоўны прынцып работы педагагічнага калектыву Кадзінскай школы — задавальненне патрэб кожнага вучня з улікам яго індывідуальных магчымасцей, асаблівасцей, схільнасцей і інтарэсаў.
Педагогі школы актыўна ўдзельнічаюць у інавацыйнай дзейнасці, сваім вопытам дзеляцца на канферэнцыях, семінарах, удзельнічаюць у творчых і педагагічных конкурсах. Сярод апошніх перамог — другое месца намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі Эдуардаўны Тарасенка ў Рэспубліканскім завочным конкурсе сцэнарных распрацовак “З памяццю ў сэрцы”.
У Кадзінскай школе праводзілася апрабацыя розных праектаў: па фарміраванні мадэлі чытальніцкай культуры вучняў, па выхаванні будучага сем’яніна. Зараз калектыў уключыўся ў міжнародны праект “Сучасныя тэхналогіі ў інклюзіўнай адукацыі”. Яго прамоўтарам у школе з’яўляецца дыпламант рэспубліканскага этапу конкурсу педагагічнага майстэрства “Крыштальны журавель”, выдатнік адукацыі, настаўнік-метадыст Вольга Іванаўна Лугаўская.
Юныя кадзінцы — актыўныя ўдзельнікі алімпіяднага руху. Самыя паспяховыя педагогі ў падрыхтоўцы алімпіядных зорак — настаўніца абслуговай працы Алена Эдуардаўна Заблоцкая і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Віктараўна Ефрамкова. Іх вучні адзначаліся дыпломамі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Кожны трэці вучань Кадзінскай школы — спартсмен. Ва ўстанове працуе шмат секцый, якія могуць задаволіць запыты розных дзяцей. У распараджэнні школьнікаў — спартыўная зала, стадыён і хакейная каробка: усё ж любімыя віды спорту ў юных кадзінцаў — хакей і футбол. Любоў да фізічнай культуры дзецям прывівае выдатнік адукацыі Леанід Афанасьевіч Камароў. Ён працуе ў школе з дня яе адкрыцця. Кадзінская школа традыцыйна становіцца пераможцам круглагадовай раённай спартакіяды, а юныя спартсмены — пераможцамі і прызёрамі міжнародных, рэспубліканскіх і абласных спартыўных спаборніцтваў.
Выхаваўчая сістэма Кадзінскай сярэдняй школы прызнана адной з лепшых у раёне. А іх “школьная рэспубліка” Кімберліт вядомая на ўсю Магілёўшчыну. Трэба сказаць, што юныя кадзінцы — актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, конкурсаў, якія праводзяцца ў раёне, вобласці, рэспубліцы. Дзеці розныя: адзін — інтэлектуал, другі — мастак, трэці — лідар, чацвёрты — даследчык, пяты — артыст, і кожны жадае прадэманстраваць грамадскасці свае здольнасці. Так, у мінулым годзе вучні школы атрымалі другое месца ў Рэспубліканскім конкурсе лідараў дзіцячых і маладзёжных арганізацый “Лідар-2014” і два дыпломы ў Міжнародным конкурсе сачыненняў “Вера ў сэрцы маім”. Не так даўно ў школу прыйшла яшчэ адна прыемная навіна: удзельнікі Рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў “Мая сям’я — мой гонар” адзначаны дыплом ІІ ступені. У сваім праекце вучні апісвалі вопыт валанцёрскай дзейнасці. Справа ў тым, што кожны клас у кадзінскай школе — гэта валанцёрскі атрад, за якім замацаваны людзі, якім патрэбна дапамога, — ветэраны вайны і працы, адзінокія дзядулі і бабулі.
Калектыў Кадзінскай школы ўзаемадзейнічае з Магілёўскай епархіяй. Сумесна яны праводзяць розныя акцыі. Сярод іх — збор канцылярскіх тавараў, адзення для розных сацыяльных устаноў. Два разы ў год — на Каляды і Вялікдзень — дзеці робяць вялікія святочныя пастаноўкі. Жадаючых прыняць у іх удзел заўсёды шмат, але даводзіцца выбіраць, бо школьны аўтобус невялікай напаўняльнасці, разлічаны ўсяго толькі на 22 месцы. Стаць артыстам і прыняць удзел у валанцёрскіх святочных акцыях трэба заслужыць. Канцэртаў ладзіцца шмат: асобна для сваіх дашкалят, для вучняў суседніх школ, для жыхароў аграгарадка, ветэранаў вайны і працы, а яшчэ для асуджаных, якія знаходзяцца ў папраўчай установе ВК-15 Магілёва. Дзеці з трапяткім пачуццём ставяцца да сустрэч з асуджанымі. Яны вераць, што дзякуючы іх канцэртам гэтыя людзі зменяць свае погляды на жыццё.
Па выніках навучальнага года кожны вучань, які быў адзначаны дыпломам на самых розных конкурсах, спаборніцтвах, алімпіядах, атрымлівае прэмію ад падшэфнай гаспадаркі — ААТ “Фірма Кадзіна”. Так, у мінулым навучальным годзе прэміі атрымалі 90 вучняў. Усяго ў школе навучаюцца 350 дзяцей, таму можна сказаць, што кожны чацвёрты быў адзначаны.
— Захаваць высокі ўзровень якасці адукацыйнага працэсу, які мы маем, — гэта наша найпершая задача, — гаворыць дырэктар Кадзінскай сярэдняй школы Сяргей Барысавіч. — У Кадзіна няма Дома культуры, яго функцыю выконвае школа. Таму мы адкрыты для ўсіх. Імкнёмся зрабіць так, каб у школе было камфортна ўсім: настаўнікам, вучням, іх бацькам.

Святлана КІРСАНАВА.