Па здароўе — у трэнажорную залу

Гімназія № 1 Навагрудка стала адным з партнёраў мясцовай ініцыятывы “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”. І ў выніку ў лістападзе мінулага года ў нас адкрыўся новы спартыўны аб’ект — трэнажорная зала, якой карыстаюцца вучні і педагогі, а таксама жыхары мікрараёна.

Мясцовая ініцыятыва “Здаровая сям’я — здаровая нацыя” рэалізоўваецца Навагрудскай раённай арганізацыяй ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН. Партнёрамі ініцыятывы выступілі гімназія № 1 г. Навагрудка, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і рэдакцыя праграмы “Навагрудскія навіны”.

З дапамогай валанцёраў было адрамантавана памяшканне для трэнажорнай залы. Тут устаноўлены 7 спартыўных трэнажораў: бегавая дарожка, два велатрэнажоры, сілавая станцыя, стойка з падстаўкай для жыму і прысядання, лаўка для прэса, сілавая лаўка, закуплены дадатковы спартыўны інвентар.

У рамках ініцыятывы быў праведзены навучальны трэнінг “Правілы правядзення заняткаў з наведвальнікамі трэнажорных залаў” для інструктараў па фітнесе. Інфармацыю аб рабоце новага спартыўнага аб’екта распаўсюдзілі сярод жыхароў мікрараёнаў Паўднёвы Захад і Паўднёвы Захад-2 г. Навагрудка.

Акцыя “Здаровы я — здаровая сям’я” мае на мэце папулярызацыю здаровага ладу жыцця і захаванне здароўя ўсіх жыхароў горада, прыцягненне ўвагі навагрудчан да праблем фарміравання здаровага ладу жыцця. Акцыя праходзіла ў атмасферы свята, з вялікай рэкламнай падтрымкай, што дазволіла прыцягнуць шмат удзельнікаў. А яны стварылі імправізаваны стэнд водгукаў і выказалі актыўную падтрымку здаровага ладу жыцця.

Трэнажорная зала працуе ўсе дні з 16.00 да 21.00, акрамя нядзелі. Штодня яе наведваюць да 25 чалавек. Правільна арганізаваны трэніровачны працэс робіць спартыўны аб’ект цікавым для мясцовага насельніцтва.

Алена ПАЛАМАРЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Навагрудка.