Па здароўе — у басейн

- 12:25Спартыўныя падзеі

Басейн — гэта комплексная спартыўная пабудова, якая ўключае вялікую і малую ванну, усю неабходную інфраструктуру. У сярэдняй школе № 34 Гродна басейн з’явіўся ў 2006 годзе. Сёння ён з’яўляецца месцам не толькі актыўнай спартыўнай работы з вучнямі, але і месцам адпачынку для жыхароў горада, працуе сем дзён у тыдзень. Папулярнасць плавання як віду спорту абумоўлена не толькі яго выключна высокім агульнаразвіццёвым, аздараўленчым і выхаваўчым эфектам, але і шырокай праграмай спаборніцтваў па плаванні.

Існуюць і ў нас свае традыцыі, звязаныя з правядзеннем спаборніцтваў па плаванні. Штогод напярэдадні калядных і навагодніх свят праходзіць тыдзень займальных адкрытых заняткаў для бацькоў, якія могуць убачыць і ацаніць першыя поспехі сваіх маленькіх плыўцоў, якія пачалі заняткі ў басейне толькі ў верасні. У лютым, напярэдадні свята абаронцаў Айчыны, праходзіць штогадовы турнір “Вясёлае маржаня” сярод навучэнцаў, якія займаюцца плаваннем у басейне нашай школы. Правядзенне турніру дапамагае нам у папулярызацыі аздараўленчага плавання сярод дзяцей школьнага ўзросту, павышэнні майстэрства юных плыўцоў, выяўленні перспектыўных спартсменаў, падвядзенні прамежкавых вынікаў працы ў групах.

Спаборніцтвы асабістыя. Да ўдзелу ў іх дапускаюцца толькі дзеці, якія займаюцца аздараўленчым плаваннем. Кожны ўдзельнік мае права выступаць у адным відзе праграмы (25 м вольным стылем, 25 м на спіне). Спаборніцтвы праводзяцца сярод хлопчыкаў і дзяўчынак у чатырох узроставых групах: першая група — 1—2 класы, другая — 3—4 класы, трэцяя — 5—6 класы, чацвёртая група — 7—8 класы. На турніры спрабуюць свае сілы і самыя маленькія плыўцы, якія вучацца першы год. Яны плывуць яшчэ без уліку часу, тут важны вынік: праплыць запаветныя 25 м у вялікай ванне басейна.

Штогод у сакавіку праводзім турнір па плаванні “Плыві сям’ёй”. Спаборніцтвы сярод сямейных каманд (тата (дзядуля), мама (бабуля) і дзіця) праводзяцца ў чатырох узроставых групах (61—70 гадоў, 71—80 гадоў, 81—90 гадоў, 91 год і старэйшыя). Фарміраванне ўзроставых груп ажыццяўляецца шляхам падсумоўвання ўзросту ўдзельнікаў каманды. Сярод сямейных каманд ва ўсіх узроставых групах праводзяцца спаборніцтвы па эстафетным плаванні — 3 этапы па 25 м вольным стылем. Старт для ўсіх удзель-нікаў турніру дазваляецца выконваць з вады. У эстафетным плаванні каманда-пераможца вызначаецца па лепшым выніку ў кожнай з чатырох узроставых груп.

Найбольшую радасць адчуваем ад аздараўленчага эфекту плавання. Аналіз за 2015—2017 гады паказаў, што за гэты час здароўе дзяцей палепшылася. Вось дынаміка паказчыкаў дыспансерызацыі вучняў па некаторых захворваннях: скаліёз — 2,9, 2,8, 2,6 адпаведна ў 2015, 2016 і 2017 гадах; захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы — 4,3, 4,1, 3,6; захворванні органаў стрававання — 3,3, 2,2, 1,9; захворванні цэнтральнай нервовай сістэмы — 2,0, 1,7, 1,7.

Актыўная работа штогод прыносіць вынікі ў выглядзе прызавых месцаў у раённых, гарадскіх і абласных спаборніцтвах. У 2017 годзе каманда сярэдняй школы № 34 Гродна ў абласным этапе спаборніцтваў “Фестываль плавання “Залатая рыбка” на прызы Аляксандры Герасімені паднялася на “бронзавую” прыступку. У 2018 годзе паказала трэці вынік у раённым этапе гэтага першынства. Вось ужо два гады запар наша школа займае 2-е месца ў першынстве Гродна па плаванні сярод навучэнцаў у праграме гарадской спартакіяды школьнікаў.

Займаючыся плаваннем са школьных гадоў, дзіця расце здаровым, моцным і спрытным. Задача школы — дапамагчы яму ў гэтым.

Наталля МАМЕДАВА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 34 Гродна.