Па здароўе — у дзіцячы сад!

“Штодня неабходна настройваць калектыў, якім ты кіруеш, на зладжаную эфектыўную работу”, — лічыць загадчык санаторнага ясляў-сада № 375 Мінска выдатнік адукацыі Анжэла Васільеўна Барысенка.

У гэтым ёй дапамагаюць прафесійная кемлівасць, пачуццё справядлівасці, веданне асноў псіхалогіі, тактоўнасць і разумная патрабавальнасць. На працягу дня Анжэла Васільеўна заўсёды цікавіцца ў педагогаў і дзяцей, як ідуць іх cправы, які ў іх сёння настрой. Усіх выхаванцаў яна ведае па імёнах. Маленькія дзеці, як барометры, адчуваюць цёплыя адносіны і шчырую любоў да сябе і цягнуцца да кіраўніка.

А самыя цікаўныя малышы імкнуцца зазірнуць у кабінет загадчыка, каб павітацца, абняць Анжэлу Васільеўну, падзяліцца з ёй добрым настроем.

Фота да матэрыяла: Па здароўе — у дзіцячы сад!Карэнная мінчанка Анжэла Васільеўна Барысенка да 9 класа вучылася ў сталіцы. Але школу заканчвала ў іншай краіне (пры пасольстве). Калі яе тату накіравалі працаваць у Сацыялістычную Рэспубліку В’етнам, то з ім, зразумела, адправілася і ўся сям’я. У В’етнаме дзяўчынка атрымала першы педагагічны вопыт: паспрабавала сябе ў ролі піянерважатай у навучэнцаў малодшых класаў. У канцы 80-х гадоў сям’я Барысенка вярнулася ў Мінск. Анжэла скончыла педвучылішча № 1 па спецыяльнасці “Выхавальнік дзіцячага сада”, затым — факультэт дэфекталогіі Мінскага педагагічнага інстытута. У 1994 годзе Анжэла Васільеўна ўладкавалася настаўнікам-дэфектолагам у дзіцячы сад № 19 Мінска, які наведвалі дзеці з парушэннямі зроку. Затым у гэтай жа ўстанове працавала выхавальнікам-метадыстам. У 2004 годзе ўзначаліла яслі-сад № 302 Мінска, а праз год стала загадчыцай сталічнага ясляў-сада № 375.

“У той час 375-ы сад быў звычайнай дашкольнай установай, не меў статусу санаторнага, — сказала Анжэла Васільеўна. — Паколькі яго наведвала шмат дзяцей з аслабленым здароўем, якія часта хварэлі, адпаведна, усе супрацоўнікі прыкладалі шмат намаганняў, каб аздаравіць выхаванцаў. У 2009 годзе ўстанова атрымала статус санаторнага дзіцячага сада. У аздараўленні дзяцей пачалі прымаць удзел урач-педыятр, медсястра фізіяпрацэдур, медсястра па масажы, інструктар ЛФК, дыет-сястра. Сёння ў іх распараджэнні ёсць усё неабходнае абсталяванне: турманіевы мат, лямпы “Біяптрон” і “Кварц”, стацыянарныя інгалятары, устаноўка для прыгатавання кіслародных кактэйляў. Нашы выхаванцы, напрыклад, прымаюць жамчужныя ванны, якія добра супакойваюць нервовую сістэму, пузырковыя ванны для ножак. З дазволу бацькоў ужываюць фітачаі. Кожнаму дзіцяці 2 разы ў год праводзіцца курс прафілактычнага масажу. Выхаванцы з алергіяй атрымліваюць дыетычнае харчаванне. Штогод ва ўстанове адзначаецца станоўчая дынаміка па зніжэнні захваральнасці дзяцей, некаторыя з іх павышаюць сваю групу здароўя. Ва ўстанове таксама дзейнічаюць 11 груп, з іх 2 групы — для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення”.

Анжэла Васільеўна падкрэсліла, што дэфекталагічная адукацыя, якую яна атрымала ў інстытуце, яе вопыт работы з дзецьмі з парушэннямі зроку, стажыроўкі ў Германіі і Польшчы па пытаннях інклюзіўнай адукацыі заўсёды дапамагалі ёй у рабоце.

Неаднаразова санаторны яслі-сад № 375 трапляў на Дошку гонару Савецкага раёна Мінска (2010, 2012, 2015, 2017 гады). На базе ўстановы праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі, яе калектыў дзеліцца вопытам работы не толькі з калегамі з нашай, але і замежных краін, прымаў гасцей з Літвы, дэлегацыі з Галандыі, Германіі, Расіі. Сад актыўна ўдзельнічаў у міжнароднай акцыі прафесійнага ўзаемадзеяння педагогаў Мінска і Масквы. У 2011 і 2015 гадах прымаў удзел у Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая дашкольная ўстанова года”. Установа неаднойчы атрымлівала граматы за актыўны ўдзел у гарадскім аглядзе-конкурсе “Формула сада” (заняла 2-е месца), узнагароджвалася ў рамках гарадскога конкурсу “Стварэнне ўмоў па аздараўленні і фарміраванні патрэбы ў здаровым ладзе жыцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. Дарэчы, спецыялісты ясляў-сада № 375 упершыню ў Мінску ў 2005 годзе пачалі практыкаваць хроматэрапію (лячэнне колерам і святлом). У 2006 годзе намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Юлія Паўлаўна Радабольская атрымала прэмію Мінгарвыканкама за вопыт па выкарыстанні метадаў хроматэрапіі. На высокім узроўні ва ўстанове і псіхалагічная служба. Педагог-псіхолаг Ірына Рышардаўна Нарановіч — сертыфікаваны спецыяліст у сферы сямейнай тэрапіі, кансультавання, арт-тэрапіі, казкатэрапіі, цялесна арыентаванай і пясочнай тэрапіі. У 2017 годзе яна атрымала прэмію Мінгарвыканкама за абагульненне вопыту работы па выкарыстанні інтэгратыўнай арт-тэрапіі. Педагог з’яўляецца аўтарам адпаведнай карэкцыйна-развіццёвай праграмы. Адзначым і дасягненні музычнага кіраўніка Алы Нічыпараўны Валошынай, стаж работы якой у сістэме дашкольнай адукацыі — больш за 50 гадоў, па развіцці творчых здольнасцей у выхаванцаў, прывіцці любові да мастацтва дзецям і іх бацькам. Вялікі ўклад ва ўмацаванне здароўя дзяцей уносіць кіраўнік фізвыхавання Алена Васільеўна Майсеева, якая імкнецца прывіваць малышам любоў да спорту і руху на ўсё жыццё.

Выхаванцы санаторнага ясляў-сада № 375 наведваюць гурткі бісерапляцення, канструявання, што спрыяе развіццю дробнай маторыкі, дадатковыя заняткі па харэаграфіі, мастацкай гімнастыцы, а таксама заняткі інтэлектуальна-пазнавальнага кірунку. У 2007 годзе ўпершыню ў Савецкім раёне Мінска ў яслях-садзе № 375 была адкрыта маміна школа для малышоў ад 1 да 2 гадоў, якую яны наведваюць разам з мамамі. Ва ўстанове працуе адаптацыйная група для дзяцей з 2 гадоў.

Анжэла Васільеўна лічыць, што кіраўнік і педагог павінны ўмець адказваць на любыя пытанні бацькоў, супакойваць іх пры неабходнасці. Тады ўзнікне поўны давер, бацькі будуць упэўнены, што для іх дзяцей ва ўстанове ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы. “Мая парада бацькам: па магчымасці аддавайце дзяцей у сад у 2—2,5 года, таму што пасля 3 гадоў у іх цяжэй праходзіць адаптацыя да калектыву, ім вельмі цяжка адарвацца ад мамы, — гаворыць Анжэла Васільеўна. — І педагогу значна прасцей авалодаць увагай двухгадовага дзіцяці, чым трохгадовага. А калі малыш трапіць да нашага педагога-псіхолага, дзе яго акружыць маляўнічае асяроддзе — люстраны шар пад столлю, каляровыя лямпачкі, якія мігцяць у цемры, і шмат іншых прыгожых рэчаў, што прыводзяць у захапленне, дзіця проста не пажадае пакінуць гэты чароўны пакой.

На мой погляд, важная выхаваўчая роля бацькоў у тым, каб яны як мага больш увагі ўдзялялі сваім малышам, шмат часу праводзілі з імі. З моманту нараджэння дзіцяці трэба шмат размаўляць з ім, агучваць свае дзеянні. Практыка паказвае, што малышы, якім удзялялі шмат увагі, хутчэй пачынаюць размаўляць самі. І кожную раніцу па дарозе ў сад, паважаныя бацькі, расказвайце свайму дзіцяці цікавыя гісторыі, чытайце кароткія вершы, звяртайце ўвагу на ўсё, што адбываецца навокал, гаварыце пра надвор’е і хараство прыроды, разам з малышом разглядайце пажоўклы лісцік, кропелькі расы на траве, воблачка, якое падобна на сланяня. Не маўчыце — і станоўчы вынік будзе!”

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.