Па заслугах і гонар

Для сталічных настаўнікаў прафесійнае свята пачалося яшчэ ў чацвер. 2 кастрычніка ў Малой зале Палаца Рэспублікі лепшым з іх былі ўручаны ўзнагароды.

— Мінскія настаўнікі — першыя і лепшыя ў многіх справах, — адзначыў у сваім вітальным слове да ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства намеснік міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды. — Яны актыўна займаюцца інавацыямі і самаадукацыяй.
Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” атрымала шмат сталічных педагогаў. У іх ліку настаўнікі, кіраўнікі. Сярод ўзнагароджаных дырэктар ЦКРНіР Партызанскага раёна Людміла Георгіеўна Дрозд. Людміла Георгіеўна асаблівую ўвагу ўдзяляе комплекснаму развіццю і рэабілітацыі дзяцей малодшага ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і псіхолага-педагагічнаму суправаджэнню сродкамі хроматэрапіі. Выдатнікамі адукацыі сталі і два начальнікі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацый Першамайскага раёна Алена Анатольеўна Асадчая і Фрунзенскага раёна Ірына Аляксандраўна Чарняўская. Пад кіраўніцтвам Алены Анатольеўны паспяхова выкананы план Рэспубліканскай праграмы па інфарматызацыі сістэмы адукацыі, узровень аснашчэння школ тэхнікай дасягнуў паказчыка 5 навучэнцаў на 1 камп’ютар пры зацверджаным стандарце 22 вучні. Сёння ў Фрунзенскім раёне дзейнічае 141 установа адукацыі, якія наведваюць звыш 66 тысяч вучняў, іх выхаваннем і адукацыяй займаецца больш за 5 тысяч педагогаў. Дзякуючы прафесійнаму кіраўніцтву Ірыны Аляксандраўны, Фрунзенскі раён займае лідзіруючыя пазіцыі ў горадзе.
Значная падзея для сістэмы сталічнай адукацыі: у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014” перамогу ў намінацыі “Замежная мова” заваявала настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 73 Наталля Дзмітрыеўна Грушко. Ад камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскага гарадскога камітэта прафсаюзаў Наталлі Дзмітрыеўне ўручаны падарункавы сертыфікат.
— Пачуццё гонару перапаўняе мяне, калі бачу, як ваша, шаноўныя настаўнікі, праца адзначаецца рознымі ўзнагародамі, — прызнаўся ў сваім слове старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык. — Я дакладна ведаю, што сталічныя педагогі — лепшыя ў сваёй прафесіі. І ўсё таму, што ў школе застаюцца толькі тыя, хто прыйшоў у адукацыю па закліку сэрца.
У чацвер многія сталічныя педагогі атрымалі ганаровыя граматы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, граматы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.