Па землях Храптовіча

- 12:20Краязнаўства

Навагрудчына — край блакітных азёр, які вабіць хараством сваёй прыроды, край таленавітых людзей, багатай гісторыі і культурных традыцый. Захаванне, адраджэнне і развіццё нацыянальнай спадчыны, культуры і мастацтва Бацькаўшчыны — вось галоўныя задачы для нас, педагогаў і вучняў Нягневіцкай сярэдняй школы.

На летніх канікулах вучні 9 класа, працуючы над праектам “Шчарсоўскія краявіды”, вырашылі адправіцца ў велапаход, наведаць суседнія мясціны — вёску Шчорсы, дзе некалі жыў граф Іаахім Храптовіч. Кожны хацеў пазнаёміцца з гісторыяй роду Храптовіча, яго радавога памесця ў Шчорсах, паглыбіць веды пра гісторыю малой радзімы. На працягу турыстычнага маршруту “Па землях Храптовіча” вучні з вялікім задавальненнем наведалі былыя гаспадарчыя пабудовы ў вёсцы Шчорсы, убачылі фрагменты палаца Храптовіча XVII—ХІХ стагоддзяў, даведаліся шмат цікавага пра палацава-паркавы ансамбль, бібліятэку Храптовіча, наведаўшы школьны музей.

Цікава, што бібліятэка Храптовіча на той час налічвала 10 тысяч кніг, рэдкіх старажытных манускрыптаў і геаграфічных карт. У розныя часы ў яе архівах працавалі паэты Ян Чачот, Уладзімір Сыракомля, астраном Міхаіл Пачабут. Прывабілі юных турыстаў і рыбакоў азёры, якія некалі выкапаў Храптовіч. І сёння ў іх водзіцца рыба. Ёсць на шчарсоўскай зямлі і крынічка Радзівіла, якая лічыцца святой: вылечвае розныя захворванні. Сотні людзей бываюць тут, вязуць святую ваду ў розныя куткі Беларусі, акрапляюць твар.

Знакаміты пецярбургскі акадэмік Дзмітрый Ліхачоў пісаў, што, калі сядзіба знішчана, гэта месца ўсё роўна гістарычнае, там нават паветра асаблівае. І гэта сапраўды так. Вельмі б хацелася, каб мы і нашы нашчадкі ведалі гісторыю палацава-паркавага ансамбля, збераглі, добраўпарадкавалі яго і пры гэтым захавалі дух даўніны.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Фота аўтара